Моўны партрэт краіны
Кнігі, напісаныя з любоўю, заўсёды з’яўляюцца ў канкрэтных абставінах і ў патрэбны час.
Мы маем не так шмат выданняў пра беларускую мову, створаных своечасова, сцісла, даступна, займальна і прафесійна. Найперш, відаць, можна прыгадаць “Роднае слова” Фёдара Янкоўскага (1972) і “Нашу родную мову” Аляксандра Крывіцкага (1973). Новая кніга Вадзіма Шклярыка істотна адрозніваецца ад іх. Найперш сваёй сучаснасцю, дынамічнасцю, адсутнасцю дыдактызму і ўнутранай аўтарскай свабодай. Яна напісана так, каб звярнуць увагу, зацікавіць, зачапіць, пакінуць у памяці чытача не сотні розных слоў і формаў, а асобныя – зробленыя суб’ектыўна – насечкі-факты, відавочна, найбольш любімыя і клапатліва выбраныя. У выніку атрымалася выданне, адметнае ва ўсіх сэнсах: невялікае па аб’ёме (усяго 17 старонак тэксту), але заўважна пашыранага фармату; несістэмнае з акадэмічнага гледзішча, але напісанае супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа; адрасаванае неспецыялістам, але карыснае і для філолагаў.
У кнізе тры невялікія раздзелы. У першым аўтар піша пра тое, штó адрознівае беларускую мову ад іншых усходнеславянскіх моў: зацвярдзелы гук р, які, як вядома, у рускай і ўкраінскай мовах можа быць не толькі цвёрдым, але і мяккім; дзеканне і цеканне; несупадзенні на ўзроўні граматычных формаў асобных слоў (бел. дзвéры – рус. дверь; бел. клóпат – рус. хлóпоты і інш.). Асобная ўвага звяртаецца на размежаванне ў беларускай мове лічэбнікаў два / дзве ва ўскосных склонах, наяўнасць адметных займеннікаў ён, яна, яно, яны, а таксама на спецыфічныя сінтаксічныя канструкцыі ажаніцца з, дзякаваць каму, захварэць на, смяяцца з каго і інш.
Для падмацавання тэарэтычных выкладак В. Шклярык удала выкарыстоўвае прыём аналогіі. Напрыклад, адзначае, што зацвярдзенне гука р фіксуецца пісьмовымі помнікамі ўжо з канца XIV ст., але гэта сведчыць не пра нядаўняе яго з’яўленне, а пра адносна працяглае існаванне і звыклы характар. Прычым аўтар параўноўвае фіксацыю моўных з’яў з адлюстраваннем першых летапісных згадак пра беларускія гарады: вядомыя сёння даты нельга лічыць гадамі заснавання населеных пунктаў, бо на той момант гэта былі ўжо паўнавартасныя і буйныя паселішчы.
Карысная фонавая інфармацыя ўключаецца ў тэкст вельмі шчодра. Так, прыводзяцца звесткі пра тое, што беларускія татары, якія сяліліся на тэрыторыі нашай краіны з XIV ст., добра адчувалі адметнасць мясцовага маўлення з дзеканнем і цеканнем, таму ў кітабах, хамаілах, тафсірах для перадачы адпаведных гукаў нават былі ўведзены адмысловыя сімвалы.
Змест раздзела пацвярджае – кніга разлічана не толькі на аматараў, дыпламаваныя спецыялісты таксама змогуць знайсці ў ёй карысныя і невідавочныя звесткі. Напрыклад, пра тое, што ў нашай мове сустракаецца нямала слоў з нявысветленым паходжаннем. У беларускіх нарматыўных слоўніках адзначаюцца дыялектныя словы гáматны ‘залішне прасторны, вялікі’ або калакалýша ‘чаромха’ ці ўсім вядомыя лексічныя адзінкі карóмысел і скíвіца, паходжанне якіх цьмянае.
У другім раздзеле аўтар даводзіць, што своеасаблівасць беларускай мовы забяспечваецца найперш яе дыялектнай асновай, прычым адзначае, што моўнымі стандартамі былі прызнаны ў тым ліку і з’явы, не пашыраныя на ўсёй тэрыторыі краіны (поўнае аканне: гарá, малакó, нéба, цанá; яканне: зямля ́, але сенажáць, вóзера). Звяртаецца ўвага на гістарычную канкурэнцыю формаў творнага (сцянóй / сцянóю, маладóй / маладóю) і давальнага (дубóм / дубáм, лугóм / лугáм) склонаў: «У “Беларускай граматыцы для школ” Браніслава Тарашкевіча… былі замацаваны менавіта варыянты з канчаткамі –ом і –ох, бо ў тыя часы яны часта сустракаліся ў друку… Аднак у сучасных граматыках перавага аддадзена варыянтам на –ам і –ах, што мае падтрымку і на дыялектным узроўні…»
Гэты раздзел важны не толькі для дыялекталогіі, але і для тэорыі лексікаграфіі: у ім сцвярджаецца ідэя “слоўнікавага максімалізму”, які заключаецца ў тым, каб пры ўкладанні слоўніка не выбіраць адну адзінку з шэрага іншых (валóшка / васілёк, шашóк / тхор, веласіпéд / рóвар, асéнні / вóсеньскі), “кананізуючы” яе, а ўключаць у рэестр увесь шэраг – са спадзяваннем на тое, што з цягам часу грамадства або спыніцца на нейкай адной форме, або ўсе сінанімічныя словы атрымаюць літаратурны статус.
Трэці раздзел прысвечаны фанетычным, граматычным і лексічным рысам беларускіх гаворак. Прычым матэрыял падаецца па-мастацку прыгожа і па-майстэрску займальна – без пералічэння па пунктах, да якога так прывыклі аўтары ўніверсітэцкіх падручнікаў, і без выкарыстання вузкаспецыяльных тэрмінаў: “Яскравай адзнакай таго, што вы знаходзіцеся на поўдні Беларусі, з’яўляецца оканне, гэта значыць вымаўленне спрадвечнага о там, дзе ў іншых мясцовасцях краіны на яго месцы чуваць а або ы… водá, гóрод і г. д.”.
Кнігу “Як гавораць беларусы” трэба чытаць са смартфонам у руцэ. Яна змяшчае шматлікія qr-коды, якія адсылаюць чытача да аўтарытэтных лінгвагеаграфічных крыніц. Такое арыгінальнае аўтарскае рашэнне дазваляе чытачу атрымаць доступ да больш чым 40 картаў “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы” (1963) і “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак” (1993–1998). Такім жа чынам у тэкст фактычна ўводзяцца і вершы “Касцом”, “Люлі, люлі, мужычок” Янкі Купалы, “Покліч” Якуба Коласа, “Пад’язджаючы да Мінска” П. Панчанкі, “Ветразь” С. Грахоўскага.
Прыемная неспадзяванка – цудоўны навукова-папулярны фільм “Гаворкі Беларусі”, які таксама даступны пры пераходзе па спасылцы, размешчанай на апошняй старонцы.
Кніга густоўна аздоблена Надзеяй Леановіч і змяшчае 15 выяў вядомых архітэктурных збудаванняў з розных куткоў Беларусі: гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў, мінскай, магілёўскай і чачэрскай гарадскіх ратуш, Пакроўскага сабора ў Віцебску, гродзенскага і навагрудскага фарных касцёлаў, Слуцкай брамы ў Нясвіжы, Сафійскага сабора ў Полацку, сядзіб Іваноўскіх у Галавічполі, Плятэраў у Заполлі і купчыхі П.-Б. Кацнельсон у Бабруйску, палаца Булгакаў у Жылічах, камайскага касцёла Святога Яна Хрысціцеля, сынкавіцкай царквы Святога Міхаіла Архангела…
Ёсць надзея, што разгледжанае выданне стане першым у шэрагу падобных, паколькі ў сучасным грамадстве востра адчуваецца недахоп нацыянальна арыентаванай інтэлектуальнай літаратуры, у тым ліку і ў фармаце нон-фікшн. Увесь надрукаваны наклад працы В. Шклярыка разышоўся на працягу трох месяцаў, і яна рызыкуе стаць бібліяграфічнай рэдкасцю, таму ёсць падставы спадзявацца, што прыйшоў час менавіта для такіх кніг.
Дзмітрый Дзятко, доктар філалагічных навук. Часопіс “Роднае слова”, № 8 за 2024 год
Думаю, кожны ахвотны да роднага слова спрабаваў аднойчы адказаць на пытанне “Чым нашая мова адрознівацца ад суседніх?” Нехта мо нават патрапляў укласці нейкі спіс. Але ёсць адно “але”.
З уласнага досведу ведаю, што, даўшы нырца ў бясконцы абшар нашае мовы, можна ў ім і згубіцца. Гэта наша вялікая праблема: мовазнаўства мае шмат цікавага расказаць, але найчасцей гэта ўсё застаецца ў навуковым рэчышчы.
Дык тады маем болей прычын сустракаць новую навукова-папулярную кніжку!
Сёлета выйшла з друку кніга Вадзіма Шклярыка “Як гавораць беларусы”. Вы, дарэчы, мо спадара Шклярыка і ведаеце праз праект “Як гаворыць краіна”, які можна паглядзець у Youtube. Але цяпер цэлая кніга! Пра што яна і чым яна вартая?
На тэму дыялектаў і яе сувязяў з літаратурнай мовай увогуле пісалася мала навукова-папулярнага. Прынамсі я ведаю 2 кнігі:
– А. Крывіцкі “Наша родная мова” 60-х гадоў.
– Ф. Янкоўскі “Роднае слова” 70-х гадоў.
Нешта мала! Але ж тэма важная! Гэта ў расійскай мове, напрыклад, дыялекты існуюць нібы ўзбочкі ад літаратурнай мовы, а ў нас дыялекты – гэта база!
У кнізе спадара Шклярыка акурат пра гэта. Тут шмат спасылак на дыялекталагічны атлас беларускай мовы! А значыць вы зможаце паглядзець, як кажуць у вас: “ідзіце” ці “ідзеце”, “у лясох” ці “ў лясах”, “ровар” ці “веласіпед” і шмат яшчэ чаго! Таму гэтая кніжачка дапаможа вам пачаць арыентавацца ў крыніцах, цікавінках і фактах!
І гэта ўсё падаецца і тлумачыцца вельмі проста, а таму вы зможаце яе прачытаць нават пры нулявых ведах, што, на маю думку, найгалоўнейшы плюс.
Таксама скажу шчыра: для мяне кніга маленькая, бо я хацеў бы чытаць і чытаць! Аднак я разумею, што гэтага б хацелася мне, а вось чалавеку, які толькі паглыбляецца ў свет беларускай мовы, кніжка будзе вельмі добрай!
А чаму я надумаў зрабіць такую рубрыку? Усё проста: попыт стварае прапанову. Калі такіх кніг будуць купляць больш, то іх і выходзіць будзе болей. А такія кнігі вартыя выхаду ў свет!

Замовіць кнігу можна тут: https://knihi.by/sklaryk-vadzim-jak-havorac-bielarusy