Нарэшце я дабраўся напісаць, што атрымаў у падарунак выдатную дзіцячую кніжку ад Міхася Зізюка. Без перабольшвання – кніжка суперская. Па-першае, прыцягвае ўвагу мастацкае афармленне і паліграфія. Як высветлілася, “Барк” выкарыстоўвалі нейрасеткі, і на мой погляд, правільна зрабілі. Дзіцячая кніга мусіць быць з малюнкамі, гэта адно, а другое – малюнкі павінны выклікаць цеплыню і добрыя пачуцці. Няхай сабе хто і ўпікне, маўляў, “лубачныя карцінкі”, але ж, сябры, часам той “постмадэрнізм” ад прафесійных мастакоў, які лезе з дзіцячых кніжак, выціскае кроў з вачэй у многіх далёкіх ад мастацтва дарослых, не толькі дзяцей. (Кажу гэта не пра ўсе кніжкі, толькі пра асобныя, і не толькі беларускія). Лічу, што выкарыстанне нейрасеткі ў мастацкім афармленні зрабіла кнігу проста выдатнай, прыгожай, прыемнай, каб узяць у рукі. Знешні выгляд прыцягальны для чытача і галоўнае – вабны для пакупніка, кнігу не сорамна паставіць на паліцу кнігарні.
Па-другое, важны змест. Усё думаў, хто такія “камінары”? Даю падказку, гэта не “камунары”. Гэта людзі, якія чысцяць коміны, сталыя людзі ведаюць, што даўней была такая прафесія.
Хлопчык Ігнасік і сабака Ардзі выпраўляюцца ў паход да горада Трох Вежаў – вызваляць родных хлопчыка, і сустракаюць на шляху самы размаіты казачны народ: зайчанят, месяцовага хлопчыка, Пясочнага чалавека, велікана, іншых, ды перажываюць шмат прыгод і здарэнняў. Выбачаюся за спойлеры, але дзеці наш фбук не чытаюць, а дарослым варта ведаць пра што твор.
Горад Трох Вежаў – назва сапраўды казачная, нават фэнтэзійная. Горад Сонечнага Ветру – таксама ўразіла. Той самы выпадак, калі ў кантэкце твора назва – адразу ўсё.
Наогул, пісаць кніжкі для дзяцей – асаблівы дар. Часам мне здавалася, што аўтар вось-вось саб’ецца на “дарослую” прозу, але гэтага не здарылася. Як па мне – сур’ёзная і шчырая дзіцячая казка, з класічнай перамогай дабра, што і павінна быць не толькі ў казцы, але і ў “дарослай” літаратуры, бо адваротнага хапае ўдосталь і ў рэальным жыцці. Падобных жа кніг менавіта для дзетак часам мо і не хапае, бо ў дзіцячых бібліятэках, калі бываю там, часам рэжуць вочы заходнія і расійскія жахалкі пра вампіраў, нячыстую сілу, нейкі акультызм і адпаведнае (ці мо гэта мне толькі такое трапляецца ўбачыць?)
Карацей, віншую Міхася Зізюка з цудоўнай кнігай! Наогул, “Шчасце маленькага камінара” варта паставіць на паліцу разам з Чыпаліна, “Старыком Хатабычам” і Карлсанам. Без перабольшвання, класіка – рэч неўміручая.