Пра кніжку “Шоргат жукоў” Змітра Вішнёва, якая выцягнулася сама сабою пасярод студню з паліцы ў “Кніжкай шафе”
Гэта невялічкая кніжка патрапіла да мяне падчас цяжкага экзістэнцыяльнага сумневу. Сумнеў гэты меў дзве крыніцы. Адна з іх – праблема разлічэння жывых і мёртвых. Болей пра яе тутака распавядаць наўрад ці прыстойна, і я пра яе распавядаць і не буду. А вось другая пра тое, кім ёсць паэт у адносінах да мовы, і чым ёсць мова ў адносінах да паэта. Бо большасць паэтаў сталага ўзросту, якіх я ведаю ці ведаў, пакідаюць такое ўражанне, што хочацца схавацца і выпіць кавы. І каб з каньяком. Бачце, сучасныя паэты – народ, у большасці, экстрэмальна адукаваны. Абазнаны. Кваліфікаваны. Часцяком і шматмоўны. Але падаецца, што яно не дапамагае. Нават зусім наадварот. Псуе кагнітыўны гарызонт. Ці накшталт таго.
Дык вось, у мяне ўжо доўгі час гадавалася падазрэнне аб сапраўдным фізіялагічна-містычным прызначэнні паэтаў у моўным асяроддзі. І мая здабыча з паліцы “Кніжнай шафы”, якую – я маю на ўвазе – здабычу, а не паліцу ці “Шафу”– я праглынуў яшчэ ў метро, ператварыла мае падазрэнні ў цяжкую ўпэўненасць.
Паэт – гэта размнажальны орган мовы. А размнажальны орган паводзіць сябе … ну, як належыць органу. Не цалкам праз галаву. Затое і прадукуе жывое. Тое, што нараджаецца і само ажыццяўляе, нараджае – непрадказальнае, неспасціжнае банальна-лагічнаму розуму.
Ну з якой халеры, скажыце, можа ў галаву прыйсці радок: “кентаўры ідуць па нашых мокрых слядах”? Нідзе ні да таго, ні пасля таго, кентаўраў няма. А з гэтым радком яны ёсць, і выдраць з памяці іх ужо немажліва. Пелапанес і соннае сонца за кіпарысам. Жывы кавалак мовы праслізнуў у розум і ўрос.
І я пацалую цябе ў сухі вераснёвы азадак.
Пся крэў, і насамрэч сухі – абавязкова вераснёвы і аніяк іначай. І назаўжды ў галаве так. Хаця ўжо няма імпэту на дне вядра, я хачу бачыць, як ты аголеная пойдзеш па лісці. І ўвогуле, я памёр учора я стаю пасярод раздарожжа п’ю дождж.
Хаатычная нязграбная магія.
У яе складзе, апрача заразных бы ковід радкоў-закляццяў, ёсць і кругі ў балотным глею, і ўзвар з мышынага лайна, і каламуць з бруднай пенай. Напэўна, яно трэба для чараўніцтва, каб бруд і лайно.
Бо магія.
Жывая.
Зміцер Магілёўцаў.

