Шабаны. Альгерд Бахарэвіч

Шабаны. Альгерд БахарэвічМне хочацца вярнуцца да “Шабаноў”. Упэўнены – гэта кніга як ніякая іншая актуальная цяпер. Кніга, як ніякая іншая з кніг Бахарэвіча, не зразуметая большасцю чытачоў, якім яшчэ пасля (і перад чытаннем) адзін рэжысёр літаральна збіў фокус успрымання тэксту сваім спектаклем, які, па маім сціплым меркаванні, быў настолькі блізкі да кнігі і яе ідэі, як трактар да балерыны. Гэты свой водгук я напісаў даўно, не помню вось, ці друкаваўся ён недзе. У любым разе, пошук ніц не даў, таму быццам маю права паўтарыць яго тут, трохі падправіўшы.

…У той год на прэмію Гедройца былі вылучаны дзве кнігі Альгерда Бахарэвіча: “Шабаны” і “Гамбургскі рахунак”. У шасцёрку лепшых, а пасля і ў фінал на другое  месца трапляе другая кніга. “Шабаны” не патрапілі нават у лонг-ліст. Як для мяне, дык “Шабаны” – сапраўдная мастацкая проза, вышэйшы гатунак, гэта адно. Другое – тэма, якой ніхто не кранаўся ў нашай сучаснай  (а тым больш – у ранейшай) літаратуры. Не думаю, што ў журы гэтага не ўбачылі, не зразумелі кнігі, не парадаваліся навізне тэмы. Не, тут, хутчэй, спрацаваў шаблон успрымання Бахарэвіча як пісьменніка – разбуральніка міфаў, як пісьменніка-правакатара, скандаліста і нават хулігана.

Іншы Бахарэвіч – лірык, філосаф, мяккі і датклівы ­ – нашаму журы (чытаем – нашай літаратуры) на гэты час не патрэбны. Беларускай літаратуры бракуе скандалу, і праз скандал – вядомасці. Цяжка спрачацца, рацыя безумоўная…

Бахарэвіч адразу ж прызнаўся адносна “Шабаноў”: на ніякі камерцыйны поспех раману ён не разлічвае. Як і на тое, што кніга займее тысячы прыхільнікаў, вялікую прэсу… “Занадта асабістае”.

Прызнаюся: за першы раз прачытання раман мне “не зайшоў”. Пэўна ж, я чытаў яго, чакаючы вядомага Бахарэвіча: які здзіўляе і правакуе. А тут… Што праўда, лінія вяртання хлопца ў Шабаны з другога канца горада па трамвайных рэйках мне вельмі спадабалася. Успаміны пра дзяцінства і юнацтва, асвечаныя праз прызму набытага жыццёвага вопыту, дзе кожны дыяпазон святла суадносіўся з адчуваннямі, і такім чынам набываў сваю энергетычную вартасць у вачах і душы сённяшняга героя, прываблівалі. Былі яшчэ цікавосткі пра мову ды і гістарычна-біяграфічныя ўстаўкі надавалі драйву.

А вось лінія, якая, здавалася, была галоўнай, з дэтэктыўнай завязкай, падалася нудотлівай. І зразумець з наскоку яе не атрымалася: знік муж, а жыццё яго жонкі пасля здарэння нясецца ў алагічнай плыні.

Была нават думка, што Бахарэвіч, праследуючы нейкія свае мэты, скарыстаў гэты дэтэктыўны сюжэт адно для прыцягнення ўвагі, як, помніце, Чарнышэўскі  пачаў свой некалі славуты раман з самазабойства на мосце.

Карацей, кніга мяне не ўзрушыла.  Але не стала на паліцу, ляжала на рабочым стале ў асобным стосіку таго, што мне падавалася неабходным і важным, да чаго трэба вярнуцца.

Дык вось, лінія адносінаў жанчыны і мужчын у рамане “Шабаны” падалася мне настолькі няўцямнай, што, калі я прачытаў пра спектакль па матывах рамана, і пра тое, што рэжысёрам была ўзятая асноўнай для увасаблення на сцэне менавіта лінія кахання, я разгубіўся.

Хіба я чытаў так няўважліва? Хіба там ёсць тое, што завецца адносінамі? Ды адно малюсенькія згадкі пра дзяўчат у другой лініі рамана маюць куды больш вобразнасці! Няўжо я нечага не мог разгледзіць? Але што там разглядаць, калі цэнтральная фігура, жонка зніклага, не вымалёўваецца! Не бачу я яе, хоць забіся: ці то яна распаўнелая і абмежаваная хатняя гаспадыня, ці то сучасная разумная маладзіца, ці то затурканая жыццём кабета, ці то практычная самка? Вобраз праяўляецца пакрысе-пакрысе, рэдкімі штрыхамі-слоўцамі і так застаецца – намаляваны вугалем на чорнай сцяне. А ўжо калі казаць пра адносіны яе і брата згінулага, дык не тут адносіны, не тут жарсці – той самы малодшы Юрка, пра якога згадваецца ўсяго тры разы,  праяўляе ў рамане самае яркае,  жывое і чалавечае пачуццё!

Не можа быць, каб Бахарэвіч паказваў каханне, трагедыю жанчыны – і паказваў так блякла, мёрцвяна-безэмацыйна.

Таму, згадзіцеся, перачытаць раман “Шабаны” мне пабачылася неабходным.

Перачытаў.

І цяпер мушу згадзіцца з Бахарэвічам, які крыўдуе, калі ягоныя Шабаны хочуць зрабіць запаведнікам саўка. Ні горад, ні вёска, ні Ўсход, ні Захад – за гэта ўчапіліся некаторыя, і пабачылі тут асаблівы смак. Атрымліваецца, сутнасць Шабаноў у знаходжанні яго жыхароў у часова-падвешаным стане: з вёскі выйшлі, да горада не дайшлі; з сацыялізму выпаўзлі – да капіталізму не дакараскаліся; з вясковых забабонаў вылузаліся – да рэальнай свабоды не даляцелі.

Не згодзен катэгарычна. Той факт, што жанчыны Шабаноў ходзяць у магазіны ў пантофлях і мараць пра метро, якое дойдзе да Шабаноў, ніяк не паказвае на іх памежнае знаходжанне. Такое уяўленне пра Шабаны – гэта да нельга спрошчанае успрыманне таго, пра што расказвае аўтар.

Шабаны – ні вёска, ні горад таму, што яны – неіснуючая ў прасторава-часовым кантыніуме месца.

Шабаны – кропка невяртання.

Дзіўна, але не адзін раз Бахарэвіч сам паўтараў, што яго раман – пра немагчымасць вяртання і пра магчымасці мовы.

Мяне здзівіла, чаму ў водгуках на гэты раман неяк амаль што замочвалася асноўная тэма рамана – тэма немагчымасці вяртання.

Куды невяртання? Ды куды заўгодна.

Нельга вярнуцца ў мінулае і вярнуць мінулае. Нельга вярнуцца ў дом, з якога выйшаў. Вернешся ў іншы дом! Ну, помніце ў мудрага грэка: у адну раку немагчыма зайсці двойчы?

Бахарэвіч разгарнуў гэты тэзіс і паспрабаваў яго выказаць праз мастацтва. І  адначасова зразумець для самога сябе: чаму вяртанне немагчымае.

Што цікава: калі толькі мы адпрэчваем тую самую лінію кахання, якую пабачылі рэжысёры, тады гісторыя знікнення беднага мужыка і жыццяпіс яго жонкі набывае поўную лагічнасць, становіцца зразумелым дарэшты.

Для мяне, прачытаўшы другі раз, не засталося ніякага сумневу: той зніклы муж галоўнай гераіні – яе час. Мінулае. Пражытыя гады.

Момант знікнення – гэта тая самая адпраўная кропка, з якой гераіне трэба пачынаць новае жыццё. Адважыцца зрабіць крок. Пачаць з нуля, пачаць па па-новаму бачыць свет вакол сябе.

Але яна імкнецца вярнуць мінулае.

І з гэтага імгнення яе існаванне напаўняецца абсурдам, бадай што сюрам: вось свякруха шле да яе “пажыць” свайго другога сына. Абсурд узмацняецца з заняткам брата зніклага дзіўным мастацтвам разбурэння. Жыццё вакол гераіні пачынае ісці адасоблена да яе: усё вакол замыкаецца на знікненні мужа, на спробе яго пошукаў. Асобныя эпізоды цалкам запоўнены тым жа абсурдам.

Запланаваны рамонт у кватэры – чарговая спроба намацаць наперадзе сябе цвёрдую сцяжынку, але і рамонт пераўтвараецца ў сюррэалістычны спектакль. Яшчэ адзін адчайны крок, яшчэ адна спроба жыць – пераезд у Шабаны. Не атрымліваецца.

Жыць – не атрымліваецца. Яна жыве мінулым і не можа пазбавіцца яго. Пакутнае мінулае, балючае, не столькі засмоктвае яе – яна сама не хоча вылезці з той яміны. Спадзяецца намацаць цвёрдае дно.

Уся гісторыя знікнення выявілася гісторыяй пра спробу вярнуць былое, аднойчы страчанае, ці вярнуцца туды самому.

Як часта ў нашым жыцці мы сустракаем падобныя гісторыі… “Давай паспрабуем спачатку” – дамаўляюцца нібыта закаханыя, між якімі прабегла чорная кошка непаразумення. Дамаўляюцца і спрабуюць пачаць ізноў муж з жонкай, былыя сябры …

Тое, што гэты раман – асабісты да адчувальнай інтымнасці, кажуць апошнія старонкі. Гераіня хоча атрымаць праўду, важную для яе – і пераступае дзеля свайго ведання і цераз свой сорам, і цераз шчымлівае асэнсаванне непрыстойнасці свайго ўчынку.

І потым нават не хоча дачуць да канца ўсёй праўды.

Гераіне сапраўды сталася няважным: як і чаму адбылося тое знікненне. Гэтак жа нармальны чалавек не будзе калупацца, не стане “высвятляць адносіны”, бо для яго важны факт сапраўднага знікнення. Да самой сустрэчы з хлопчыкам гераіня не магла паверыць у яго і таму імкнулася вярнуць мінулае. Але ўрэшце ісціна адкрываецца перад ёй: знікненне было!

Усё. Так чалавек раптоўна асэнсоўвае: кахання больш няма. Вернасці больш няма. Няма еднасці. Няма мэты. “Няма таго, што ранш было”.

Балючае, горкае асэнсаванне. Але ж усе лекі такія: горкія, нясмачныя і балючыя… Хочаш жыць далей – прымай. Не хочаш – жыві ў тэатры абсурду.

 

Шабаны… Чуецца нешта ад Шамбалы. Кропка нашага невяртання. Балючая і існая. У кожнага – свая.

І цяпер цалкам зразумела, чаму той самы хлопец, які ў другой лініі рамана ішоў па трамвайных пуцях, не змог патрапіць у Шабаны…

В. Г.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме