2024 год імкліва адыходзіць, на ім, кажучы вобразна, час ставіць крыж. Люблю сімвалізм усякага роду, то хай завяршэннем года на сайце стане гэта кніга.
Калі хто помніць, мой водгук на кнігу “Былы сын” гэтага аўтара не назавеш ухвальным. З галоўнай думкай аўтара, якую я адчуў, мне ніяк не пагадзіцца. І, шчыра кажучы, пачынаў я чытаць “Чырвоны крыж” з насцярогай. Таму парушыў сваю традыцыю і зазірнуў спачатку туды, дзе льга было пачытаць водгукі чытачоў на гэты раман. Іх колькасць мяне ўразіла – больш за тры сотні! Кароткія, сціслыя, але ж у большасці для мяне – нечаканыя. І, паверце, зусім не таму, што ўхвальныя. Але іх сэнс: “Гэта жах! Гэта трэба чытаць! Мы гэта павінны ведаць! Гісторыя пранізвае болем. Які трагічны лёс…”
Калі пачытаў кнігу, сеў думаць. Адкуль такія водгукі? Саша Філіпенка не адкрывае Атлантыду. Былі Салжаніцын, Шаламаў, наш Аляхновіч. Няўжо аўтары тых допісаў не чыталі іхнія творы?
А не чыталі – упэўнены я. Пра архіпелаг Гулаг чытала пакаленне, калі кнігі выходзіла ў самвыдаце і іх перадавалі з рук у рукі. І яшчэ тады, калі адкрыліся магчымасці – канец 80-х – пачатак 90-х мінулага веку. Тое пакаленне прагнула даведацца…
Сённяшнім 20-30-гадовым цікавыя іх сучаснікі. Яно і праўда – столькі аўтараў, столькі новых кніг. Тут бы за імі паспець, а не занурвацца ў макулатуру мінулага веку. Паўтару тут зроблены фотаздымак – выкінутыя кнігі з нечае бібліятэкі.
Не чыталі. Таму кніга “Чырвоны крыж” і перыпетыі лёсу гераіні выклікалі такую эмпатыю. Мабыць жа, не ведалі многія, што такое было магчымым.
Кніга трымаецца на адной трагедыйнай нацягнутай струне, адзін канец каторай замацаваны ў сталінізме, а другі сягае ажно ў наш час. Зусім невыпадкова аўтар робіць месцам дзейства Мінск – тут насамрэч ёсць за што замацаваць другі канец струны – за крыжы ў Курапатах. І гэта струна – гераіня.
Помніце ж, калі смерць аднаго чалавека – трагедыя, дык смерць мільёнаў – статыстыка? Недзе так адбываецца з творамі, дзе тая самая трагедыя народа паказана праз лічбы і факты. І зусім па-іншаму пачынае гучаць аповед, калі ў ім – лёс толькі аднаго чалавека. Менавіта адсюль – эмпатыя. Саша Філіпенка абраў бяспройгрышны шлях, тым больш, яго гераіня – жанчына.
Увогуле ж, калі казаць пра сам раман як тэкст, заўважу, што тут сапраўдная эклектыка) З аднаго боку – дакументы і факты, з другога – чалавечы лёс, з трэцяга – яскравы дэтэктыўны элемент. Агулам – такое вось журналісцкае расследаванне з колькімі вобразнымі (а дзе і філасафічнымі) ўстаўкамі. Але менавіта такі мікс стыляў аказаўся самым прываблівым для чытача.
Ці важны гэты тэкст для грамадства, для самой літаратуры?
Цікава, як сам аўтар адказвае на гэта пытанне:
Па сутнасці, тэкст ні на што не паўплывае. У Салжаніцына і Шаламава былі мільённыя наклады кніг, але «чырвоны чалавек» нікуды не сышоў. Але гэта не скасоўвае таго, што гэтую сізіфаву працу трэба рабіць, што пра гэта трэба пісаць.
Я цвёрда перакананы: літаратура не павінна станавіцца агульнарасійскай дыктоўкай у канцы года, барочным глупствам, спаленай хаткай Прышвіна. Асабіста ў мяне зусім іншыя задачы. Літаратура павінна быць лаканічнай і дакументальнай, у яе мусіць быць нейкая задача і адказнасць.
Па шчырасці, не ведаю, якую задачу ставіў перад сабой аўтар. Адзначу хіба адно: у нас не многа падобных кніг, калі б трагедыя чалавека паказвала трагедыю ўсяго народа. За лесам нябачна дрэў, але, пабачыўшы адно дрэва, можна нешта даведацца пра лес. Міжволі згадваецца Быкаў і ягоныя героі, якія ставіліся ў цэнтр, і чый лёс быў важнейшым для нас за ўсе іншыя ваенныя падзеі.
Галоўная гераіня ў Сашы Філіпенкі атрымалася жывой і яскравай, хоць і дарэшты (як для мяне) не заўсёды зразумелай у сваіх учынках. Але гэтыя няўцямнасці дадаюць ёй чалавечнасці, мушу прызнаць. Бо ж хто дарэшты зразумее жанчыну, той зразумее Бога…
Магутным атрымаўся фінальны эпізод. Якога не чакаеш, і які стаўся апошнім цвіком у труну. Думкі і пачуцці, якія быццам бы ўжо ўклаліся перад апошнімі радкамі, ўздымаюцца магутным віхурам – і ён адносіць цябе ў зусім нечаканы бок, пра існаванне якога ў кнізе раней не было і намёку.
Структура кнігі няпростая для чытання – тут аўтар пра сябе, пасля пра гераіню ў трэцяй асобе, а вось зноў тэкст ад сябе, але ўжо словы гераіні. Дапамагае вёрстка, ды ўсё ж нязвычна. Як для мяне, тое не было навіной – так іншым разам будаваў сам свае журналісцкія матэрыялы, расказваючы пра чалавека і даючы яму слова. Таму наўрад ці б назваў гэта мінусам кнігі.
Ёсць іншы важкі момант, якім упікалі аўтара – напалову фантастычная гісторыя з нараджэннем дачкі галоўнага героя. Заўважу, што і ў “Былым сыне” ёсць такі вось амаль неверагодны медыцынскі факт (з абуджэннем героя праз 10 гадоў). Па шчырасці, і мне напачатку гэты эпізод паказаўся мала што фантастычным, надуманым, дык яшчэ і спекуляцыйным. Маўляў, аўтар заваблівае чытача, вымушае спачуваць, выціскае слязінку. Але, ужо пасля прачытання, раптоўна адкрываецца сімвалізм таго эпізоду. І скажу, ідэя гэтага сімвалу мяне ўразіла вельмі моцна. Не буду спойлерыць і навязваць вам сваё меркаванне адносна яго, цікава, ці супадуць яшчэ ў каго думкі з маімі.
Скажу адно хіба: думка, закладзеная ў сімвал “Чырвонага крыжа” цалкам супярэчыць думцы, якая хаваецца ў “Былым сыне”. Мяне цешыць тое, што для беларускага чытача гэтыя дзве думкі патрапілі менавіта ў такім парадку…
В. Г.