Чучмара. Юрась Нераток

Чучмара. Юрась НератокЗ Юрасем Нератком знаёмы даўно – яшчэ напачатку сваёй працы ў рэдакцыі. Тады сярод пошты мясцовых паэтаў трапіўся ліст з Хадакоў, аднае вёскі раёна, ды яшчэ і з такой жа назвай – “Хадакі”:

Мая вёска, мае Хадакi.
Вы прабачце, што я вось такi:
Што нядоўга, нячаста бываю —
можа здацца, што вас забываю…
Але верце, як роднаму сыну:
я вас помню любую хвiлiну.

Вершы былі зусім не нашага местачковага ўзроўню. Так мы і пазнаёміліся.

Была кніга прозы – “Закуцце”, якая ўразіла мяне найперш аўтарскай фантазіяй, а другое – лёгкай, нязмушанай іроніяй, складным тэкстам. Хацелася чытаць такое больш.

Але Нераток… Нераток – гэта адзін з псеўданімаў Юрыя Гарбачова. Часам ён рабіўся Юрыем Юлавым і пісаў на рускай мове. Заўважу, і там была нечаканая фантазія, іранічнасць і пазнавальнасць стылю. Былі яшчэ кніга вершаў, розныя нечаканыя авантурныя праекты кшталту “Буслан і Жабміла”, аўтар эксперыментаваў, шукаў форму для выяўлення і самавыяўлення… Але ж я чакаў Юрася Нератка і ягоную прозу. На жаль, чакаць давялося доўга.

Да гэтай кнігі я яшчэ вярнуся, пачытаю і напішу водгук. Але ўжо цяпер мяне радуе, што там ёсць апавяданне “Чучмара”, якое і дало назву ўсяму зборніку. Я чытаў гэты твор на рускай мове… Ён наскрозь дыхае нечым пазнавальна-беларускім. Іранчна-лірычны, жыццёва-мройны…

В. Г.


Загадкавая назва кнігі з кідкай вокладкай – “Чучмара”, націск на апошні склад  старанна пазначаны на тытульнай старонцы аўтарам, – з такім сюрпрызам наведаў першага верасня Дзень беларускага пісьменства Юрый Гарбачоў, для якога Івацэвічы –  важкі радок з біяграфіі. Нарадзіўся ён у вёсцы Хадакі, а пасведчанне аб заканчэнні дзесяцігодкі атрымліваў менавіта ў сталіцы сёлетняга свята. Да гэтай нагоды старанна падрыхтаваўся – прывёз новы зборнік пад цвёрдай вокладкай.

Аўтар вядомы чытачу пад рознымі псеўданімамі: першыя аповесці і раман на рускай мове прадставіў як Юрый Юлаў, паэтычныя беларускія зборнікі – як Юрась Нераток, “якіх у гонар маці і бацькі даглядаў адначасова”. (І гэта не ўлічваючы яго праектаў, дзе выступае і як Нік Аблом, і нават як паэтэса-афрыканка.) Прадмовы да твораў у “Чучмары” даў ад імя кожнага “альтэр-эга” з улікам створанага, з поўным даверам да чытача і вялікім жаданнем быць зразуметым, таму парупіўся пра падказкі, напрыклад, анонсы на кожны твор.

Яго Юрый Юлаў – катэгарычны і безабаронны, нібы падлетак, Юрась Нераток – сталы філосаф-песіміст. Пры ўсім тым аўтар валодае добрым пачуццём гумару – там, дзе “чытач чакае рыфмы ружы”, знойдзецца настолькі іншы паварот сюжэта, что, праляцеўшы яго, будзе вымушаны адгартаць старонкі і глыбока задумацца, а дзеля чаго ж пісьменнік такое вымудрыў.

Добра дасведчаны ў літаратуры, аўтар не дазваляе чытачу засумаваць. Чаго варты, напрыклад, некалькі варыянтаў заканчэння гісторыі “Фермер”, якія прапануе сябру журналіст Валерка Жарабцоў. Выбірай любы, які падаецца самым дакладным, ды разгортвай ва ўласным прыгодніцкім рамане. Да таго ж аўтар дае тонкі намёк, што дыму без агню не існуе, гісторыя магла адбыцца на самай справе, і спасылаецца на інфармацыю, вылаўленую ў Сеціве.

Нельга не ацаніць, як ён у глабалісцкай фантазіі “Тэрапія” вытанчана знітоўвае тры абсалютна розныя плыні падзей у адзінае цэлае літаральна парай абзацаў, такі прыём можна сустрэць у важкіх раманах Харукі Муракамі.

Адлюстраванне тонкай тканкі сучаснай рэальнасці з яе трывогамі, надзеямі, фантастычнымі прагнозамі, з якіх можа спраўдзіцца самы неверагодны, сустракаюцца ў сённяшняй літаратуры даволі часта, але ў такім спалучэнні, як у “Чучмары”, наўрад ці, чаму спрыяе аўтарская іронія, гумар, а галоўнае – вялікая павага да сваіх герояў.

Юрыю Гарбачову падуладны ўсе жанры – фантастыка (тая, на высокіх узорах якой выхаваны савецкія чытачы), хорар (“Непатрэбныя людзі”), казка (“Нэлька і Ніка”, “Хрысцінка”), што пішацца дзеля таго, каб у герояў у выніку ўсё склалася выдатна… Мяркую, чытачу спадабаецца, што звычайныя людзі з нашага будзённага жыцця паспяхова спраўляюцца з роляй казачных персанажаў.

Па-майстэрску створаны і іншыя вобразы, што сустракаюцца на старонках кнігі, – чыноўнік (“Істота”), настаўніца гісторыі – гераіня апавядання “Снягурка, або Яна была актрысаю…”

Упэўнена, адклаўшы прачытаную кнігу, кожны чытач узгадае смак той самай “чучмары”, што чароўна змяняе сусвет і дае магчымасць неверагодных адчуванняў, бо няма таго, каму не давялося хоць аднойчы страціць галаву ад кахання. І нельга не пагадзіцца, што “шчасце – гэта здольнасць радавацца і дарыць радасць блізкаму чалавеку”.

Тэматычная паліфанія выдання пранізана водгукам дзевяностых, таму найперш яно закране сведкаў. Але ж і больш маладому чытачу адкрые шмат такога, што і захацеў бы не ведаць, ды не здолееш ужо вылаўленае на гэтых старонках выкрэсліць з памяці.

Кніга ўбачыла свет у выдавецтве “Каўчэг”, як любіць казаць пісьменнік, прэзентацыйна-падарункавым тыражом. Сустрэцца з ёй у масавага чытача такі ж шанец, як удзень убачыць зоркі са дна калодзежа.

Застаецца пажадаць аўтару, каб святло запаленых ім зорак не згасла.

Вольга Паўлючэнка

Пакінуць адказ