Час пустазелля. Ганна Янкута

ПУСТАЗЕЛЛЕ ГІСТОРЫІ І МЁД РЭФЛЕКСІІ

Гэта канешне, не літаратура, падумаў я недзе напрыканцы кнігі. У звычайным, паспалітым разуменні гэтага слова. Не ведаю, нешта большае, ці меншае, але не тое, што звычайна пішуць, каб захопленыя чытачы гойсалі па старонках, стаялі ў чэргах па аўтограф, і дзяліліся ў сеціве прыгодамі герояў. Не тое месца, у якім можна забыцца на рэальнасць, углядаючыся ва ўяўнае.

І нават не эсэістыка, у розных яе адменах. Якія прыдумалі Мантэнь, Валеры  ці Эліот Вайнбергер. Калі гэтае ўяўнае сплятаецца з рэальнасцю ў кілімчык Шэхеразады.

Асабісты дзённік, так. Хаця, для асабістага дзённіка тэкст занадта апрацаваны. Часам нават пяшчотна вылюляны. Далікатнае пісьмо. Прадуманыя метафары. Добра структураваныя часткі.

Сацыялагічны дакумент, так, відавочна. Многа жывых сведчанняў залучанага назіральніка. Ідэальны для перакладу і аналізу на сімпозіўмах і круглых сталах. Такое ў заходняй акадэміі вельмі любяць: дайце нам факты і эмоцыі, а мы вам раскажам, што гэта была. Native informant, адным словам, прывітанне ад Гаятры Співак.

Дзякаваць богу, гэта не журналістыка. У эпоху постпраўды  журналістыка адно з найгоршых, што можа здарыцца з творцам. І не толькі таму, што работа шкодная, на пярэднім краі эпохі. Дзе баявыя робаты дыскурсу бадзёра апыляюць мазгі здурнелых масаў.  Журналістыка сёння гэта адразу здацца, пайсці ў палон. Горш толькі геапалітыка і палітэкспертыза. Там не проста палон, а самае дно. Разам з каралямі і інквізітарамі: вайна за правільную карціну свету. Трымаць ажэнду, не даваць свету адхіляцца надта далёка. «Самыя лепшыя робяць гэта з душой і сэрцам». Трэба быць дастаткова старым, каб памятаць і працяг гэтай максімы, – «але сэрцы іх адданыя партыі».

Што ж тады? Геалагічнае даследаванне?

Цалкам магчыма. Геалогія – ўлюбёнае слоўка аўтаркі, а тут мы відавочна маем пласты жыцця і свядомасці, што час праяўляе ў слове. Больш дакладна, праяўляе аўтар, але ягоная роля ўсё ж такі дапаможная: ён укладае гэтыя пласты на старонкі з мінімальнай апрацоўкай, пакідаючы самой рэальнасці ролю дэміурга, гаспадара балю.

Вось фіксацыя свайго месцазнаходжання: варшаўскі дворык-калодзеж каля турмы на Старым Макотаве.

Вось пазначэнне кантэксту: уцёкі з краіны, амаль эміграцыя. Амаль, таму што можна вярнуцца, але крадком, ціха, каб ніхто не заўважыў. Пашкадаваць тых, хто застаўся, вырашыць пытанні, і адразу назад, у празрысты спакой усходнееўрапейскай касталіі.

Спакою хапае ненадоўга: вялікая вайна, уварванне, твая краіна «не на тым баку». Валанцёрства, каб узнавіць раўнавагу ўнутры і навонкі: дапамога тым, хто не можа дапамагчы сабе сам.

Прамежкавая выснова: каб застацца на плаву, не патануць, цяпер трэба значна больш высілкаў. І здзіўленне напрыканцы: вакол ўсё гарыць, а ў свядомасці спакойна, без катастрофаў. Роўнае пісьмо, дзень за днём, тыдзень за тыднем.

Геалагічны музей, адным словам.

Але навошта? Каго можна палюбіць на гэтых старонках? Чым захапіцца? І дзе тут аўтарскі голас?

∗∗∗

Напэўна, калі пачынаецца танец вулканаў, з землятрусам у дадатак, крыху не да голасу. Задача мінімум: не даць сябе заваліць пустой пародай. Задача максімум: выбрацца на бяспечнае месца. А вакол менавіта вулканы й землятрус: няма сумневаў. Тут не да мадуляцыяў і пераходаў: трэба разграбаць пароду, якая сыпецца зверху, дзень за днём, месяц за месяцам.

Так прыходзіць разуменне, каму адрасавана кніга.

Сабе, вядома. Магчымы чытач ўсяго толькі сведка індывідуальнай работы аўтаркі па (сама)захаванні сябе ў прытомнасці падчас катастрофы.

І гэта нават больш цікава, чым сачыць за выдуманымі гісторыямі.

∗∗∗

Першае, што мусіш зрабіць у геалагічным музеі: памяняць маштабную сетку. Пагадзіцца з тым, што нічога істотнага не адбудзецца: ані заўтра, ані праз год, і нават праз дзесяць. Мы замураваныя ў часе: у сваім часе.

Другое: калі не бунтаваць, не шукаць немагчымае, пачынаеш заўважаць дэталі і адрозненні: жвірынкі думак, матылькі эмоцый, шэпт пра галоўнае.

Міжволі пачынаеш збіраць калекцыю.

∗∗∗

Вось пра час і пра геалогію:

(…)

час ляціць, і ты нічога не можаш зрабіць. Быццам назіраеш збоку, як падае і разбіваецца нешта каштоўнае. Гэтае адчуванне часу амаль фізічнае, ён цячэ праз цябе, за гарызонтам знікаюць планы, будучыня. А ты можаш толькі стаяць і назіраць. Каб супрацьстаяць гэтаму здранцвенню, мы мітусімся, ходзім на вакзалы, дзе цяпер дзень і ноч віруюць чалавечыя плыні, шукаем у сацыяльных сетках магчымасці камусьці дапамагчы, да нечага далучыцца. Быць з людзьмі. Арганізаваць нешта вялікае мы не здольныя — на гэта ў нас не стае рашучасці, — таму можам зрабіцца хіба што маленькімі вінцікамі.

(…)

 я ў геалагічным музеі, на скрыжаванні часоў і пластоў. Яны тут, побач, нягледзячы на вонкавую выпадковасць такога суседства. Не прыгадваю, каб нешта рабіла на мяне такое ўражанне ў Беларусі: раскалупваць час там нашмат цяжэй, пазногці абломіш. Яго расслоенасць не выстаўленая на ўсеагульны агляд, а быццам прыхаваная і чакае ўважлівага вока. Пошук вымярэнняў у Мінску вымагае папярэдняй практыкі, я праходжу яе тут, гэта маё хатняе заданне. Выканаўшы яго, я ўсюды здолею скакаць з эпохі ў эпоху.

(…)

у экспанатах на гэтым стэндзе няма слядоў жыцця. Гэта камяні, і ніводная іх лінія не сведчыць пра арганічнае варушэнне, яны ўсе нямыя. Мёртвыя, калі гэтым словам можна ахарактарызаваць тое, што жывым ніколі не было. А можа, гэта таксама форма жыцця, незразумелая для нас? Можа, нашы вызначэнні жыцця не вытрымліваюць крытыкі? Ці мёртвае тое, што яшчэ не нарадзілася? Але тады акт стварэння ўжо адбыўся, толькі камяні яго не памятаюць, бо з тых часоў нават тое, што скамянела, магло рассыпацца. Ад дакембрыйскага жыцця да нас дайшлі толькі адбіткі. «Тэатр ценяў» — так навука акрэслівае рэшткі тагачасся. Універсальнае вызначэнне, варта толькі знайсці належную перспектыву.

∗∗∗

Вось пра людзей:

я думаю пра тое, як расказваць пра людзей. Героі гэтых нататак — рэальныя людзі, і мне карціць іх апісаць, пераказаць гісторыі, якія з намі здараюцца. Вядома, у той ступені, наколькі гэта магчыма, бо, увязненыя ў сказах, людзі могуць раптам ператварыцца ў казачных герояў: паспрабуй павер у іх. Я не ведаю, дзе праходзіць мяжа паміж перажытым і выдуманым, паміж тым, што было насамрэч, і тым, як я гэта ўспрыняла. Паміж чалавекам і персанажам. У нейкім сэнсе я ўвесь час падглядаю і падслухоўваю, каб ухапіць нешта, што адбываецца цяпер у свеце. Але мы і ёсць тое, што ў ім адбываецца, каму, як не нам, пра гэта гаварыць?

(…)

геалагічны музей не прадугледжвае ўзаемадзеяння з чалавекам, для мяне ў ім няма месца. Я магу быць толькі ціхмянай сузіральніцай таго, што засталося, ніякага ўдзелу. Зрэшты, звычайная для мяне роля. Але ў гэтым музеі мне спакойна, нішто не тузае за нервы. Бо часам музей можа быць атрутным, напрыклад мастацкі.

∗∗∗

Крыху пра творчасць:

ёсць тэксты, напісаць якія адразу немагчыма. Спачатку толькі акрэсліваеш іх контуры, стараючыся не зазіраць у сярэдзіну — тэксту? сябе? — трымаешся на адлегласці, каб не сутыкнуцца адразу з нечым невыносным, чаго яшчэ не ведаеш, але што прадчуваеш. Гэта як з прахалоднай вадой — спачатку кратаеш яе вялікім пальцам нагі, потым паволі заходзіш па калена, потым — па пояс і толькі тады занураешся ў возера з галавой.

∗∗∗

Пра сябе і чалавецтва:

 як доўга мы будзем зашываць свае дзіркі? Дзіркі і расколіны, каляіны, прарэзаныя гадамі і стагоддзямі. Мы носім гэта ў сабе — рэпрэсіі, дыктатуру, чыюсьці настальгію па тэроры і Савецкім Саюзе. Пячаткі войнаў, якія перажылі нашы найстарэйшыя. А нехта — ужо і цяперашняй вайны. Людзі, якія гэтага не перажываюць, — іншыя.

Я чалавек з дыктатуры, вакол мяне — шкляныя сцены. Я рыба ў акварыуме, што адкрывае рот, сілячыся нешта сказаць, але атрымліваецца так няшмат. Бо што тут скажаш, калі навокал, за шклянымі сценамі, — жыццё. А мы мусім пражыць сваю дыктатуру, крок за крокам. І я хачу помніць пра гэта, праз дзесяць, дваццаць гадоў. Для памяці гэта вельмі мала. Я хачу помніць.

(…)

геалагічная гісторыя паказвае, што жыццё схільнае да экспансіі, якая і прыводзіць да катастроф. Знайшоўшы прыдатны для бурнага росту кірунак, яно ў нейкі момант упіраецца ў мяжу, мыльная бурбалка лопаецца. Так паўтаралася шмат разоў, з тым самым фіналам. Людзі — першы від, які займеў здольнасць адмяніць гэты сцэнар, адмовіцца ад экспансіі не тады, калі рэсурсы вычарпаліся, а на ўласнае жаданне. Зрэшты, пакуль мы гэтай здольнасцю не карыстаемся.

∗∗∗

А яшчэ пра паэзію і падарожжы

(…)

паэзія мае натуральныя карані і гняздзіцца ў тым ліку дзесьці па-за намі, што гербарыі і калекцыі ракавін — гэта проста іншая форма паэзіі. Ці будзе гэты свет такім жа чароўным, калі яго перастане ацэньваць рэфлексіўны і самарэфлексіўны розум? І як ён будзе выглядаць пасля чарговай катастрофы? Але з літаратурнага гледзішча катастрофа — непрадуктыўны жанр: думка пра яе палохае і адбірае волю да дзеяння. Каб дзейнічаць, трэба бачыць наперадзе надзею. Тады ёсць шанец дайсці, хаця б некуды.

(…)

паэзія для мяне — гэта азбука свету, так я вучуся гаварыць. І ўсё ж сказаць пра свой боль вершам у мяне не атрымліваецца. Мне балюча — гэта ж так проста і празаічна. Усёпаглынальна, бо боль паглынае іншыя пачуцці. І ніякія метафары тут не патрэбныя.

(…)

у мяне некалькі дзён адпачынку, я ў Венецыі. Востраў Тарчэла: дарога, якой я іду ад прычала, працінае яго амаль наскрозь. Тут пуста, пустата празрыстая і гулкая. Кавярні з меню дня, у якія, здаецца, даўно ніхто не зазіраў. У адным з падворкаў — лодка, дрэва рассохлася, фарба патрэскалася. Ілюзія, якой вельмі хочацца паддацца.

∗∗∗

І, напрыканцы, пра саму кнігу:

 жыву з гэтай кнігай навыперадкі. Кожны дзень дапісваю па кавалачку, і кожны дзень з’яўляецца нешта новае, што я не паспяваю асэнсаваць. Гэта кніга ўліку здабыткаў і страт, бо здабыткі ў мяне таксама ёсць, і іх нямала.

Кніга сутыкнення са светам. Я не пішу яе, а пражываю.

Але ў нейкі момант трэба спыніцца, прымусіць сябе замаўчаць. Бо інакш яна не скончыцца, будзе жыць разам са мной, разальецца да бяскрайнасці. Я знікну ў ёй, распадуся на словы, рассыплюся літарамі. Трэба паставіць кропку.

∗∗∗

Нарэшце, трэцяе: толькі прайшоўшы дыстанцыю, разумееш жанр кнігі. Жанр мой улюбёны: медытацыі на руінах.

Але з апошнім сказам «трэба паставіць кропку» я б не пагадзіўся.

Шматкроп’е, Ганна. Заўсёды трэба ставіць шматкроп’е.

Сябра журы ПГ-24


Я доўга думала, як мне расказаць пра “Час пустазелля” і тое, чым для мяне сталася чытанне. Напісала, перачытала і – дзве траціны выдаліла. Паспрабую тэзісна.

📕 “Час пустазелля” стаў для мяне размовай з удумлівым сябрам, які шмат назірае, занатоўвае, рэфлексуе. Мне ў цяперашнім жыцці гэтага моцна бракуе. Я запавольвалася, дыхала глыбей і чытала дадуманыя і гожа сфармуляваныя абрыўкі маіх уласных думак.

📕 “Час пустазелля” стаў для мяне тэрапіяй. Не радыкальным вяртаннем у падзеі 2-3-гадовай даўніны, але мяккім перапражываннем ключавых з іх з сяброўскай рукой на плячы. Часам ужо падаецца, што спадчына тых падзей (трывожнасць, стомленасць, нюансы здароўя, адсутнасць побач блізкіх і сяброў) – заўсёды была са мной. Але ж не. Гэта адносна нядаўні набытак, які моцна змяніў усіх нас – і ўнутрана, і знешне. Дзякуючы кнізе, я дазволіла сабе (і знайшла час) прыгадаць сябе ранейшую.

📕 “Час пустазелля” стаў для мяне прыкладам цвярозай шчырасці. Ганна спакойна кажа пра свае страхі, сумневы, боль і тым самым дазваляе іх і чытачу. Нармалізуе. Не быць героем – нармальна, баяцца – нармальна, быць разгубленым, спустошаным і доўга збіраць сябе па кавалачках – нармальна.

📕 “Час пустазелля” – рэдкая ў беларускай літаратуры з’ява: гэта і аўтафікшн, і нонфікшн, і крышачку фікшн. Ёсць пэўная храналагічначць, але нататкі пра часовае жыццё ў Варшаве пераплятаюцца з успамінамі пра Беларусь (ад дзіцячых да нядаўніх) і з біялагічна-геалагічнымі замалёўкамі. Увесь час адчуваецца гэты кантраст – вось мільёны і мільёны гадоў, якія планета існавала без нас, і вось мы ў канкрэтнай кропцы. Мы – імгненне, але мы і частка, працяг. Для мяне гэта было кшталту медытацыі.

📕 “Час пустазелля” – галоўная кніга года для мяне. І нават не праз змест, а праз уздзеянне: чытаючы, я выключалася са сваёй мітуслівай рэальнасці, зазірала у сябе. Мне станавілася лягчэй псіхалагічна і нават фізічна. Хто ведае, можа і ў вас здарыцца з гэтай кнігай такі вось match.

kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ