Ціхім вечарам… Кацярына Хадасевіч-Лісавая

Ціхім вечарам... Кацярына Хадасевіч-ЛісаваяНягледзячы на стэрэатыпы пра шаблоннасць і тыпізацыю дзіцячай літаратуры, сучасныя аўтары не перастаюць здзіўляць дзяцей і дарослых творамі розных жанраў.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая, вядомая многім чытачам па прыгодах лісачкі Красуні і іншапланетнага хлопчыка Вухуціка, звярнулася да не вельмі распаўсюджанага ў сучаснай беларускай літаратуры жанру «жахлівіка». Разгледзім, што з гэтага атрымалася.

«Ціхім вечарам…» спалучае містыку і гумар у сучаснай беларускай дзіцячай кнізе.

Невялічкая, але дынамічная і эмацыянальная гісторыя расказвае пра містычныя прыгоды сямікласніка Жэні, які вельмі не любіць чытаць. Гэтую праблему хлопчык паспяхова вырашае з дапамогай інтэрнэту і штучнага інтэлекту і за сачыненні заўсёды атрымлівае «выдатна». Настаўніца мовы і літаратуры Таццяна Васільеўна даўно на пенсіі, у сучасных тэхналогіях не разбіраецца, таму ў хлусні Яўгена не падазрае. Пакуль не прыходзіць у школу маладая настаўніца Ксенія Андрэеўна. Упершыню хлопчык атрымлівае нездавальняючую адзнаку. Штучны інтэлект падвёў не толькі Жэню, але і яго аднакласнікаў Артура і Цімура, якім хлопец прадаў «якасную» работу. Каб выправіць становішча і апраўдацца ў вачах сяброў і новай настаўніцы, Яўген павінен прачытаць зададзеную аповесць «Ціхім вечарам…» і самастойна выканаць заданне. Але хлопчык зноў выбраў просты шлях і вырашыў звярнуцца па дапамогу да самога пісьменніка Міхася Пужалава. Знайшоў яго акаўнт у сацсетках і напісаў эмацыянальнае паведамленне пра няшчаснага выдатніка і злую настаўніцу. Пісьменнік аказаўся вельмі добразычлівым чалавекам і запрасіў Яўгена да сябе ў госці.

Сваёй геніальнай ідэяй апошні падзяліўся з пакрыўджанымі сябрамі Артурам і Цімурам. Хлопцы ацанілі план Жэні, і ўсе разам выправіліся ў цікавае падарожжа. Па дарозе сустрэлі аднакласніцу Адар’ю, якая, пачуўшы пра візіт да яе любімага пісьменніка, далучылася да хлопцаў.

Дом Міхася Пужалава сустрэў школьнікаў напружанай цішынёй. Самога пісьменніка не было відаць, але Яўген атрымаў ад яго паведамленне, што той затрымліваецца. Юныя госці вырашылі пачакаць гаспадара ў хаце і пачаставацца духмянай вясковай гарбатай. Тут і пачаліся містычныя прыгоды сямікласнікаў. Нечакана з’явіліся жудасныя прывіды і міфічныя істоты. Нават надвор’е цалкам адпавядала напружанай атмасферы. Героям спатрэбіліся смеласць і кемлівасць, каб супрацьстаяць кніжным зданям і выйсці пераможцамі.

Прыхільнікі містыкі і хорараў не знойдуць тут жахлівых сцэн, што потым будуць з’яўляцца ім у кашмарах. Але спалучэнне лёгкага гумару і містычнага напружання надае твору жывы рытм, які ўтрымлівае чытача да апошняга радка, не дазваляючы адхіліцца ад чытання. Кніга падыходзіць для пазакласнага і сямейнага чытання і вельмі спадабаецца дзецям малодшага школьнага ўзросту. А тыя, хто, як і галоўны герой, не любіць літаратуру і лічыць яе нуднай справай, зробяць для сябе прыемнае адкрыццё.

Твор аздоблены яркімі ілюстрацыямі Дзіяны Бецун, а гульня «Сустрэча ў Залюстрэччы» падорыць юным чытачам магчымасць трапіць у цудоўны свет, поўны містыкі і незабыўных прыгод.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА.


Дазволю сабе дадаць некалькі слоў.

Што тычыцца мастацкай часткі. Мне падалося, аўтар вельмі спяшалася, і спяшалася не па сваёй віне (такое бывае, ведаю). Льга б было трошкі (а дзе і не зусім трошкі) разгарнуць дзею, тым больш, прасторы хапае. І тым самым можна б было зрабіць вобразы сяброў больш адрознымі і больш пазнавальнымі, дадаць характэрнасці асобам, узмацніць псіхалагізм твора…

Зрэшты, гісторыя атрымалася. І вельмі прыемна, што Кацярына Хадасевіч-Лісавая пачала ствараць свае гісторыі ў стыліе “жахлівікі” – гэта не першы яе такі твор. Дарэчы, дагэтуль у беларускай літаратуры такое азначэнне не сустракалася, варта лічыць яго аўтарскім. Гісторыя напісана для падлеткаў сярэдняга ўзросту, што таксама адметна, бо зазвычай у нас пішацца ці для дзяцей, ці для старшакласнікаў, а вось узрост 12-14 гадоў неяк і выпадае. Таму яшчэ “плюсік у карму” пісьменніцы.

Ды мне больш хочацца сказаць не пра мастацкую частку, а пра паліграфічную.

Як для падлеткаў, дык даволі буйны шрыфт. Не самая ўдалая ідэя для малюнкаў – каляровыя ілюстрацыі. Прывабней? Але ў нас – жахлівік, тут якраз бы чорна-белыя пасавалі. І на мой асабісты погляд, падлеткі намаляваныя больш дарослымі, чым яны ёсць у кнізе, і трошкі яны… фэнтэзійныя.

Маё галоўнае перакананне: так выдаваць літаратуру для падлеткаў нельга. Кніга памерам у сшытак, 48 старонак. Мяккая вокладка. І ўсё гэта сшыта на скабу. Ну, вось той самы агульны сшытак па памерах, па форме.

Між тым, кніга – далёка не просты тавар. Тут цэлы комплекс таго, што кніга нясе з сабой, не варта зараз на гэтым спыняцца. Хіба на адным: апроч іншага, выданне як працэс, выданне як тавар – гэта яшчэ і адносіны выдаўца да самой творчасці, да аўтара ў тым ліку. І яго ж, выдаўца, адносіны да пакупніка.

Канешне, я бачу вось зараз узнятыя рукі і ўжо чую галасы, якія мне, недасведчанаму ў справах кнігавыдання, паблажліва тлумачаць: такое выданне каштуе меней за ўсякае іншае,  кнігу куды больш шанцаў прадаць, калі яе кошт не ўражвае лічбай.

З гэтым, безумоўна, спрачацца цяжка. Ды і ці можна ў сённяшніх варунках.

Але мне мроіцца іншае: грамадства павінна ўсвядоміць, што творчасць і прадукт творчасці не могуць быць таннымі. Так, некалі даўно, у тым часе, тоўстая кніга ў цвёрдай вокладцы заўсёды каштавала менш за палову бутэлькі гарэлкі, але аўтары атрымлівалі такія ганарары, што маглі дазволіць сабе многае, у тым ліку і каньяк па вечарах на купленым за ганарар лецішчы (даруйце за параўнанне з гарэлкай). Жаданне зрабіць з нацыі самую тую, якая больш за ўсіх чытае, згуляла дурны жарт: пакаленні цэлыя прывыклі да капеечных коштаў за кнігі. І цяпер мы маем тое, што маем: імкнёмся не вырабіць прадукт творчасці, але ў першую чаргу выпусціць тавар, які гарантавана верне укладзеныя сродкі…

Сумна.

Не маю права даваць аўтару парады, ды мне падаецца, што аб’яднаць некалькі гісторый-“жахлівікаў” і выдаць іх у адной, але “сапраўднай” кнізе было б добрай ідэяй…

В. Г.

Пакінуць адказ