Цнота на потым. Барыс Пятровіч

Цнота на потым. Барыс Пятровіч«У новую кнігу прозы Барыса Пятровіча ўвайшлі дзве аповесці і эсэ. Гэта захапляльнае падарожжа па пазнавальных краявідах Менска ды іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама знаёмства з неардынарнымі асобамі, якія сталі героямі твораў…» – гэта я ў сеціве пра кнігу сустрэў. І ўсміхнуўся: а каб жа вам чэрці дзяцей калыхалі) За падарожжа “захапляльнае”, за асобаў “неардынарных”…

Нешта мне вельмі няпроста напісаць пра гэту кнігу. Спойлерыць ні ў якім разе не стану, бо зарокся такое рабіць, а то б можна было напісаць пра свае пачуцці падчас прачытання чарговага заключнага абзаца якога апавядання (ці той жа аповесці), напісаць кароткі змест, каб і вы ахнулі і абрынуліся разам са мной у раскрытую знянацку аўтарам гноевую яму… У гэтым сэнсе будзённасць, нават прыземленасць расповедаў героя-журналіста грае сваю ролю калыханкі для дарослых, і калі ты ўжо залюляны быццам, ўзнікае іржавы нож адной дэталі… ці некалькі дэталяў збіраюцца ўрэшце разам, каб разарваць знешне прыстойнае палатно рэчаіснасці і паказаць табе, чытачу, усю глыбіню мярзотнасці існавання, на якой здольны выжываць чалавек. Але – і гэта трэба асабліва адзначыць: тут не чарнуха. Тут суіснаванне ў адной жывой істоце высокага памкнення і пошласці быцця, разумення свайго падзення і бязвольнай абыякавасці да сябе ж, халоднай бязлітаснасці і жывога яшчэ зародку (ці ўжо хутчэй – муміі) юнацкага рамантызму.

Барыс Пятровіч літаральна прэпаруе душу, з асцярожнасцю вопытнага хірурга робіць адзін за другім рэзы, каб знайсці крыніцу метастазу (тут – пра “Каханне ў краіне, дзе не было сексу”), і сам герой не можа зразумець, і мы ніяк не дойдзем да высновы, ажно пакуль гераіня не скажа найгалоўнешыя словы: “Чужы”. Як толькі прагучаў яе вырак, мне згадалася кінатрылогія з такой назвай. Можа, і такія могуць кахаць. Дый чаму не? Каханне – яно ж рознае. Але ўва што пераўтвараецца каханне без прыроднага чуцця эмпатыі? І чаго вартая таленавіта выкладзеная ўзнёсласць без яе? Які кошт прызнанняў? Што б там чыстага і светлага ні хавалася ў істоце, сутнасць чужога будзе вяршыць свае справы і кіраваць учынкамі. Чужы не стане сваім.

Не думаю, што нехта купіцца на назву “Наіўны дэтэктыў”, чакаючы захапляльнага чытва з загадкамі і нечаканай развязкай. Ага, дэтэктыў… З аглушальнай праўдай пра ледакол “Чэлюскін”. Што тут наіўнага, дык гэта памкненне адной з жанчын ”ачысціць карму”, якая дасталася ёй ад бацькоў. Ачысціла? Мо хіба сваю. Але не дачкі…

“…Бацькі елі кіслы вінаград, а ў дзяцей на зубах аскома” – так кажа Біблія і канкрэтызуе: “Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які за правіну бацькоў карае дзяцей да трэцяга і чацвёртага пакалення…”

І няхай пазней прарок Езэкііль скажа, што “сын не панясе віны бацькі і бацька не панясе віны сына”, ды, мабыць жа, пра іншую кару казаў Бог, пра тое, што мы завём сёння спадчыннасцю.

І яно прарасло – тое зірне, кінутае бацькамі, не ў дачцы, дык ва ўнучцы, а аўтар раскрывае перад намі прастору шырэй – і з жахам разумееш, што не трэцяе і не чацвёртае пакаленне будуць хворымі, але ці не да дванаццатага. Гэты ўзняты Пятровічам пласт думання хочацца прапусціць, не чапаць, бо ж дзе і ў чым тады выйсце, калі ці не ў кожным з нас чакаюць свайго часу метастазы: хто не быў ахвярай, быў катам, хто не даносіў – той браў цішком ці адкрыта, хто не хлусіў – той маўчаў… Менавіта таму чытаеш ліст галоўнага сведкі, дзе ўсе кропкі над і расстаўленыя, і дакладна ведаеш: а выкінуць жа гэты ліст. Проста выкінуць…

“А потым яны заснулі. Заснулі пасярод белага дня, як дзеці ў дзіцячым садку…”

– гэта ж пра нас. Трошкі пашмыгалі носам, трошкі жаласлівых слоў сказалі, яшчэ слязінку пусцілі – такое наша пакаянне.

І далей можна грашыць з лёгкім сэрцам. Расціць тое семя, дзе некалі зноў паспее кіслы вінаград…

Можа падасца, што “Нічый Чарнобыль” выпадае з тэмы кнігі, але тое хіба на першы позірк. Бо там жа зноў – пра чалавека. Пра ягоныя здольнасці пераўтварацца і мімікрыраваць да немагчымага. Там жа зноў – пра беспакаранасць вінаватых і горкую бядоту нявінных. Пра нашую здольнасць забываць і дараваць там, дзе трэба помніць і караць…

Нічога не пішу тут пра мову і стыль – Пятровіч застаецца верны сабе ў пісьме: вельмі ахайны, чуйны да слова, вынаходлівы ў плане нечаканых тропаў. Льга б было прывесці колькі метафар, эпітэтаў, ужо і навыпісваў быў, ды падумаў: не стану пазбаўляць іншых радасці сустрэць ёмкае, сапраўднае і прыгожае ў тэксце.

В. Г.

 

Пакінуць адказ