Цела мігдалу. Ганна Шакель

Цела мігдалу.  Ганна ШакельНекалькі тыдняў запар я амаль штодзень зазірала ў гэты паэтычны зборнік. Прачытала раз, пачала спачатку. Верасень – шалёны месяц, то засяродзіцца на паэзіі складана, але я спрабую.

🏆 А надоечы кніга стала пераможцай прэміі Наталлі Арсенневай за 2023 год, то самы час пра яе напісаць.

📌 паэзія – котка
ліжа ранкі
шурпата

📓 Як зазвычай бывае ў мяне з паэтычнымі зборнікамі: адчула не ўсё і не з першага разу. Але было то, што трапіла ў сэрца імгненна.

📌 сны – гэта кнігі
што пішуць нам
нашы памерлыя
таму і варочаюцца
ўначы
пад коўдрай
павекаў
вочы
бо чытаюць

🖤 Найбліжэйшая з усіх тэмаў, якія ў мяне атрымалася счытаць тут, – тэма роду, каранёў. Гэтыя вершы вельмі цёплыя і вельмі балючыя. З іх сачыцца любоў – чырвонымі кроплямі.

📌 баба Маня нарадзілася
ў сям’і з палямі, сенакосамі і лесам.
бацька ведаў, як сабраць радыё,
і не жадаў ведаць ні кукарэку
ад чалавека
пад сталінавым партрэтам.

радыё,
палі, сенакос і лес
забралі разам з бацькам.
у сям’і нарадзілася ціша…

✨ Мая любоў – вельмі кароткія і вельмі канцэнтраваныя вершы. Магчыма, таму, што я часта магу згубіцца і разгубіцца, калі верш занадта вобразны, складаны і прыгожы 😅 Але мне ўсё ж прыемней думаць, што кароткі тэкст – гэта як скачок у палонку: хоп – і ты ўжо ўся ў ім.

📌 бог як кісларод:
чым бліжэй да зямлі,
тым у грудзях яго болей

👌🏼 А пра кнігу яшчэ хочацца сказаць, што яна вельмі прыгожая. Ілюстрацыі, папера, шрыфт, вёрстка – ваш унутраны эстэт будзе ў захапленні. Можа быць яшчэ і таму я ўсё гартаю і гартаю яе, перачытваючы то адзін верш, то другі ўжо цягам некалькіх тыдняў.

каленка сонца вытыркаецца з дзірак аблокаў
зімовы дзень мне па сярэдзіну лыткі
я плятуся
калоцячыся
дадому
як падлетак
ці то холадна
ці то страшна.

kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ