Сёння – зусім новая кніжка, якую я купіла напрыканцы ліпеня на пікніку @picnic.letucien. Мы адразу з Захарам пачалі яе чытаць, але ён узяў паўзу (дачытвае іншую кнігу), а я не магла трываць: дачытала без яго 🤭
✨ Гэта дынамічная гісторыя, расказаная ад першай асобы 11-гадовай Палінай, што жыве ў невялікім мястэчку ля запаведніка. Гэта штосьці кшталту дзённіка з дадатковымі фрагментамі, малюнкамі і схемамі.
🧶 На дварэ 2028 год і тэхналогіі адносна нашых цяперашніх прасунуліся далей. Гэта як мінімум адчуваецца па тым, што Паліна расказвае пра школу: напрыклад, у іх ёсць урок 3D-працы. А яшчэ ў іншых дзяцей ёсць ужо смарфоны-пальчаткі, у той час як у Паліны звычайны стары з разбітым экранам. У тэксце будзе яшчэ багата розных тэхналагічных цікавінак, і чытаецца гэта ўсё надзвычай цікава. Перш за ўсё таму, што не выглядае як штосьці зусім фантастычнае ці з далёкай будучыні.
🔎 У мястэчку адбываюцца дзіўныя рэчы. Ваўкі пачалі выходзіць з запаведніка і нападаць на людзей. І гэта вельмі турбуе Паліну, бо яна цікавіцца жывёламі. А яшчэ жывёльны свет вывучае яе тата, якога яна не бачыла з самага дзяцінства, бо ён у нейкіх экзатычных місіях. У дадатак да ўсяго да яе на дах прылятае аўтаномны нейрадрон і… яны з ім пасябруюць.
❓ Карацей, перад Палінай стаіць шмат пытанняў, на якія яна намагаецца знайсці адказы. Чаму жывёлы так паводзяцца? Адкуль узяўся дрон? І ўрэшце, дзе тата?
📗 Тут будуць закранутыя і стасункі з мамай, і з аднакласнікамі, і нават дробка першага кахання ці хутчэй прешай прыязнасці будзе. А яшчэ будуць кепскія рабяты, якія дрэнна абыходзяцца з жывёламі, і сапраўдныя злачынцы. Будзе крыху жорсткіх апісанняў, звязаных з жывёламі, – непрыемных, але не трываць можна. Ну і ўсе злачынцы напрыканцы будуць пакараныя, не пераймайцеся.
👌🏼 Класнае чытво для падлеткаў гадоў з 9 і да 13-14. Але і мне спадабалася! Кніга аформлена так, як цяпер зазвычай афармляюць падлеткавыя кнігі: шмат чорна-белых ілюстрацый, тэкст падзелены на блокі, зручны шрыфт, тоўстая шурпатая папера. Карацей, маем сваё вельмі сучаснае чытво для малодшых падлеткаў. Ну файна ж!