Хобіт. Джон Роналд Руэл Толкін (Франц Корзун)

Хобіт. Джон Роналд Руэл Толкін (Франц Корзун)

“Хобіт” Толкіена па-беларуску – заўвагі і прыемныя сюрпрызы.

Сёлета пабачыў свет пераклад Дж Р. Р. Толкіна “Хобіт” у перастварэнні Франца Корзуна. Кніга была чаканай і важнай. Справай гонару было набыць яе і ацаніць плён працы адважнага перакдачыка.

Пачнем з недахопаў і заўваг. Адразу папярэджу, што іх даволі шмат, але збольшага яны аднатыпныя, таму стамляць чытача поўным пералікам не буду.

Першае і галоўнае, што кідаецца ў вочы гэта русізмы і невымушанае калькаванне. Напрыклад, у перакладчыка гук “раздаўся” – вядома, па-беларуску можна раздацца толькі ў шыркі, а адносна гука такі дзеяслоў ужываць непісьменна. “Ледзь не патанулі” – замест правільнага “ледзь не ўтапіліся”, “дождж прыпусціў” – хіба дождж прыпускае? Ён ўзмацняецца ці сцішваецца… Ёсць “блікі” замест “водбліскаў”, “павалаклі” замест “пацягнулі” і г.д.

Далей – “з вострымі адчуваннямі” – так, па-руску ёсць устойлівы выраз “острые ощущения”, але ж у абвестцы ўзломшчыка гэта можна было замяніць на нешта больш мастацкае ёмкае і адпаведнае тонкаму стылю і прыхаванаму гумару сітуацыі, дзе Гэндальф зрабіў “абвестку” за хобіта.

Хапае дробных, але крыўдных памылак кшталту – “падобны на”, замест больш правільнага “падобны да”, ці “забыўся пра” – замест “забыўся на”. Ці напрыклад “кішэнь” у адным сказе жаночага, у другім – мужчынскага роду. Часам бачны недахоп банальнай стыль-рэдактуры – калі старонняе вока лёгка б паправіла тое, што перакладчык прапускае часам не наўмысна, але стаміўшыся – напрыклад, “ісці гэтай сцяжынай было вельмі павольнай справай” – безумоўна лепш “маруднай”, не кажучы пра тое, што сама будова сказа не беларуская, па-ангельску – ок, але мы так не гаворым. Ці “тым вышэй уздымаўся іх настрой” – настрой жа не сцяг, як ён уздымаецца? Проста “паляпшаўся” і досыць. Ці “яны ішлі ведучы поні ў руках” – як гэта, а як можна яшчэ? Хапіла б і простага – “ішлі, ведучы поні”. “Чую як пахне дымам ад вогнішчаў” – як гэта – вогнішчы гучныя, што іх чутно? Ці “здаецца, пахне эльфамі” – думае Більба. Эльфы, прабачаюся, не мыліся даўно – чаму імі пахне хобіту? Вядома, трэ перкласці гэта як “здаецца, тут не абыйшлося без эльфаў”…

Гэта некаторыя прыклады, што ілюструюць агульныя праблемы тэксту.
Традыцыйная праблема і з фразеалагізмамі – бясспрэчна, што гэта самая цяжкая частка перакладу, але трэ ці апускаць ці шукаць адпаведнікі, але не калькаваць.

Ёсць выпадкі трапляння перакладчыка ў пастку залішняй велягурыстасці – “знаўца ў паяляванні на скарбы” – навошта гэтае невымоўнае шматслоўе, калі маецца слова “скарбашукальнік”, якое 100-адстокава пераде змест і пры чым адным словам. Ці, напрыклад, “хоць бы шматок чалавечынкі ў рот” – кажа троль. Навошта гэты “ў рот”? Калі дастаткова проста “хоць бы шматок чалавечынкі?” І так зразумела, што не ў нос і не ў вушы.
Далей тут жа ў працяг – “дужасць”. Навошта сумнеўнае слоўца, калі ёсць “сіла”, “моц,” “магутнасць” – словы, якія на ўсе густы і адценні апісваюць характарыстку?

Трапляюцца сумнеўныя выпадкі выбару сіноніма для перакладу простых словаў – так замест гаманца і кашаля, якія выдатна пасуюць і гучаць цалкам па-беларуску, абіраецца “каліта” – якая, безумоўна, мае права на існаванне як такая, але навошта? Нехта пачуе “калітку”, хтосці хваробу “каліт”, але наўрад адразу прыпомніць састарэлую і мала ўжываную у Беларусі назву гэтай рэчы. Пры гэтым перакладчык паленаваўся адшукаць цудоўнае ў сваёй ёмістасці слова “рыштунак” і замяніў яго сумнеўным і абсалютна не карэктным у адносінах да цалкам патрэбных вандроўнікам рэчаў “прычындаллем” – якое то было навешанае на поні, то раскіданае па пячоры…

Ёсць проста эпічныя моманты перакладу – напрыклад, Гэндальф з нейкага пераляку раптам ускрыквае замест “- Тысяча чарцей!” – не паверыце “- Тысяча сланоў!” Перачытаў тройчы, каб упэўніцца, што не прымроілася.

Трэба разумець гэты пасаж, як клопат перакладчыка пра тонкую дзіцячую псіхіку і хрысціянскую мараль, якія імгненна і непапраўна сапсуюцца ад такога бруднага і чорнага слова… Іншых тлумачэнняў няма. Адна справа, каб тут усе імёны нячыстага пералічваліся, але ж проста ўстойлівы выраз… Гэта выглядае трошку сумна і вузкалоба. Але слон з ім.

Маюцца злоўжыванні клічным склонам – ніяк іначай як “Торыне”, да гнома ніхто не звяртаецца. Безумоўна, мае права на існаванне для калярыту і архаікі, але выглядае трошку навязлівым праз звышчастае ўжыванне.

Гэта – што да заўваг.
А што датычна плюсаў – то іх таксама шмат. І гэта вельмі ўсцешыла.
Найперш, адзначу, што кніга перакладалася з любоўю да тэксту, герояў ды аўтара і атмасфера толкіенаўскай магіі і дабрыні засталася. Менавіта гэта найважнешы момант, за які вельмі перажываеш, беручы ў рукі такую суперкласіку ў перакладзе.

Асобнага кампліменту заслугоўваюць вершы – напрыклад, загадкі Горлума і Більба – яны чытаюцца гладка, складна, па-беларуску, але і адначасова і з захаваннем настрою ангельскай перашакрыніцы. Добрая і песенька гоблінаў, калі яны схапілі гномаў у гарах і г.д.

Наогул ёсць вялікія кавалкі фактычна бездакорнага тэксту, што для такіх вялікіх і складаных перакладаў – ужо прыкмета вялікай працы і поспеху. Каб не быць галаслоўным, адзначу частку дзе Більба ў пячоры знаёміцца з Горлумам – падаецца, прычапіцца няма да чаго – добрыя дыялогі, апісанні, цудоўна перадаеццца напруга, дынаміка – то бок поўны эфект прысутнасці чытача ў цёмных сутарэннях пад гарамі.

І яшчэ важны момант – перакладчык унік спакусы прыдумляць сваё замест перакладу Толкіенаўскага тэксту. Сюжэт, словы, імёны– усё добра. Пашкадаваў амаль усе лакацыі – тапаніміка зразумелая і лагічная – ёсць проста цудоўныя, вельмі блізкія беларускаму вуху, рака Струмяніца, Глыбокі Дол, рака Пушчанка і г.д. Не так гладка з уласнымі імёнамі – Дубатарч і ці Бугай-Роу гэта спрэчна, але пакінем эксперыменты на сумленні перакладчыка. Галоўнае, што ён не прапануе прадзірацца праз сумніўныя новатворы і грувасткія канструкцыі, але далікатна вядзе чытача па сюжэце, як дзіцё за руку па таямнічай сцежцы насустрач цуду!
Дадам яшчэ сваю агромністую ўдзячнасць і павагу за тое, што гэта ажыццявілі ў Беларусі. Гэта важна і неацэнна.

P.S.
Малюнкі? Карта і вокладка – адназначна добрыя, але дробныя крамзолі тонкім алоўкам па контуры стронак – проста дадаюць нейкага бруду і неахайнасці. Навошта яны? Не зразумела. Усім вядома, што праца мастака каштуе вельмі дорага, але і гэта не нагода псаваць добрую кнігу.

У. С.


Гэта гісторыя пра пошук мужнасці ўнутры сябе. І хоць не ў кожнага ў жыцці будзе свой Гэндальф, пашырыць свае ўласныя межы можна і ўласнаруч. Або пад уплывам сітуацый.

Але я лічу, што дакладна добрая вандроўка хоць на каліва, але зменіць тваё ўяўленне пра сябе. Пакажа, што для цябе сапраўды каштоўна і на што ты здатная. Ды так, што простага “ваў” будзе недастаткова.

Мой Гэндальф – гэта жыццёвы вопыт, вандроўкі, абставіны і людзі, якія сустракаліся па дарозе. Асабліва тыя, з кім так блізка былі, што не маглі не пабачыць каштоўнае адзін для аднаго. Так блізка, што часам не-не ды закраналі локцем. Хочаш даць буську, але грукаешся лбом. І тады ўжо сам глядзі – гэта ты можаш дазволіць ці занадта ўжо? Чаму так рэагуеш? Можа, гэта нейкі стогадовы боль цябе трывожыць?

Я прайшла свой шлях Більба ад няўпэўненасці і страху да “я моцная і я адолею”, але свой спакой у хобіцкай утульнай гасцёўні яшчэ не адчула. Мабыць, мае прыгоды яшчэ працягваюцца і недзе …

Далёка на ўсход, за Імглістыя Горы,
Праз рэкі, праз пушчы, тунэлі, азёры…

Мяне чакае легендарнае “золата гномаў”. І Цмок, з якім прыйдзецца за яго пазмагацца.

P.S.

Ды нешта мне падказвае, што цмок заўсёды жыве ўнутры, і перадолеўшы яго, здолею ўсё.

zoracka24.


Вельмі ж няпроста напісаць водгук на даўно і ўсімі прызнаную кнігу. Але мы маем пераклад, і тут ужо ёсць пра што гаварыць. Шчыра прызнаюся, было б куды больш вальготней, каб было веданне мовы арыгінала, але тут мушу абыходзіцца тым, што маю. А маю я пераклад Хобіта на рускую мову.

І гэты пераклад некалі адбіў у мяне ахвоту чытаць “Хобіта”. Ну так, не здзіўляйцеся – я не чытаў раней гэтую кнігу. А чытаць пасля экранізацыі…

Увогуле, з перакладамі адносіны ў мяне не простыя. Я… раўнаваў. Ну праўда, вось чытаеш нешта замежнае, цікавае, адарвацца немагчыма – як той жа “Таямнічы востраў” Ж. Верна… А нашы дзе такія? Дзе “Закінуты свет”  К. Дойля з ягоным магутным прафесарам Чэленджарам?

Таму да перакладаў у мяне былі вялікія патрабаванні, бо ж звык да лепшых рэчаў. І пасля “Падарожжаў Гулівера” не змог я чытаць Дзікенса, пяць разоў спрабаваў чытаць і кінуў “Сабор Парыжскай Божай Маці”… І вось тая ж гісторыя з  “Хобітам” у перакладзе Рахманавай.

Чаму? Ды з-за мовы. Кніга трапіла да мяне пасля чытання Ільфа і Пятрова, і было нейк прыкра сустракаць падобныя слоўцы і моўныя канструкцыі, дзе былі знаёмы сарказм, іронія, нечаканыя метафары. У гэтым фэнтэзі Толкіна усё гэта для мяне выглядала чужым, залішнім. Увогуле ж, увесь тэкст падаўся нейкім… несур’ёзным. Быццам пустая казка, з якой пасмейваецца сам апавядальнік. У многіх і многіх месцах сустракалася абсалютна непатрэбная… пацешнасць ці забаўнасць, скажу так.

То пераклад Франца Корзуна пачынаў чытаць з вялікай перасцярогай, прызнаюся чэсна.

І – не спыніўся на першай старонцы.

Чытаў сабе і чытаў, гісторыя хобіта і ягоных сяброў лёгка ўваходзіла ў свядомасць, не выклікаючы практычна нідзе ўнутранага пярэчання ці неўразумення. Бадай, самае галоўнае: тэкст набыў сур’ёзнасці, аповед не падаваўся наўпрост забаўным. Лёгкія для ўспрымання канструкцыі сказаў, упарадкаваныя дыялогі. І адсутнасць таго, што я сёння называю ёрніцтвам літаратурным – калі, напрыклад, пра хобіта ягоны госць кажа вось так:

– Легко возбудимый субъект, – сказал Гэндальф, когда все заняли свои места. – Подвержен необъяснимым приступам, но один из лучших – свиреп, как дракон, которому прищемили хвост дверью.

Не ведаю, як там у арыгінале, але ў любым выпадку, нават калі там “суб’ект” і далей даслоўна, дык ёсць знаццё, што ў іншых мовах слова можа прымаць некалькі значэнняў у залежнасці ад розных абставін. Як той жа “фак” у амерыканцаў. У беларускім перакладзе гэтае месца Францам Корзунам падаецца так:

– Уразлівы хлопец, – сказаў Гэндальф, калі яны зноў расселіся. – У яго бываюць забаўныя дзівацкія прыпадкі, але ён адзін з найлепшых, паверце, адзін з найлепшых – люты, як цмок, якому зашчамілі хвост.

Заўважце, які паважлівы Гэндальф беларускі і які з’едлівы Гэндальф у расейскім выданні. Недзе з пачаткам нулявых даводзілася паўсюль сустракаць падобныя канструкцыі (я пра “суб’ект”), яны сталі сапраўднай навалай, аўтары быццам спаборнічалі адзін з другім пісаць як маго больш “пад Ільфа-Пятрова”, арыгінальнічаць у сарказме і быццам незласлівай іроніі, але агулам тое падавалася сапраўднай бездапаможнасцю ў пошуках свайго стылю. А ў гэтым перакладзе для мяне тое гучыць сёння непавагай да тэксту.

Ну і агульнае ўражанне дапаўнялі ілюстрацыі – нешта такое ўжо дзіцячае, карыкатурнае, вуглаватае, што ніякай сімпатыі не выклікала.

Малюнкі ў беларускім выданні – лёгкая, але строгая графіка без намёку на хіхіканне. Тут нашмат больш агульнай павагі да самой гісторыі – вось галоўнае.  Варта зірнуць усяго толькі на выявы Гэндальфа там і тут, дзе адзін ну проста для дзіцячай кніжкі, зрэшты, як і сам пацешна-дуракаваты хобіт…

Параўнаем яшчэ некалькі сказаў.

У тыя часы на Поўначы жыло шмат цмокаў, а золата, відаць, станавілася ўсё менш, бо адны гномы ўцякалі на Поўдзень, другіх пазабівалі, а цмокі ўчынялі ўсё новыя і новыя спусташэнні і разбурэнні.

В те времена на Севере расплодилось множество драконов, а золота, как видно, становилось все меньше, потому что гномы кто бежал на Юг, кто погиб, и картина всеобщего разорения и опустошения приобретала все более угрожающие размеры.

“Картіна…” і далей да канца сказа – ну, хіба гэта мастацкі тэкст, а не цытата з нейкага дакладу ААН?

Далей:

Так вот, был там один особенно жадный, сильный и отвратительный змей по имени Смог.

А сярод цмокаў асаблівай хцівасцю, дужасцю і злосцю вылучаўся адзін, якога звалі Смаўг.

Згадзіцеся, што ў беларускім перакладзе куды больш акрэсленасці. І – імя цмока. Якое больш фэнтэзійнае?

Потом дракон вернулся назад, к Горе, прополз через Главные Ворота и очистил от жителей все улицы и переулки, подвалы, особняки и галереи. И когда на Горе не осталось в живых ни одного гнома, Смог забрал все сокровища себе.

Потым ён вярнуўся назад, прапоўз праз Цэнтральную браму і спустошыў палацы і дамы, вуліцы і завулкі, калідоры, галерэі і сутарэнні. Пасля таго жывых гномаў унутры больш не засталося, і ён забраў сабе ўсе іхнія скарбы.

Вось усяго толькі пяць літар, адно слова – але як мяняецца сэнс і кантэкст! Глядзіце: у расейскім перакладзе “забраў усе скарбы сабе”. У беларускім: “ён забраў сабе ўсе іхнія скарбы”. Адучлі розніцу? У першым выпадку змей забраў проста скарбы. Нейкія там, з горада. У другім выпадку  цмок забраў скарбы жыхароў, забітых ім.

Яшчэ. “Очістіл от жітелей…” Ад гэтага патыхае вельмі ўжо непрыемным… Як і далей у наступным сказе літаральна замест людзей – насельніцтва:

По ночам он выползал через Главные Ворота, похищал жителей Дейла и съедал их, так что Дейл постепенно пришел в упадок, а население частью погибло, а частью разбежалось.

Пасля ён не раз выпаўзаў праз вялікую браму, нападаў на Дол, хапаў людзей, асабліва дзяўчат, каб потым зжэрці, і ў выніку Дол быў канчаткова разбураны, а ўсе людзі загінулі, альбо ўцяклі.

Звярну ўвагу на назву горада. З Дэйлам адразу асацыіруецца Чып і Гаечка, ужо прабачце. Дол – гэта вельмі трывалае нешта. Нашае, знаёмае, і разам з тым – дастаткова загадкавае ў гэтым тэксце.

Вельмі мяне цікавілі песні, спынюся на адной, мо й галоўнай для гномаў.

За синие горы, за белый туман
В пещеры и норы уйдет караван;
За быстрые воды уйдем до восхода
За кладом старинным из сказочных стран.

Параўнаем:

Далёка на ўсход, за Імглістыя Горы,
Праз рэкі, праз пушчы, тунэлі, азёры
За скарбамі продкаў мы мусім ісці
У глыбокія лёхі, старыя пячоры.

Галоўнае, апроч іншага: мэта паходу акрэслена адразу, ды яшчэ як канкрэтна: не за нейкімі міфічнымі скарбамі, але за скарбамі продкаў.

Далей чытаем:

На эльфа-соседа, царя, богача
Трудились они, молотками стуча;
И солнечным бликом в усердье великом
Украсить могли рукоятку меча.

у перакладзе Франца Корзуна:

Там зброя кавалася для ваяроў,
Для мужных асілкаў, цароў, каралёў.
А зоркі і месяц святло аддавалі
Для аздаблення чароўных мячоў.

Авохці… Як кажуць, адчуйце розніцу: працаваць вольна і каваць зброю для ўсіх жадаючых, ці працаваць на цара і багача, на суседа.

Не магу утрымацца ад параўнання яшчэ аднаго чатырохрадкоўя:

И пили они что твои короли
И звонкие арфы себе завели;
Протяжно и ново для уха людского
Звучало их пенье в глубинах земли.

У беларускім выданні:

Як жа ўсё гэта мінула даўно!
Іскрылася ў келіхах срэбных віно,
І залатаструнныя арфы спявалі…
А сёння тых песень ужо не чутно.

“Завелі себе арфы” – гэта вельмі паэтычна? А як п’юць каралі? Вольніца для фантазіі, бо ж нешта не сустракаецца устойліва выразу кшталту, піў як кароль. Гэта – бясконца многа? Нейк асабліва вытанчана-вычварна? Дык пра вытанчанасць якраз у беларускім перакладзе.

Ну і яшчэ па два двухрадкоўі:

За быстрые воды уйдем до восхода,
Чтоб золото наше отнять у врага.

і

На цмока пачварнага мусім ісці,
Каб вызваліць скарб наш і нашы пячоры!

Ізноў вялікая розніца, тлумачыць тут няма чаго.

Няспешна чытаю па вечарах, мне заходзіць, як сёння кажуць чытачы, казачная атмасфера ствараецца з некалькіх прачытаных сказаў. Бачныя героі, бачная краіна. Ахайны тэкст…

Кажуць, рыхтуецца яшчэ адзін пераклад гэтай кнігі на беларускую мову. Што ж, вельмі цікава будзе параўнаць.

В. Г.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

One thought on “Хобіт. Джон Роналд Руэл Толкін (Франц Корзун)

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме