Хлопец Томас. Сяргей Календа

Хлопец Томас. Сяргей Календа

Два дні запар чытаем гэтую кнігу з Івонкай, а разам з Захарам – чытаем яе ж перад сном. І вось што маю сказаць: зноўку Сяргей напісаў кнігу, якая даспадобы і старэйшаму, і малодшай. А ў іх, між іншым, 6 гадоў розніцы ☺️

📘 Калі вы раней чыталі “Хлопчыка Томчыка”, то: гэта прыблізна тое самае, толькі гісторый болей і болей ілюстрацый. А яшчэ – бацькоўскага дзэну, асабліва ў таты Томаса.

📗 Калі вы “Хлопчыка Томчыка” не чыталі, то: гэта іранічныя, крыху дзівакаватыя, быццам простыя на паверхні, але з падсэнсамі і падтэкстамі, гісторыі пра хлопца Томаса і яго сям’ю: маму, тату і старэйшага брата. З Томасам здараецца шмат рознага, і не заўсёды гэта лёгка даецца бацькам 😅

✨ Мне падабаецца, што аўтар расказвае пра Томаса спакойна, з уласцівым яму покерфэйсам. Падабаецца і тое, як ён выкарыстоўвае паўторы, дробныя дэталі. А часам – і нечаканыя фіналы. Здаецца, мусіла быць яшчэ штосьці, але – не, на наступнай старонцы ўжо новая гісторыя. І вось акурат у гэтым месцы пачынаецца самае цікавае: абмеркаванні і разважанні.

🌿 Гэтая кніга адрозніваецца ад першай лірычнымі замалёўкамі, апісаннямі прыроды і надвор’я. Адчуваецца, што  Томас падрос, а разам з ім – і патэнцыйныя чытачы. Івонка, якой цяпер 3 гады, яшчэ ў катэгорыі чытачоў “Хлопчыка Томчыка”, а вось 9-гадоваму Захару добра ідзе “Хлопец Томас”, хаця герой і адчувальна маладзейшы за чытача.

👦🏻 Захар шмат смяяўся падчас чытання: і з тэлевізара, які Томас “пакарміў” сокам, і з чыстай машыны, якую Томас забрудзіў, чыхнуўшы з булачкай у роце. А гісторыя пра цацкі, якія зніклі, пакінуўшы для гульняў звычайную палку, стала нагодай для дыскусіі. Як і гісторыя пра тое, як Томас клікаў да сябе бацькоў і не хацеў прыходзіць сам, каб нешта паказаць.

👌🏼 Атрымалася файная кніжка, якую я шчыра раю. Яна, дарэчы, на дзвюх мовах: па-беларуску і па-англійску. Можна чытаць і так, і так. І весела, і карысна.

kniznyja_razmovy


Народная мудрасць сцвярджае, што чужыя дзеці растуць хутка. Здаецца, во днямі выйшла кніга Сяргея Календы пра хлопчыка Томчыка, а вось ужо і другая просіцца ў рукі – пра Томаса. Вырас хлопчык…

Не ведаю планаў Сяргея Календы, але калі ён такім чынам будзе адзначаць пэўныя перыяды жыцця свайго сына, то гэта будзе выключны для беларускай дзіцячай літаратуры праект.

Гэта кніга зроблена з любоўю. Далібог, не даводзілася раней бачыць такога: тэкст напісаны – з любоўю, створаны малюнкі – з любоўю, звярстана кніга – з любоўю. І ўсё разам пакідае шчымлівае адчуванне сузірання бацькоўскіх шчырых пачуццяў (пад “бацькоўскіх” варта разумець любоў бацькі і маці, якія тут прысутнічаюць абое).

Асабліва кінуліся ў вочы кавалкі тэксту на старонцы – як і ў першай кнізе, беларускі тэкст размяшчаецца поруч з ангельскім. Што цікавае і падкрэслівае трапяткасць стваральнікаў кнігі: тэксты амаль паўсюль роўныя па аб’ёме, чаго дасягнуць, хай пацвердзяць мае словы перакладчыкі, надзвычай складана.

Гэта тое, што тычыцца знешняга, прэзентацыйнага боку кнігі.

А калі пачытаць, дык цешышся думцы: начынне адпавядае ўпакоўцы.

Кніга, сапраўды, атрымалася менавіта такой, якая лічацца дзіцячай: яе цікава пачытаць дарослым і паслухаць дзеткам. Сяргей Календа пайшоў шляхам не стварэння нейкага дзівоснага свету – ён паставіў у цэнтр звычайнага свету свайго сына – і сваю сям’ю – і цяпер глядзіць на іх, як на сапраўдны цуд.

Быццам бы самыя простыя, будзённыя гісторыі адбываюцца ў сям’і, дзе падрастае дзіця. Што незвычайнага? Ды тое, што нараджаецца Асоба. Маленькі чалавечак пачынае разумець гэты свет, родных людзей, ён прапускае праз сябе асаблівасці і акалічнасці, ён асэнсоўвае асяроддзе і сваё месца ў ім. “Бач, характар прабіваецца”, – казалі незласліва ў такія часы бабулі і дзядулі на сваіх маленькіх унукаў, якія ўжо сваімі учынкамі акрэслівалі сваю самасць.

Менавіта за гэтым назіраюць тата і мама, і канешне ж, нейкім чынам, па-рознаму, імкнуцца ўздзейнічаць на працэс фарміравання. Такім чынам, з другога боку – гэта карысная кніжка для тых, хто гадуе першае дзіця. Адно варта разумець, што Сяргей Календа не вынаходзіць ровар і не заклікае “Рабіце як я!”. Не і не. Ён расказвае пра свой асабісты вопыт – і тым гэты вопыт асабліва карысны, што ён і шчыры, і не выключна дадатны. Таму вельмі дарэчы во такое правіла:

А калі не атрымлівалася
Казаў сам сабе
“За гэта лайк не ставім”

Гэты вопыт бацькоўства багаты на дзеі, ён тычыцца самых розных бакоў росту маленькага чалавека. Недзе нечаму трэба вучыцца: павазе да іншых, правілам побыту, недзе  пераадольваць самае складанае – псіхалагічныя бар’еры, якія дарослым без вопыту бацькоўства пададуцца і смешнымі (той жа страх перад унітазам). А недзе вучыцца стрымліваць сябе. Зноў жа, паколькі гэта сапраўды практычны вопыт, апісанне пройдзенага шляху набывае асаблівую цікавасць.

Засталося пагаварыць пра сам тэкст. Календа ўмее пісаць, тут Амерыку не адкрыем. Ды гэты тэкст – вельмі асаблівы. З аднаго боку – самая звычайная проза, разбітая ў слупок. Але яна нечакана пачынае гучаць вершам, у яе з’яўляецца свая рытміка, якая цудоўна перадае настрой і атмасферу. Белы гэта верш ці верлібр, ці нешта іншае – я невялікі знаток паэзіі. Галоўнае для мяне – гучанне і лад. Яны ёсць, што дадае каштоўнасці кніжцы.

У Вільні самалёты
прызямляюцца і сядаюць
акурат у горадзе,

пралятаючы раўнютка
над тым раёнам,

дзе жыве Томас.
І самалёты добра чуваць
вясной, летам і восенню,
асабліва ў кватэры
з адкрытымі вокнамі.

Добрая кніга. І не проста зробленая добра, але насычаная дабрынёй.

В. Г.

 

Пакінуць адказ