Гэта кніга, бадай што адзінага ў нас навеліста Уладзіміра Сцяпана выйшла ў 2019 годзе. Але я тут парушу свае правілы (“кнігі ад 2020 года выдання”). Бо лічу, што такі аўтар абавязкова павінен прысутнічаць на гэтым сайце. Ён сам і ягоныя навелы – гэта вельмі важны ўнёсак у беларускую літаратуру, і недарэмна на аснове ягонай творчасці пішуцца навуковыя работы.
В.Г.
Як пачула ад аўтара, што ў яго выйшла новая кніга, дык адразу прыехала за ёй. Наслухалася кампліментаў ад пісьменніка, атрымала аўтограф. Вось за што люблю беларускую літаратуру — яна зусім побач.
Творчасцю Уладзіміра Сцяпана шчыльненька займаюся ўжо больш за 5 гадоў, бо ён — адзін з герояў маёй дыпломнай, магістарскай, а цяпер і кандыдацкай дысертацыі. Даследую там аўтабіяграфічную прозу, таму ў новай кнізе (калі даведалася, што гэта зборнік) таксама чакала такіх тэкстаў. Так і выйшла.
Зборнік складаецца з некалькіх апавяданняў і цыклаў мініяцюр. Мастацкія толькі апавяданні, усё астатняе — гэта нон-фікшн, аўтабіяграфічная кароткая проза. Думаецца, што Сцяпану ў літаратурнай дзейнасці дапамагае мастацкая адукацыя: ён скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (па спецыяльнасці «жывапісец»), працаваў мастаком-афарміцелем і займаўся кніжнай графікай. І варта адзначыць, што ў кароткай прозе Сцяпан — як рыба ў вадзе. Гэта адсылачка да рыбалкі — яшчэ аднаго захаплення пісьменніка, акрамя літаратуры і мастацтва.
Апавяданні ў гэтым зборніку вельмі рэалістычныя. Маюць дакладны сюжэт, але часам заканчваюцца вельмі навелістычна: нечаканай развязкай. Мне вельмі спадабалася, напрыклад, апавяданне “Сустрэча”, дзе аўтар паказвае сітуацыю, у якой ад адной невялічкай падзеі можа залежыць лёс чалавека. Прычым розніца паміж сцэнарыямі яго далейшага жыцця — каласальная. Звычайна апавяданні ў Сцяпана вострасацыяльныя і актуальныя. Напрыклад, апавяданне “Дзеці”, у якім даволі трагічна паказаныя адносіны бацькоў і дзяцей.
Але большая частка кнігі — гэта цыклы лірычных мініяцюр. Кожны цыкл мае назву, а мініяцюры ў ім — як главы рамана, з загалоўкамі і апісаннем асобных фактаў ці эпізодаў з жыцця пісьменніка альбо некаторых яго родных ці блізкіх.
Як я адзначала раней, Уладзімір Сцяпан — заўзяты рыбак. Пра гэта ведаюць усе, хто хоць раз завітваў на яго старонку ў Фэйсбуку. Там Уладзімір актыўна дзеліцца тэматычнымі здымкамі, прычым заўжды вельмі атмасфернымі, а таксама піша адпаведныя тэксты.
Вось такія тэксты сабраныя ў цыкл мініяцюр “Няўлоўнае”, які мае падзагаловак “аповесць”. Сапраўды цудоўная і шматзначная назва “Няўлоўнае”, у якой адначасова схаваны і дзеяслоў “лавіць”, які непасрэдна спалучаецца з рыбалкай, і пачуццё таго, што ёсць моманты, якія з цяжкасцю паддаюцца фіксацыі. І гэта адчуваецца ў мініяцюрах: колькі ўсяго застаецца па-за кадрам, бо немагчыма яго перадаць словамі. Сапраўды, няўлоўныя рэчы.
Я далёкі ад свету рыбалкі чалавек, але яшчэ з дзяцінства маю цудоўныя ўспаміны, звязаныя з гэтай справай. У нашай сям’і ёсць заўзяты рыбак, муж татавай сястры, які перадаў сваё захапленне ўсім навокал. Таму калі ў маім дзяцінстве мы збіраліся разам у вёсцы, то часта ездзілі на Бярэзіну лавіць рыбу. Памятаю тое адчуванне, калі я, малая, на сваю простую вуду, змайстраваную з драўлянай палкі з балтом і гайкай замест грузіла, лавіла больш рыбы, чым мае старэйшыя стрыечныя браты 🙂 Таму ў рыбалцы я адчуваю нешта сакральнае, і нечакана з задавальннем прачытала гэты цыкл мініяцюр.
Я неяк пісала ў сваім тэлеграм-канале, што ў наш час фэйсбучныя запісы маюць асаблівую папулярнасць і набываюць новае жыццё ў кнігах. Ёсць такія запісы і ў гэтым зборніку: цыкл мініяцюр “Пра маму” з падзагалоўкам “запісы з фэйсбука”.
Тэма сям’і займае значнае месца ў творчасці Сцяпана. Напрыклад, можна прыгадаць цыкл мініяцюр «Дзед» з яго зборніка «Адна капейка», які выйшаў яшчэ ў 2012 годзе. Якраз яго я і даследую ў дысертацыі. Сямейныя мініяцюры Сцяпана падобныя, калі карыстацца мастацкай тэрміналогіяй, да замалёвак, эскізаў, накідаў. Але паступова з іх вырастае цэльнае і аб’ёмнае палатно, якое апісвае родных пісьменніка. У дадзеным выпадку маці, пра якую аўтар піша з вялікай пяшчотай і павагай.
Яшчэ некалькі цыклаў мініяцюр прысвечаны дзяцінству пісьменніка, яго армейскім будням, вучобе ў мастацкіх вучэльнях і іншым падзеям, асобам і здарэнням з жыцця аўтара. Мастаку і педагогу Сяргею Каткову Уладзімір Сцяпан прысвяціў цэлы цыкл мініяцюр, аб’яднаны назвай «Настаўнік» і падзагалоўкам «Аповесць пра Сяргея Пятровіча».
З задавальненнем прачытала амаль усе апавяданні і некаторыя цыклы мініяцюр. Уразілася гісторыяй, як навучэнцы мастацкай вучэльні і акадэміі палявалі на сапраўдныя чалавечыя чэрапы. Лічылася, што іх павінен мець кожны сапраўдны мастак, каб вывучаць і трэніравацца маляваць яго з розных бакоў. Вось і даводзілася студэнтам бадзяцца па могілках у пошуках чарапоў, часам нават арудаваць рыдлёўкай.
Зборнік атрымаўся не вельмі роўным, але ж на тое ён і зборнік, каб штосьці чапляла чытача больш, а штосьці менш.
А ў канцы гэтага тэксту звярнуся да менш пазітыўнага. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” зноў мяне расчароўвае сваім халатным стаўленнем да кніг. Нядаўна пісала пра мноства памылак друку і арфаграфічных памылак у новай кнізе Андрэя Федарэнкі “Жэтон на метро”, дык і новую кнігу Уладзіміра Сцяпана гэта не абмінула. Вельмі распаўсюджаныя памылкі плюс некаторыя словы не далічыліся літар. А яшчэ двойчы сустракаецца мініяцюра “Паліто”, на 70 (у раздзеле “Альбом”) і на 208 старонцы (у раздзеле “Букет”). Прычым трошкі адрозніваецца разбіўка на абзацы і нават тэкст у двух сказах. Звяртаю на гэта ўвагу, бо цана кнігі, няхай і ў цвёрдай вокладцы, даволі высокая. І за гэтыя грошы хочацца, каб чытачы атрымлівалі сапраўды якасны прадукт.