Харунжы. Verbera ventorum. Пятрэнка Юльяна.

Цёплым восеньскім днём ў мае рукі трапіла кніга, якая, бадай, брала на сябе занадта многа. Прынамсі, анатацыя абяцала героя, што мусіць апынуцца “ў самым віры загадкавых і невытлумачальных для яго падзей, дзе змова супраць кароны, і тайнапіс, і шпіёны, і нявыкрытыя забойствы высокапастаўленых людзей, шабашы і самае сапраўднае паляванне на ведзьмаў з вогнішчамі ды інквізіцыяй”. Ні больш, ні менш. Адчуваеце, чым пахне? Пр-равільна, прыгодніцкім сюжэтам ў гістарычных дэкарацыях. З каханнем і містыкай.

“Усё, як мы любім – думала я, абмацваючы мяккую вокладку. – Але ці пацягне аўтар чытацкія спадзяванні?”

Як аказалася, я дрэнна ведала аўтара.

Сюжэт пачынаецца адразу. Пісьменніца не дае сабе спакусы распісаць прыроду і пагоду на тры старонкі, заместа гэтага бярэ чытача за каршэнь і закідвае ў золкі восеньскі ранак. І гэта важна, бо сціслыя апісанні вымушаюць прадумваць кожную дэталь. Лес, замак, гарадская плошча, прыдарожная карчма – усё вымалявана коратка і змястоўна, усё рухае сюжэт і падпарадкавана яму. Героі жывуць і дзейнічаюць, а не “завісаюць” над кожнай былінкай, каб дэталёва разгледзець яе.

Дарэчы, пра герояў. Пры першым знаёмстве з кнігай чытача чакае сапраўднае выпрабаванне: не забыцца поўнае імя галоўнага персанажа. На 225 старонках тэксту Стэфан Тацэвіч неяк губляецца, заместа яго парадам  атрадам камандуе харунжы войска літоўскага. Камандуе паспяхова. Умее прыкрыкнуць на вінаватага салдата ці нават схапіць за грудкі. А як жа пан лаецца… Проста песня!

Заместа пераліку якасцяў (валасы русыя, вочы блакітныя, характар нардычны, без жонкі і шкодных звычак) аўтар пайшла рызыкоўным шляхам і пачала вымалёўваць характары персанажаў. Успаміны маленства. Сны. Думкі і разважанні. І самае шыкоўнае – сітуацыя выбару. Як весці сябе з палонным? Чым адказаць на знявагу? Што важней: сумленне ці абавязак? Героі выбіраюць, памыляюцца, шукаюць сябе… У гэтым яны не ідэальныя, а таму асабліва чалавечныя. Складваецца ўражанне, што пастаў перад вачамі з дзясятак незнаёмых людзей – і ты дакладна зможаш сказаць, ці ёсць сярод іх дзяншчык Лесік, і панна Юстына, і фанатычны айцец Клімаш… Мусіць, тут спрацоўвае нейкая асаблівая аўтарская магія.

Чарадзейныя здольнасці дапамаглі кнізе абмінуць яшчэ адну пастку – тыповую гісторыю кахання.

Галівудскія сюжэты вучаць нас, што калі ў гісторыі ёсць герой і гераіня, то ў фінале паміж імі адбудзецца пацалунак. Без варыянтаў. У 1605 годзе пра Галівуд яшчэ ніхто не чуў, а таму мы бачым як паступова разгараецца сімпатыя паміж двума няпростымі дарослымі людзьмі, як выпрабаванні сутыкаюць іх лбамі, і як з недаверу і страху вырастае гатоўнасць падставіць адно аднаму плячо.

“Калі дрэвы растуць побач, падстаўляючы адно аднаму спіны, – вецер не зломіць іх.”

Тэмай ветру, што гуляе чалавечымі жыццямі, наогул прасякнуты ўвесь раман. Гэта нібы нітка, на якую пацеркамі нанізана багатая інтрыга. А таямніц у сюжэце хапае. Ёсць моманты, калі нават не зразумела, ці гэта з горадам нешта не так, ці наш герой паступова губляе розум. Пагоні, бойкі, пераследванні, атрад суровых ліцвінскіх дыверсантаў у тыле ворага… “Verbera ventorum” ва ўсіх адносінах шляхетная і далікатная, але патэнцыял 16+ выкарыстоўвае поўнасцю. Тое самае тычыцца гістарычнага каларыту. Ён не проста прысутнічае ў тэксце, ён па сутнасці і ёсць тэкст. Вера і прымхі, чары і замовы, высакароднасць, а бывае, і звычайная чалавечая дурасць ствараюць сусвет, дзе побач з каталікамі і ўніятамі жывуць яшчэ паганскія звычаі. Дзе чуткі і пагалоскі правяць розумамі.

Раман можна парэкамендаваць аматарам гісторыка-прыгодніцка-містычна-фантастычных жанраў. Наогул, твор разлічаны на шырокае кола чытачоў. Гэтакая казка для дарослых, якую можна чытаць і для адпачынку, і для пошуку глыбокіх сэнсаў.

РукоНог


«Ногі зусім змерзлі — дарма, што ў дыхтоўных ботах. Восеньскі ранак 1605 года на ліцвінскай зямлі выдаўся золкі».

Так пачынаецца дэбютны раман гомельскай пісьменніцы Юльяны Пятрэнкі, які пераносіць нас у цьмяны час. Сямнаццатае стагоддзе, праўленне Жыгімонта Вазы, Паўночная вайна. У вайсковыя дзеянні ўцягнутая, лічы, уся Еўропа, а Беларусь, як заўсёды, на скрыжаванні шляхоў і інтарэсаў…

Кожная культура, мусіць, праходзіла перыяд, калі адчувалася вострая патрэба ў белетрызацыі нацыянальнай гісторыі. Часам былі мэтанакіраваныя заклікі — збіраць фальклор, пісаць пра даўнія падзеі з удзелам свайго народа. Так зрабілі, напрыклад, у Чэхіі і Польшчы, праўда, у эпоху рамантызму. Беларусы тады былі пазбаўленыя магчымасці напоўніцу заявіць пра сябе, нават беларускі нацыянальны геній Ян Баршчэўскі пісаў па-польску. Эпоха рамантызму прамінула, патрэба засталася. Таму кожная кніга, якая запаўняе белыя плямы нашага мінулага, карысная.

Тым больш што яркай фактуры і выйгрышных сюжэтных хадоў у рамане Юльяны Пятрэнкі хапае. Малады харунжы Стафан Тацэвіч, выконваючы даручэнне караля, сутыкаецца з непакорлівымі жыхарамі ўладання князя Бароўскага. Гараджане адмаўляюцца даваць грошы на вайну і ўвогуле мець стасункі з каралеўскімі пасланцамі. У іх пануе рэлігійная секта на чале са злавесным Клімашам, палююць на ведзьмаў, а вось і тая ведзьма — занадта разумная, занадта дзёрзкая, і ўвогуле выдае сябе за іншую персону… Вось і «лінія кахання».

Напачатку наравістая княжна Юстына Бароўская робіцца палонніцай Тацэвіча, напрыканцы ён сам аддае сябе ў яе рукі. А паміж гэтымі падзеямі неаднойчы абое пакрыўдзяць адно аднаго, пабачаць выскал смерці, нават у адной магіле на могілках Вільні, на шчасце, незасыпанай, паляжаць. А як пану перажыць момант, калі нахабная князёўна, скарыстаўшыся ягоным раненнем, замест харунжача аддае загады!

Часам падзеі нагадваюць камп’ютарны квэст на мяжы праўдападобнасці — напрыклад, калі адважны харунжы, пераапрануўшыся, прабіраецца ў падазроны горад, дзе яго то спрабуюць атруціць, то ажаніць. Стафану даводзіцца ўсвядоміць, што жыццё не чорна-белае, а даволі-такі стракатае. Уладары грызуцца між сабой, варагуюць людзі і канфесіі…

Пазнавальнасці надаюць рэальныя персанажы — згадваюцца і Леў Сапега, і Януш Радзівіл, і нават Марына Мнішак, у чыёй свіце ледзь не з’ехала ў Маскву адчайная Юстына Бароўская. Тэкст насычаны гістарычнымі дэталямі. Вы даведаецеся, што місюрка — шлем з кальчужным капюшонам, які прыкрывае шыю і плечы, бехцер — панцыр з уплеценымі металічнымі пласцінамі, карвашы — вайсковыя металічныя наручы. Ну а таямніца лацінскай часткі назвы, якая перакладаецца як «удары вятроў» — зразумелая: на скрыжаванні еўрапейскіх шляхоў, на якім наша Беларусь, самае месца для віхураў ды бураў.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Пакінуць адказ