Хам. Эліза Ажэшка (Ядвіга Бяганская)

Хам. Эліза Ажэшка (Ядвіга Бяганская)

Рэдка якую кнігу я чытаю без перапынку, але ж аповесць “Хам” Элізы Ажэшкі стала выключэннем, бо ад яе я сапраўды не магла адарвацца.

Ды і як можна заставацца безуважнай, калі перад тваімі вачыма адбываецца сапраўдная трагедыя: два чалавекі, якія кахаюць адзін аднаго (канешне, так, як кожны з іх разумее каханне), ушчэнт разбіваюць адзін аднаму жыццё.

Тут так востра і балюча паўстае адвечнае пытанне, якое апошнім часам надта хвалюе мяне асабіста: дзе тая мяжа кампрамісаў і саступак, неабходных у адносінах з каханым чалавекам, якую нельга пераходзіць, каб не страціць сябе, каб не здрадзіць сабе, каб захаваць сябе як асобу?

Бо людзі настолькі розныя: адзін кіруецца довадамі розуму, а іншым кіруюць эмоцыі, імпульсы, уражанні; нехта гатовы абмяжоўваць сябе сёння для лепшай будучыні, а іншы ўвогуле жыве адным днём, і сённяшнія адчуванні і настроі для яго важнейшыя за тое, што некалі будзе (і ці будзе яно); каханне, абавязкі і ўзровень адказнасці перад блізкім чалавекам кожны разумее па-свойму; адзін кожны дзень працуе над адносінамі, а другі, адзін раз зрабіўшы высілкі і дасягнуўшы мэты, расслабляецца і жыве па накатанай; не кожны задаволіцца тым, што мае, бо жыццё адно, і заўсёды ёсць шанец атрымаць нешта большае; не кожны здольны цярпець і прабачаць многае; ува ўсіх розны ўзровень эгаізму…

Мне шкада абодвух герояў, але ж і абодва яны, на маю думку, вінаватыя ў той трагедыі, якая адбылася (спойлеры не раблю). Уступаючы ў адносіны, яны, хаця і мелі нейкія ілюзіі, але ж мелі і агульнае ўяўленне адзін пра аднаго. Да таго ж ім было ўжо не па дваццаць гадоў. Таму гэта быў іх свядомы выбар – і адказнасць ляжыць на абодвух, хаця на першы погляд можа здавацца, што вінаваты той, чыя паводзіны больш дрэнныя з пункту гледжання маралі. Але ж завышаныя чаканні, жаданне перавыхаваць каханага падаюцца мне таксама згубнымі. Трэба прымаць чалавека такім, які ён ёсць, альбо не прымаць увогуле. І здаецца, гэта той выпадак, калі вінаваты і святы, і грэшніца.

movaknigi


Даволі рэдка сустракаеш твор, які выклікае настолькі вялікую буру эмоцый! Ажно перыядачна адпачываць даводзілася ад такіх эмацыйных атракцыёнаў. Таму нарэшце магу падцвердзіць, што першае знаёмства з творчасцю Элізы Ажэшка прайшло на выдатна! 🔥

Аказалася, не дарма чытачы так высока ацэньваюць гэты твор. Таму станоўчыя водгукі на яго мне цалкам зразумелыя. Так што калі вам падабаецца “Хам”, то ведайце, зараз я таксама ў вашай камандзе 😊

Раман расказвае пра лёс Паўла, звычайнага сялянскага мужыка, “хама”. Ягонае сямейнае жыццё не склалася з-за смерці жонкі, і ён, і без таго даволі сціплы і не дужа гаваркі, шчэ больш занурвае ў сабе. Ратуе яго толькі праца рыбарам.

Так бы жыў сабе і далей, але спакойнаму жыццю Паўла настае канец, калі на беразе Нёмана ён знаёміцца ​​з жанчынай Франкай, у якую пазней закахаецца ўсёй душой і сэрцам. Франка аказваецца вельмі лёгкадумнай жанчынай, таму Павел спрабуе дапамагчы ёй сысці ад заганнага жыцця і прывучыць да спакою і мернасці. Ці атрымаецца ў звычайнага “хама” выратаваць душу “паненкі”? Адказ чакае вас у кнізе 😉

Вобраз Франкі прапісаны так, што яна сваім характарам прыводзіць у шаленства чытача. Яна раздражняе, яна смяшыць, яе ўчынкі выклікаюць абурэнне. Хаця і Павел пазней таксама пачынае паказваць свой цёмны бок. Так што ён яскравы прыклад таму, як каханне можа натуральна давесці да шаленства. Фізічны гвалт таксама мы не ўсхваляем, але ўсё адно шкада Паўла. Сапраўды вельмі шкада, што так усё атрымалася непрыгожа і брудна. 😔

Увогуле гэта вельмі глыбокі раман, які закранае важныя тэмы чалавечых адносін, маральнага выбару, сацыяльных канфліктаў. Таксама мы бачым цікавых, аб’ёмных і супярэчлівых персанажаў, канфлікты паміж якімі спадарыня Эліза як выдатная сацыяльная псіхолагіня даследуе з такой дасціпнасцю, што ты верыш усяму, што адбываецца. 👍

Таксама варта адзначыць, што раман узнімае пытанні аб прабачэнні і магчымасці унутраных зменаў. Ажэшка задае чытачу важныя пытанні аб тым, ці могуць людзі змяніцца і што для гэтага трэба. 🖤

5/5 🥰

serg_by_books.

 

Пакінуць адказ