Халодныя землі. Аляксандр Карнаўх

Халодныя землі. Аляксандр Карнаўх

Выдатны містычны трылер/дэтэктыў. Захапляльны сюжэт – тое, што не так часта, як хацелася б, сустракаецца ў белліце. Гэта на маю сціплую думку, бо пакуль яшчэ я ўвесь белліт не прачытаў. У “Землях” з сюжэтам усе добра: ад уступа да эпілога трымае ў напружанні. Ну і ўвогуле, хіба жаданне прачытаць кнігу як найхутчэй – не паказнік якасці? Каб не было ўжо так ванільна, то скажу, што часамі сюжэт быў прадказальны, а падказкі відавочныя, не ўсе персанажы і дыялогі прапрацаваныя, але ўражання гэта не сапсавала, тым больш, гэта дэбют.

А вось, што вельмі добра выйшла, дык гэта вобраз балота, Прорвы. Цэнтр твора, мейсца, дзе адбываюцца ўсе асноўныя падзеі. Другое месца – восеньскі Менск, але сюжэт у ім больш статычны, гэта хутчэй падрыхтоўка ці нагода трапіць на балота. Увогуле Прорва у рамане – хутчэй бог, “дагістарычная істота”, якая ёсць месцам/падставай быцця, дае жыццё, з іншага – перыядычна забірае даніну жыццямі заблукаўшых, сурова карае тых, што наважыцца спасцігнуць сакральнае (меліяратары, этнографы), але і ратуе нявінных.

Ну і вельмі ўдалыя дэкарацыі выйшлі: восень-зіма, халодная хата, снег, ноч. Ажно адчуваліся няўтульнасць і холад.

**

На прэзентацыі спадар Аляксандр сказаў, што адны з яго ўлюбёных пісьменнікаў – Эка і Сарамага. А яшчэ было відавочна, што аўтар знаёмы не толькі з літаратурнай творчасцю, але і з навуковымі працамі геніяльнага італьянца. Дык вось, чытаючы раман, я намагаўся быць тым “ідэальным чытачом”, які, паводле Эка, здольны убачыць усе метафары, алюзіі, цытаты, зразумець усё тое самае “што хацеў сказаць аўтар”. І хоць “ідэальны чытач” – не болей чым абстракцыя, а твор усё роўна будзе адкрытым, вось мае знаходкі/здагадкі:

Бальбута – надта відавочна і зразумела.

Умбэрто Эка. Ці не была сама ідэя зютэрлінга-мовы натхнёная працай Эка пра пошукі ўніверсальнай мовы, ці як там яна называецца? Ну і ўвогуле, пераклад/дэшыфроўка таямнічага рукапісу ў мяне асацыюецца як з сюжэтамі геніяльнага італьянца, гэтак і з яго працамі па семіялогіі. Знаемства ў бібліятэцы з каханай было ў “Маятніку Фуко”. Ну і ці не ёсць Юзаф Паторскі, зберагальнік тайнаў рукапісу, беларускай версіяй Хорхе Бургоскага, які быў сярэднявечнай версіяй Борхеса?)) А рукапісы мелі пэўную ўласцівасць, якая робіць іх падобнымі да “Паэтыкі” Арыстоцеля.

Як прызнаўся сам спадар Аляксандр, яго вельмі ўразіла “Пячора” Сарамага. То ці не быў вобраз дзеда-разбяра натхнёны вобразам бацькі-ганчара?

Прозвішча Кашкурэвіч шырока вядомае ў вузкіх колах, дык вось мне падаецца, што Тодар Кашкурэвіч, даследчык традыцыйнай культуры і паганства можа быць правобразам стваральніка зашыфраванага рукапісу.

Убачыў згадку шчымлівага Lost in translation, цытату з нейкай расейскай песні пра тое, што як п’еш з варамі… Ну і канешне ж відавочнае: змрочна перафразаваная цытата пра неба чалавека.

Мне падалося, што назва раздзела “Час ваўка” – алюзія на “Гадзіну ваўка” Бергмана. Кульмінацыя рамана вельмі нагадвае бергманаўскі хорар: мужчына і жанчына адрэзаныя ад цывілізацыі ў атачэнні варожых і таямнічых істотаў…

P.S. А яшчэ спадар Аляксандр параіў чытаць кнігу восеньскімі вечарамі з кубкам кавы ці “чаго-небудзь іншага”. Ну вось маё іншае – Big Peat Christmas Edition. Відавочна зімовы віскі з яркімі нотамі дыму, вогнішча, сухафруктаў і калядных спецый. Моцны, густы, салодка-горкі. Добры і зразумелы напой, які не трэба разгадваць, якім можна проста цешыцца пад добрую кнігу.

Uladzimer Voishal.


Цікавасць да гэтай кнігі можа быць зруйнавана на дзве траціны трыма сказамі – спойлерам. Падазраю, так і можа адбыцца, крытыкаў, якія любяць рабіць свае водгукі, проста пераказваючы сюжэт, у нас ё. На жаль…

“Чорны замак Альшанскі” мэтра нашага Караткевіча я прачытаў у юначым узросце.  Мабыць жа, кожнаму ўзросту – свая кніга. А як патрапляюць разам, дык уражанне праз гады не растрасеш. І я вось не растрос – дагэтуль помніцца напружанне, якое трымала мяне, не давала адкласці кнігу да трэціх пеўняў, калі галоўны герой прыступаў да разгадкі таемнай кнігі.

Гэтае напружанне і згадалася адразу, калі пачаў чытаць “Халодныя землі”. Верагодна, і ўсе іншыя, каму любасны Караткевіч, адразу ж згадаюць яго. Бо ў самым пачатку з’яўляецца хай не таямнічая кніга, але таемны рукапіс (з мноства сшыткаў). Пазней з’яўляюцца людзі, якія палююць за тым рукапісам, будзе і намёк на тое, што важны не сам рукапіс, а нешта ў ім схаванае… Наш герой – халасты мужчына, пазней у яго будзе спадарожніца, якую ён пакахае. І трапяць яны ў пастку страшную…

Але, але… Прачытаўшы кнігу, буду бараніць аўтара, калі яго пачнуць падазраваць у запазычанні. Гэта цалкам свая гісторыя. Асобная. Да ўсяго, фабула яе не мае ніякага перагуквання з “Чорным замкам Альшанскім”. У кожным выпадку, абышлося без вайны і немцаў (хоць ё нямецкі шрыфт).

Мне падказалі, што пры перакладзе “Імя ружы” Умберта Эка перакладчыкі абвінавацілі яго ў запазычанні, як ён сам прызнаваўся. Там нават героі нейк перагукваліся імёнамі. Так што выпадак не адзіны. Ну і ўлічым тое, што сюжэтаў насамрэч менш за колькасць пальцаў у чалавека)

Мова

Пяройдзем да кнігі. Калі хто чытаў – гэта першая кніга аўтара. Які не вучыў беларускую мову ў школе. Які  сам перакладаў напісанае ім раней на беларускую мову. Які прызнаваўся, як цяжка яму было напачатку, як “распісаўся” пакрысе.

Веру. Пачатак кнігі быў бы досыць пярэстым ад скрупулёзнай рэдактарскай праўкі. Але ў дадзеным выпадку не наракаю на выдавецтва – па першае, сам упэўніўся, досыць цяжка выправіць усё-усё, па-другое, ці варта аўтара перарабляць на свой капыл ва ўсіх дробязях? Дадзім яму волю – і будзем бачыць, як ён сам піша. І – як расце ў тэксце. Вось гэта сапраўды заўважна.

У пачатку сустракаецца рознае, ад чаго чэшуцца рукі і моршчыцца нос.

ледзь большыя таўшчынёю за звычайны вучнёўскі сшытак (ледзь таўсцейшыя за)

складзенымі ў вобласці пахвіны рукамі

складзенымі на пахвіне, а то нейкім міліцэйскім пратаколам пацягнула))

ціск у грудзях ніжэй ярэмнай яміны

вы ведаеце пра такую яміну? і навошта тут такая дэталізацыя?

як расце паток машын (такі паток можа гусцець, шчыльнець…)

паверх джынсаў на ёй быў нацягнуты… цесны фартух

фартух падвязваецца, куды яго цягнуць…)

Састаў, набіраючы хуткасць, ужо ўцягваў сваё доўгае цела ў цёмны лаз тунэлю.

Тут быццам і вобразна, і прыгожа. Але ж ніяк не ўдаецца уявіць. Уцягвае вуж ці гадзюка сваё цела – гэта зразумела. Тут састаў хутчэй заточваўся, імкнуўся, упорваўся, ці сам лаз можа заглытваць, засмоктваць той састаў – тады карцінка ўяўляецца.

Дарэчы заўважыць: вобразнасці ў аўтара досыць многа, але не такой вось, трошкі нацягнутай, якая сустракаецца ў невялікай колькасці напачатку. Далей штучнасць і грувасткасць пабудовы тропаў знікае, і карцінка, і атмасфера твора ўзнікаюць пры чытанні без перашкодаў. Увогуле, чым далей у тэкст, тым менш у ім заўважна каструбаватасці.

Аляксандр Карнаўх сам прызнаецца: зрабіў раней мноства запісаў, не пакідае свой тэкст сухім. Нават у нейкім прамым сэнсе – у заключнай частцы, калі то снег, то дождж, то вецер і гэта на балоце, на нейкай там старой гаці – ух, атмасфера атрымалася насамрэч сцюдзёнай, няўтульнай,  проста страшнай. І назва дакладна загучала ў гэтай частцы, больш за тое, такое ўражанне склалася, што ў гэтым месцы і не бывае іншага надвор’я. Ёсць у кнізе многа смачных слоўцаў-дыялектаў, а нейкае нешта, падазраю, аўтар і прыдумаў. Адзначу лексіку – моўны запас у аўтара неблагі.

Гэта што тычыцца тэксту.

Цяпер па сюжэце

Цікава. Напружана. Займальна. Прапрацавана дасканала. Тайна адкрываецца пакрысе, і апошняя цаглінка цалкам кладзецца ў добра складзены мур. Тым, хто любіць таямніцы і не так прыдзіраецца да тэксту, як аўтар гэтых радкоў, кніга “зойдзе” ад самага пачатку. Калі не ўлічваць больш нічога іншага, тады “Халодныя землі” – наўпрост класнае прыгодніцкае чытво.

Ну а для мяне яшчэ нейкім чынам гэта хорар – змрочны, цяжкі, які задушвае сваёй атмасферай агульнай немінучай смерці. Не, не нас сённяшніх. Мы то застаёмся…

Героі

Чаму асобна вырашыў спыніцца на іх? Ды, па шчырасці, іншым разам хацелася, была б магчымасць, даць галоўнаму герою па галаве. Ці па руках. Ці па тым і другі месцы разам. Ну і аўтару, канешне, то ж ягонае стварэнне. Бо недзе дзейнічае герой ну зусім бы паўдурак, так і хочацца абазваць… І гераіня не лепшая, са сваімі бзікамі, якія ледзь не даводзяць да гібелі.

Ды пасля прыходзіць на розум пытанне: а чаму герой павінен быць супер-мачо? Чаму ён павінен быць разумнейшым за чытача, ведаць усё наперад, рабіць учынкі толькі згодна з логікай і здаровым сэнсам? А мы адно захапляцца ягонымі здольнасцямі вырашаць пытанні на раз-два? Ды ён жа – жывы чалавек. Недзе баязлівец, недзе разгублены, недзе паддаецца сваім эмоцыям, а не розуму. Гэтак жа і астатнія: сяброўка героя не вылучаецца асаблівым здаровым сэнсам і дзівосным характарам, сябры героя і муцелямі, і баязліўцамі бываюць. Станем на месца героя: стары дзед кажа, каб не спыняліся ў шынку, бо там розныя прыходзяць, маўляў… А тут дзень халодны, замёрзлі ў доме, праязджаюць міма. “Добры” герой не павінен спыняцца, паслухацца папярэджання. Але тут жывыя людзі, якія прагнуць выпіць чаго гарачага. Непагадзь такая, што ад позіркаў душа стыне. Ну і зайшлі. Так і чакаецца: зараз ці бойка ці яшчэ што. Аддадзім належнае аўтару – ён туды завярнуў, куды мы і не глядзелі. Ніц асабліва страшнага. Адно герою нешта прымроілася…

Недзе таксам трохі раздражняла, бо ж чакаеш экшану, бойкі якой, зухаватасці, а перад табой – мямля нейкая, якому то мроіцца, то думаецца. Так і хочацца за каўнер узяць ды страсянуць: уставай, надумаў хварэць у такі час!

Але так вырашыў аўтар, і так, урэшце, прадыктавана логікай кнігі – мы зразумеем трошкі пазней, хоць і цяпер можам здагадвацца аб сапраўдных прычынах паводзінаў.

Увогуле ж, рэфлексій, успамінаў кароткіх, самарэфлексій нямала на старонках. Але не настолькі многа, каб згубілася адчуванне руху і ўзнікла падазрэнне, што аўтар займаецца самакапаннем.

Карацей, мне спадабаліся героі тым, што не спадабаліся. Ці не цалкам спадабаліся. Ці я некага з іх у нечым магу ўпікнуць. Што значыць: героі ёсць. Не шаблонныя, жывыя людзі.

І ў фінале

Нехта палічыць гэтую кнігу за фэнтазі, улоўнай ніткай у палатне тэксту – містыка, ёсць добрая доля фантастычнага і неверагоднага. Агулам жа… Аўтар стварыў свой уласны сусвет. Нечаканы цалкам, новы і арыгінальны (у сэнсе – такога не было). Ён прыадчыніў для нас акно ў новую міфалогію, новую веру. За асаблівую ўдачу аўтара лічу стварэнне сімвала-абярэга, дзе абышлося без заезджанага нашага бусла з белымі крыламі, але з’явілася птушка не менш высакародная. Мо б упікнуў аўтара трохі за адведзенае ім месца для ваўкоў і ваўкалакаў, але – ягонае права.

Даволі ўдалым падалося выкарыстанне нямецкага старога шрыфту – ага, сам пацікавіўся, мудрагелісты аж занадта. Як і мова запісаў аказалася ўрэшце не нейкім штучным кодам-шыфрам (не хапала нам тут яшчэ Войніча), а куды больш празаічным утварэннем і ад таго больш праўдападобным.

…Нечага было надта сумна дзён колькі пасля прачытання кнігі, тэкст не адпускаў. І пакрысе спела ўсведамленне таго, што сутнасць кнігі – алегорыя на нашу Беларусь. Хоць і няма быццам яўнай сувязі. Не буду расказваць падрабязней, бо будзе спойлер.

Адно дадам, што нам трэба Гервень. Вельмі трэба…

В. Г.

 

Пакінуць адказ