Мне ізноў хочацца дзяліцца з вамі вялікай колькасцю цытат. Але калі ў папярэднім водгуку я захапляўся аўтарскай думкай і формай яе падачы, то цяпер пад вялікім уражаннем ад аўтарскай глыбіні пранікнення ў тэму. На некаторых старонках я ўнутрана “ахаў”, недзе здзіўляўся. Недзе ўмомант накатвалі асацыяцыі з дзяцінства. Але раўнадушным не быў, і, мяркую, я не адзіны, на каго старонкі кнігі навуковай, напісанай доктарам гістарычных навук, прафесарам, акажуць часам шакуючае ўздзеянне. Як вам такое:
Узнікала парадаксальная сітуацыя. Многія нацыянальныя школы трымаліся больш на падтрымцы зверху (якая ў значнай ступені мела інерцыйны характар), тады як знізу ішло імкненне да пераходу на навучанне на рускай мове. М. Ф. Капіч, які ў час прыняцця закона «Аб умацаванні…» займаў пасаду загадчыка аддзела школ ЦК КПБ, узгадваў пра калектыўны пратэст рабочых МТЗ. Яны на працягу трох дзён, з 1 па 3 верасня 1959 г., нягледзячы на ўгаворы партыйнага чыноўніка, адмаўляліся адпраўляць дзяцей-першакласнікаў у беларускую школу. Канфлікт быў урэгуляваны толькі пасля таго, як на сустрэчы з бацькамі М. Ф. Капіч гарантаваў іх дзецям навучанне на рускай мове.
Гэта цытата ідзе як ілюстрацыя самога аўтара да той сітуацыі з нацыянальнай мовай, якую ён падрабязна разглядае, скарыстоўваючы пры гэтым (як і ва ўсіх іншых выпадках) багаты фактычны матэрыял з архіваў і іншых крыніц.
Менавіта апошняе дазваляе мне, не навукоўцу, не спецыялісту мець пэўнае меркаванне пра кнігу і самога аўтара. Бо, прыводзячы шматлікія сведчанні з той эпохі, аўтар запрашае і мяне самога да роздуму. Канешне, ён робіць сваю абгрунтаваную выснову, але не цісне аўтарытэтам і не забараняе мне самому разглядаць прыведзеныя факты ў адрозным ад яго ракурсе.
Час чытання стаў для мяне часам аднаго вялікага адкрыцця, дакладней – умацоўванні ў адной думцы, дастаткова жахлівай, каб агучваць яе самастойна без апірышча ў выглядзе менавіта такой кнігі.
Хрушчоў – гэта кукуруза. З дзяцінства і юнацтва. Хрушчоў – “валюнтарызм” і “кузькіна маці”. Пазней Хрушчоў – “адліга”. Яшчэ Карыбскі крызіс. Так было напачатку. Але пазней, паглыбляючыся пры выпадках у тэму, і асабліва ў апошнія гады ў сувязі з працай над кнігай пра храмы раёна, зніклі з разважанняў паблажлівыя смяшынкі. І пакрысе выспявала думка пра Беларусь у гады Хрушчова як пра палігон для выпрабавання і абкатвання тэхналогій пераўтварэння асобнай нацыі ў “савецкі народ”.
Гэта кніга, у якой Беларусь паказаная максімальна поўна, ва ўсіх сферах жыцця ў тыя гады “адлігі”, і ускосна, і прама пацвердзіла маю думку. Так, мы былі той краінай, у якой напоўніцу імкнуліся ажыццявіць тэзіс кіраўніка СССР аб тым, што мы зможам пабудаваць камунізм, калі ўсе навучымся размаўляць на рускай мове. Гэта ў нас пачаліся эксперыменты у грамадскім жыцці на ўсіх узроўнях: ад сталовых-аўтаматаў да сталовых з самааплатай, з грамадскім транспартам, дзе не было кантралёраў, і яшчэ са шмат іншым, чаго я проста не ведаў, што часам шакавала. У нас рэальна імкнуліся будаваць нейкую Утопію, лічачы, што партыйныя заклікі можна выкарыстоўваць як прышчэпку выключнага сумлення. Гэта ў нас абяцалі “паказаць апошняга папа па тэлевізары”.
Зараз мне смешна бачыць тыя ўспаміны апалагетаў СССР, калі яны посцяць розныя фотачкі, дзе сустракаецца і той касавы апарат у аўтобусах, дзе самі пасажыры адмотвалі са стужкі сабе білецік, апусціўшы ў шчыліну дробязь. Аўтар кнігі робіць тое, пра што маўчаць “агітатары” – ён дагаворвае дарэшты: чым скончыліся ўсе гэты эксперыменты, кожны з іх:
На працягу першага года акцэнт у працы закусачнай «Аўтамат» змясціўся з ежы на алкагольныя напоі. Замест аўтаматаў для продажу ежы з’явіліся дадатковыя піўныя і вінныя аўтаматы. Паменшылася колькасць гарачых страў, павялічыўся асартымент закусак пад алкагольныя напоі. У красавіку 1960 г. намеснік міністра ўнутраных спраў БСС Р А. А. Клімоўскі дакладваў К. Т. Мазураву пра тое, што «…работнікі міліцыі і дружыннікі ў 1959 годзе і напачатку бягучага года з плошчы Перамогі ў медвыцвярэзнік даставілі 64 чалавекі, з іх 49 падабрана ў аўтамаце-закусачнай на плошчы. Падобныя трансфармацыі саспыталі закусачныя „Аўтамат“ у раёнах трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Апошняя нават атрымала народную назву „аўтапаілка».
Канешне, гэта кніга – не дэтэктыў, не захапляльнае чытво. Але мова, пры ўсёй яе навуковасці, лёгкая, зразумелая, без лішняй мудрагелістасці. Неверагодна багаты фактычны матэрыял, сабраны аўтарам, падаецца дазіравана так, што тэкст выглядае жывым, ён зацягвае ў сваю атмасферу.
Мае словы пра “ўсе сферы жыцця” – не мімаходзь. Сапраўды, у кнізе ёсць пра ўсё, і нават пра “гэта”. Давайце я наўпрост прывяду вам змест па раздзелах, падзівіцеся самі:
У люстэрку афіцыйнай статыстыкі- Рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій – Дэмантаж культу Сталіна- «Сённяшняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме» – У адзіным савецкім народзе – Іншадумцы – Літаратура «адлігі» – Мастацтва «адлігі» – Маладыя рамантыкі – Алімпійскія рэкорды, сусветны фестываль і дазволены смех – Першая маладзёжная субкультура – Хуліганскі тэрор – Антырэлігійная кампанія – Кукурузная кампанія – Захад адкрывае Беларусь – Беларусь адкрывае Захад – Больш не табу – Кансьюмерызм па-савецку – Дэфіцыт і ценявая эканоміка – П’яніцы і «паразіты» – Выратаванне культурнай спадчыны – Клопат пра навакольнае асяроддзе – Водгукі «Пражскай вясны”.
За амаль што безэмацыйным аўтарскім тэкстам (які, як навуковы, зрэшты, такім і павінен быць) усё адно вельмі выразна гучаць як і боль за краіну, так і гонар за яе. І яшчэ – вера ў чалавека, канкрэтна – у беларуса. Знаёмячы нас са шматлікімі падзеямі, эпізодамі і фактамі, аўтар не можа схаваць сваёй сімпатыі да мужнасці асобных людзей, іх нязломнасці і жадання ствараць, захоўваць, зберагчы.
А цяпер – абяцаныя цытаты. Проста дзеля таго, каб мы дарэшты разумелі: калі што пачыналася і калі што заканчвалася.
Мажліва, нехта з вас нават не здагадваўся пра такое:
Кіназнаўца В. І . Смаль выказаў незадаволенасць тым, што новыя фільмы вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм», у тым ліку знакаміты «Міколка-паравоз» (рэж. Л. Голуб, 1956), больш не агучваліся на роднай мове нават у дубляжы. На яго думку, прадукцыі беларускай кінастудыі не хапала нацыянальнай адметнасці ў цэлым. Напрыклад, у мастацкім фільме «Палеская легенда» (рэж. П. Васілеўскі, М. Фігуроўскі, 1957) можна было ўбачыць сляпцоў-бандурыстаў, хвацкіх гайдамакаў, старажытны літоўскі замак і польскія гістарычныя строі, але нічога беларускага. У карціне «Шчасце трэба берагчы» (рэж. І. Шульман, 1958) усе галоўныя ролі выконвалі артысты маскоўскіх і ленінградскіх тэатраў, а беларускага акцёра С. Хацкевіча задзейнічалі толькі ў адным з эпізодаў.
Артыст Белдзяржэстрады М. А. Табашнікаў-Зорын канстатаваў у 1958 г.: «У рэспубліцы няма ніводнай скетчавай пары альбо выканаўца, якія б дасканала валодалі беларускай мовай».
Пра сапраўды “адлігу” і пра тое, як асмялеў народ
Усяго, па няпоўных даных, на працягу 1956—1965 гг. у БССР адбылася 61 забастоўка. 8 чэрвеня 1968 г. не выйшлі на працу 324 работніцы (з агульнай колькасці 1 030 работніц змены) Гродзенскай бавоўнапрадзільнай фабрыкі, якія такім чынам выказалі пратэст супраць прызначэння суботы незапланаваным працоўным днём.
Надзвычайныя падзеі ў Слуцку, пра якія сёння вельмі мала хто ведае, у чым пераканаўся, літаральна заўчора спытаўшы пра іх у колькіх людзей майго веку і маладзейшага пакалення:
Слуцкія хваляванні таксама справакавала парушэнне замацаванага ў законе прынцыпу галоснасці судовага разбіральніцтва — некалькім сотням людзей, якія сабраліся ў дзень пачатку працэсу ля будынка суда, адмовілі ва ўсталяванні гукаўзмацняльніка. Сітуацыя пагаршалася цыркуляваўшымі, ва ўмовах адсутнасці крыніц аб’ектыўнай інфармацыі, чуткамі пра варожасць сям’і Нікалаеўскіх, якія ў вайну былі партызанамі, і Гапановічамі, якія служылі нацыстам. Трохтысячны натоўп, раз’юшаны ігнараваннем яго патрабаванняў уладамі, спаліў будынак суда. У агні загінула суддзя Г. І. Аляксеева, а праз некаторы час у бальніцы памёр яшчэ адзін пацярпелы — старшы лейтэнант міліцыі С. І . Татур.
80 вайскоўцаў і супрацоўнікаў міліцыі атрымалі розныя цялесныя пашкоджанні. Напярэдадні святкавання 50‑годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі з натоўпу гучалі заклікі «смерць камуністам». Мясцовая ўлада і міліцыя на некаторы час страцілі кантроль над сітуацыяй.
Расследаваннем трагедыі займалася адмысловая камісія, якая складалася з прадстаўнікоў партыйнага кіраўніцтва, МУС, КДБ як рэспубліканскага, так і агульнасаюзнага ўзроўню. Усяго па справе аб слуцкіх хваляваннях праходзіла больш за 70 чалавек, 11 найбольш актыўных удзельнікаў атрымалі ад 7 да 15 гадоў зняволення, дваіх пакаралі смерцю.
Невялікія рысы да партрэту нашых пісьменнікаў:
Вітаючы вяртанне «таварышаў рэабілітаваных», П. Броўка заклікаў калег па пяру не забываць пра іх ідэалагічныя памылкі ў мінулым. Да апошніх ён аднёс публіцыстыку Ц. Гартнага, «Ліст трох» (А. Александровіча, А. Дудара і М. Зарэцкага), «Лісты да сабакі» Я. Пушчы, шэраг твораў А. Бабарэкі, У. Дубоўкі, А. Мрыя, У. Хадыкі.
Вось такое было ў нас кіно:
Рэжысёр П. Васілеўскі ў лютым 1967 г. так эмацыйна звярнуўся да ўдзельнікаў II з’езда кінематаграфістаў БССР: «Пакладзем руку на сэрца і скажам — хіба беларускае кіно існуе? Не, беларускага кіно не існуе. Я кажу пра нацыянальны кінематограф». Іншую пазіцыю займаў старшыня Дзяржкіно БССР Б. У . Паўлёнак, які выступаў за «інтэрнацыяналізм» у кінамастацтве, папярэджваў падначаленых аб «небяспецы адмежавацца памежнымі слупамі ад рускага мастацтва».
Так руйнавалі святыні:
Непапраўнай стратай для беларускай культуры стала знікненне касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі, больш вядомага як Фара Вітаўта, у Гродне. Збудаваная ў гатычным стылі і зазнаўшая шматлікія перабудовы, Фара Вітаўта мела сімвалічнае значэнне як адна з першых каталіцкіх святынь на тэрыторыі Беларусі. Прынятае Гродзенскім гарсаветам рашэнне аб зносе «аварыйнага будынка» абгрунтоўвалася генеральнай забудовай горада. Запрошаная з Ленінграда брыгада падрыўнікоў на працягу двух дзён мініравала помнік, таўшчыня сцен якога складала 1,5 метра. Уначы 29 лістапада 1961 г. закладзеныя дзве тоны выбуховага рэчыва спрацавалі. Сцены бажніцы ўзняліся ў паветра, а потым склаліся ўнутр.
І вось такімі былі нашы народныя, прызнаючыся сабе:
Ацэньваючы на схіле дзён уласны «Нью-Ёркскі дзённік» 1960‑х гг., І. Шамякін запісаў: «…пафас яго — захапленне багаццем Амерыкі. Захапленне да зайздрасці, да болю, да злоснага асуджэння: у-у, праклятыя буржуі! Але ўсё роўна захапленне».
Кнігі добрых аўтараў, якія укладваюць у свае тэксты час, любоў і працу, нярэдка робяцца адкрыццямі самі ці адкрываюць значнае для чытача. Гэта кніга – кніга сапраўдных адкрыццяў для тых, хто раней не надта паглыбляўся ў гісторыю сучаснай Беларусі. Гэта кніга фактаў, што як аскепкі аднаго люстра паказваюць у сабе кавалачкі мазаікі, якая ўрэшце складваецца ў адну вялікую карціну – нашу гісторыю.
Балючая кніга. Бо веданне прычын не вяртае страчанае.