Вось калі я зараз напішу, што беларускія стравы гэта дранікі, галушкі, варголы… Ці многія з вас палезуць шукаць у сеціве пра апошнюю страву? Усе ведаюць? А вашыя дзеткі?
Так, часы змяніліся, слова забылася… А Сяржук Сокалоў яго згадвае:
Варацца варголы,
Булькаюць вясёла:
Будзем піць гарбату
Мама, я і тата!
І ўсміхнешся міжволі гэтай загадцы паэта… Дарэчы, гэта не адзінае слова, якое будзе для некага няпростым.
Кніга Сержука Сокалава «Усмешка» — гэта чароўны вершаваны калейдаскоп, складзены з запамінальных пачуццяў, досціпаў і назіранняў.
Так напісана ў анатацыі, і дадаць мала што можна. Гэта насамрэч вершы для маленькіх дзетак: трошкі з гумарам, вельмі складныя, лёгкія для запамінання. І трошкі пазнавальныя.
Глядзіце, як цудоўна паэт абыграў дзень:
Калі сонца ўстане —
Нам даюць сняданне.
Прабяжыць паўнеба —
Нам абедаць трэба.
Пойдзе сонца спаці —
Нам вячэра ў хаце.
Міжволі згадаў адну кніжку, сур’ёзную такую, не для дзетак, дзе “вечарам сям’я сабралася за сталом паснедаць”. А тут жа – так проста, яскрава і – без ніякіх вымучаных рыфмаў. Вось тут хацелася б выказаць пару думак наконт менавіта вершаў для дзяцей, якія сёння пішуцца, як вада п’ецца. Дык вось, не аднойчы сустракаеш такую рыфмаванку, якую чытаеш, і бачыш літаральна, як аўтараў корпаўся ў слоўніках, вышукваючы слова ці наўпрост (і гэта бачна) карыстаўся рознымі сэрвісамі, пасля спрабаваў перакладаць. Яшчэ адна “асаблівасць” некаторых аўтараў: як цяжка скласці прыгожы радок, яны прыдумляюць дзеля рыфмы імёны дзяцей і дарослых, ну і атрымліваецца кшталту: “З вудачкай сядзіць Адасік\\ Яму трапіўся карасік” ці “У бабулі жыў Тадор \\Босым бегаў ён на двор”
Ёсць і ў Сяржука Сокалова тут адзін вершык, дзе ёсць асабістае найменне. Але горада. Пачытайце і адчуйце, як тут усё зграбна. Гэта амаль хуткагаворка, якую льга развучыць з дзіцём:
Муляр моцныя муры
Склаў калісьці у Міры.
І стаіць магутны замак
Аж да сённяшняй пары.
А вось пра такое няпростае нават для дарослых правіла беларускай мовы:
Елка ў ельніку жыла,
Елка ў ельніку расла.
Елку везлі нам на свята
Белы зайка і жаўна.
Як прывезлі елку ў хату —
Стала ёлачакай яна!
Вельмі ж актуальна цяпер – перад Новым годам…
А ці помніце, хто гэта за звер такі – жаўна? Сам помню з дзіцячай чытанкі: “Чорны дзяцел здаўна называецца жаўна”. Дарэчы, мая ўнучка такое не чытала. Чаму – не ведаю…
Асаблівасць гэтай маленькай кніжкі яшчэ і ў тым, што гэта сапраўды калейдаскоп, тут няма нейкай скразной тэмы, каб можна было напісаць трафарэтнае: “аўтар вучыць любіць радзіму…” і далей па шаблоне. Тут наўпрост вершы, бы аскепачкі жыцця вакол, дзе жывое і разумнае ўсё: дзеці і іх бацькі, звяры і птушкі, дзе радасці і часам смутак:
Раз-два-тры, раз-два-тры,
Мышаня глядзіць з гары,
Хоча сыру, слёзы лье,
Але коцік не дае.
Вершы, якія чытаеш і ўсміхаешся.
В. Г.


Замовіць кнігу “Усмешка” можна тут: https://knihi.by/sokalau-siarzuk-usmieska