Аўтар аповесці пра Адама Станкевіча высветліў сапраўдны адрас яго віленскай кватэры
«Верыў, што не ўсе кветкі засохнуць, і шанаваў правіла: не раскідай — збірай…»
Зазвычай так рабіў, каб не сварыцца, але сварыўся; не хацеў казаць лішняга, але казаў…»
Так прадстаўляе героя сваёй дакументальнай аповесці слынны паэт Леанід Дранько-Майсюк. Герой кнігі — беларускі публіцыст, літаратуразнаўца, каталіцкі святар, адраджэнец Адам Станкевіч.
Разам з аўтарам мы праходзім аднымі вуліцамі з персанажам, спускаемся да Вілейкі па каменных сходах, наведваем храмы, дзе герой прамаўляў на беларускай мове да беларускіх сэрцаў, перачытваем, што ён напісаў, — і тое, што падпісаў, часам не па сваёй волі, і ў нас сціскаецца сэрца пры поглядзе на «крывы, няўпэўнены, дрогкі, балючы, нервовы почырк». Трагічная эпоха паўстае ў фактах, дакументах, паэтычных вобразах і філасофскіх рэфлексіях. Адась Станкевіч, сын Вінцэнта і Антаніны, з працавітай беларускай сялянскай сям’і Крэўскай воласці, якая мела восем дзесяцін ворнай зямлі, з маленства ўсвядоміў: каб дасягнуць свайго, трэба цяжка працаваць, трэба стаяць за сваё…
Ён паспеў неверагодна шмат. «Цікавіўся ўсім карысным, унікаў у любую неабходную з’яву, якая, на яго думку, рабіла яснейшым роднае неба», «клапаціўся пра сірот…, даваў гімназістам грошы на аплату вучобы, вянчаў маладых, рэдагаваў чужыя кніжкі, рыхтаваў да іх прадмовы, займаўся перакладамі, асэнсоўваў спадчыну Казіміра Сваяка, натхняў на новую творчасць Максіма Танка і Вінцука Адважнага, пісаў і выдаваў свае творы і (Божа мой!) цікавіўся нават вуснай народнай творчасцю».
Леанід Дранько-Майсюк умее трымаць інтрыгу. Вось ён разгадвае блытаніну з адрасам і адшуквае віленскую кватэру, у якой жыў Адам Станкевіч, — у 1949-м у ордэры на арышт Адама Станкевіча нумар дома па вуліцы Полацкай напісалі памылковы, А9 замест 9, а пры Хрушчове змяніўся і нумар кватэры, 4 на 8. Аўтар сустракаецца з цёткай Зоф’яй, якая зараз у той кватэры жыве. А дакументы часу малююць карціну, як даводзілася «басанож ісці па тоўчаным шкле». Вільня рэвалюцыйная, Вільня «за Польшчай», часы нямецкай акупацыі, савецкі час…
Россып беларускіх імёнаў… І горыч ад таго, як жа беларусы ўвесь час падзяляліся нават у адной, аднадумнай, тусоўцы, як нападалі адзін на аднаго, учыняючы сварку на радасць ворагам. І як у гэтым віры ксёндз Адам Станкевіч намагаўся застацца беларусам і хрысціянінам, трапляючы з-за гэтага пад падазрэнне кожнай новай улады. Як не даваў выкарыстаць сябе, і загінуў у сталінскіх лагерах.
Назва аповесці ўзятая з Бібліі, з эпізоду, як Хрыстос быў госцем на вяселлі ў Кане Галілейскай, дзе «ўсе бачылі нястачу віна». Але ўзяць не было адкуль — і Ісус Хрыстос ператварыў віно ў ваду. Гэтак жа і Адам Станкевіч бачыў нястачу Беларусі ў Беларусі, і да апошняга ствараў беларушчыну, змагаўся за роднае слова, бо калі не мы — дык хто?
У нашай літаратуры, як па мне, не стае біяграфічных твораў пра слынных беларусаў, таму з цікавасцю ўзялася чытаць аповесць Л.Дранько-Майсюка пра Адама Станкевіча – каталіцкага святара і грамадскага дзеяча. Аднак хутка зразумела, што гэта зусім не звыклая біяграфічная аповесць. Тут шмат выпісак з архіўных дакументаў і разваг. Спачатку я нават падумала, што чытаю беларускага Зебальда, але хутка зразумела, што не. Тут таксама проза на мяжы фікшан і нон-фікшан, прыдуманае (дакладней – абдуманае) мяжуе з фактамі і дакументам, але асабіста мне не хапіла пэўнай гармоніі, арганічнасці і лёгкасці.
З аднаго боку, пісьменнік быццам стварае навуковае даследаванне, падрабязна цытуючы дакументы, часам занатоўвае кожны свой крок у віленскіх росшуках, суправаджаючы кнігу шматлікімі спасылкамі і каментарамі, але пры гэтым твор атрымаўся вельмі суб’ектыўным і фрагментарным (калажным). Многія каментары падаюцца лішнімі, бо тлумачаць тое, што і так вядома больш-менш адукаванаму чытачу (хто такі Кастусь Каліноўскі, Максім Танк, Максім Гарэцкі). Але і каментары тут даволі суб’ектыўныя. “Мой самы любімы твор ансамбля “Песняры” – песня У. Мулявіна на верш Максіма Танка “Завушніцы””, – гэта другі сказ каментара пра Максіма Танка (іх там усяго 2, калі што). Таму кніга пра Адама Станкевіча па сумяшчальніцтве і кніга пра Леаніда Дранько-Майсюка. І не скажу, што я вельмі супраць, але асабіста мне тут не хапіла Станкевіча, яго біяграфіі. Хоць варта адзначыць, што асноўныя біяграфічныя звесткі вынесены аўтарам у асобны раздзел – “Выбраны пералік дзён Адама Станкевіча”.
Магчыма, для аўтара лёс беларускага святара стаў толькі адпраўным пунктам у роздумах над праблемай віны і адказнасці. Дранько-Майсюк тут выступае як даследчык-следчы, які збірае сляды злачынства. І злачынцаў ў гэтай гісторыі вельмі шмат. Адмаўляючыся ад славутай ідэі “калектыўнай віны”, пісьменнік скрупулёзна фіксуе і пералічвае прозвішчы кожнага падпісанта знойдзеных дакументаў. Але пры гэтым я не заўважыла падрабязнай рэфлексіі гэтых фактаў і гэтых дакументаў.
Падалася месцамі празмернай эмацыйнасць і публіцыстычнасць стылю. Перыядычна лавіла сябе на думцы, што чытаю нейкія пераклады цытат сучасных прапагандыстаў (калі шмат нянавісці і незразумелых слоў): “Праўда, часам запаўзаюць сюды хітратупыя падобнікі сталіністаў, русіфікатары-мадамчыкі, сапселыя сыны парторгаў – іхнія касавокія галовы аздабляюць віленскія сметнікі”.
Абагульняючы вышэй напісанае, адзначу, што кніга мне не спадабалася, але не магу лічыць яе дрэннай, бо, па-першае, яна знаёміць з асобай цікавага і годнага беларуса, а па-другое і трэцяе, дае падставы для роздумаў, і тут таксама трохі пра Століншчыну і Давыд-Гарадок. Планую як-небудзь працягнуць знаёмства з “архіўнай” прозай пісьменніка – ў шафе чакае свайго часу аповесць пра Максіма Танка “…Натуральны, як лінія небасхілу”.