Тэатр шчасьлівых дзяцей. Альгерд Бахарэвіч

Тэатр шчасьлівых дзяцей. Альгерд Бахарэвіч«Тэатр шчасьлівых дзяцей» Альгерда Бахарэвіча — паводле анатацыі — фэнтэзі з элементамі палітычнага трылеру, дзіцячая кніга, якую будзе цікава пачытаць і дарослым. Гучыць інтрыгуюча: як выбрацца з пасткі, не маючы ні тэлефона, ні зброі? Колькі твараў у туману? Ці чуе нас Бог, калі мы маўчым?

Таму я крыху разгубілася…

Кнігу падаюць як дзіцячую — яна нават трапіла ў шорт-ліст Прэміі Цёткі. Але тут адразу хочацца спытаць: а для якога ўзросту? Бо, калі гэта кніга для дзяцей, то, пэўна, для такіх вельмі сур’ёзных, якія ў вольны час перачытваюць Кафку і слухаюць падкасты пра палітычную сітуацыю.

Сюжэт часам нагадвае калейдаскоп: усё круціцца, мігае, але яснай карціны не скласці. Здаецца, быццам аўтар вядзе герояў не таму, што ім гэта сапраўды трэба, а таму, што “так было задумана”.

Стывен Кінг, Клайв Льюіс, Уладзімір Караткевіч, Льюіс Кэрал — усё змешана ў адным рондалі. Нібыта гатавалі суп з усяго, што знайшлося ў халадзільніку, — і здавалася, што павінна быць смачна, але нешта пайшло не так. Не атрымаўся той чароўны баланс, які прымушае верыць у цуды. Успамін пры гэтым Божанькі мне падаўся нейкім недарэчным, ці нават здзеклівым.

І “тры галоўныя словы” ў фінале. Падаецца як інтэлектуальная загадка. А на справе — пытанне без адказу. Тэатр, які згадваецца ў назве, — адзін эпізод на некалькіх старонках, а “шчасьлівыя дзеці” лепш ўзяць ў двукоссе.

Палітычны падтэкст відавочны — і як раз тут, парадаксальна, усё выглядае больш паслядоўна. Казка — не заўжды для дзяцей. Часам толькі яна можа дапамагчы дарослым патлумачыць сабе самім, што, халера, адбываецца вакол. Бо туман — ідэальная метафара нашай рэчаіснасці. Калі жыццё ператвараецца ў суцэльнае “ну вы ж самі ўсё разумееце”, то толькі дзіцячае “добра-зло” раптам надае сітуацыі яснасць.

Карацей, кніга, якая выклікала ў мяне супярэчлівыя эмоцыі. Шмат пытанняў да кампазіцыі, логікі, цэласнасці. Бахарэвіча я не гатовая назваць дзіцячым пісьменнікам — яму трошкі цесна ў гэтым жанры, і, можа, таму ён пачынае разбураць яго знутры. Ці атрымалася? На маю думку— не. Але спроба адназначна вартая ўвагі. І прачытаць яе, хоць бы каб пасварыцца з аўтарам у галаве, варта.

chytaju_zlupaj.


Няма нічога добрага, калі аўтар пачынае ў адносна маладым узросце бранзавець, а сябры-прыхільнікі робяць з яго ікону. Цяпер пра Альгерда Бахарэвіча ў сеціве як пра нябожчыка: альбо толькі добрае, альбо нічога.

Я не змагла вызначыцца, для якога ўзросту кніга “Тэатр шчаслівых дзяцей”. Кажуць – для дзяцей, нават уключылі ў спіс прэміі Цёткі. Сын, падлетак, пачаў чытаць, кінуў: “Тут зусім пра маленькіх”. Тады пачытала я. Сапраўды, сустракаем дзяцей, з размоў і паводзін якіх разумеем хутка – ім па 8-10 гадоў. А потым – яны падлеткі. А далей – дарослыя.

Але і гэта б было дробяззю, каб не была кніга напісана гэтак… неахайна. Тут і раяль у кустах, і бог з машыны, і прыкрыя кіношныя моманты. Гасне святло ў кватэры, дзеці ў цемры, шукаюць запалкі і свечкі – і от яны, ляжаць у шкапіку. І пры гэтым ніхто не здагадваецца уключыць ліхтарык у тэлефоне! Прыкра? Канешне… І тэлефоны далей пачынаюць імкліва разраджацца. Дзеці ў небяспецы – ды ніхто не тэлефануе бацькам, не выклікае міліцыю… Згубіўся адзін у тумане – двое іншых ідуць у розныя бакі па адным (ну, як героі ў дзяшовых трылерах, каб бандыт які расправіўся з кожным паасобку ці каб усім згубіцца).

Не ведаю ложкаў такіх, пад які залезе здаровы мужчына. (Тут увогуле нейкі нонсэнс з гэтым Кабінетавічам, канцоўка настолькі цьмяная, заблытаная, што ўзнікае стойкае перакананне: аўтару так надакучыў гэты тэкст, што ён марыў аб адным – абы толькі яго закончыць).

Героі не дзейнічаюць – аўтар іх тузае і шморгае за нітачкі, каб яны рабілі нешта там па сюжэце, каб склалася карцінка, каб дагадзіць аўтару. Дзіва дзіўнае – як можна выпусціць з рук запаленую свечку і не заўважыць гэтага? Дым у кватэры – і дзеці скачуць праз акно, нават не спрабуючы глянуць – і гэта пры іх цікавасці, – што там гарыць, не згадваюць пра пажарную службу. Яны кідаюць з акна коўдры, падушкі…

Канешне, апалагеты аўтара накінуцца на мяне, маўляў, аўтар стварае атмасферу, гэта псіхадэлічная карціна, гэта асаблівасць пабудовы тэксту… Згодная, хай будзе так. Але , калі тут псіхадэліка, дык прычым тут дзеці? Чытала далей, а мне лезлі ў галаву асацыяцыі і прачытаная кнігі.

Вось вам Кінг і ягоная знакамітая “Імгла”… А вось Караткевіч і гаспадыня Балотных Ялін у самоце, якую імкнуцца звесці са свету… (дарэчы, якая роля гэтага героя?). А вос хлопчык так любіць салодкае – Клайв Льюіс і любімыя мной і сынам “Хронікі Нарніі”. Вось суддзя – і Льюіс Кэрал і ягоная Чырвенная Каралева…

Сам сюжэт – прыгоды дзеля прыгод. Знойдзеная карта, якая нічога не дае, крумкач, які памірае без сэнсу, раптам. Недарэчны і пусты (бо далей нікуды не вядзе) пераказ рамана Дзюма… Прыдуманы свет – прымітыўны ў сваёй прыдумцы, тэатр – за мяжой прымітыву, нават трошкі брыдка чытаць.

Тое, што Альгерд Бахарэвіч – адзін з лепшых беларускіх аўтараў сучаснасці, сумненняў няма. Але гэта не значыць, што ўсё напісанае ім – найвыдатнае. На жаль, прыгоды ў аўтара атрымаліся… такія сабе. Дзіцячых прыгод няма зусім. А паказушны, знарочысты фемінізм выклікае аскому.

Yurchetom.

Пакінуць адказ