У нейкім сэнсе ўсе кнігі — бессэнсоўныя, за гэта іх і любяць тыя, хто любіць кнігі як такія. Бо кніга — момант распаду сэнсу, змены парадку, працісканне без чаргі. Прыкладна гэтак яны й становяцца на паліцу, і сітуацыя ўсё больш напружваецца, калі станаўленне на паліцу пачалося не сёння.
Купляючы кнігу і чытаючы яе, ты разбіваеш парадак рэчаў, пішаш для сябе новыя законы, наогул — усё ўскладняеш. Уласна слова «жыць» пачынае абрастаць такімі лясамі, імхамі і зялёнымі грыбамі, што ўспомніць, як там было на пачатку, бадай, немагчыма, але твой досвед — заўжды з табой, ён нікуды не падзенецца, калі сам не будзеш метадычна тапіць яго; тваё з табой, проста цяпер ты паслухаў пра іншых, убачыў іншых людзей на другім плане, за вакном, ці ў пакоі, разглядаючы сябе ў люстэрку. Калі я чытаю, часам думаю, як словы глядзяць на мяне, назіраюць за зменамі майго твару праз свае аб’ектывы і тэлескопы.
Раней я верыў у структурныя веды, цяпер — у самую ідэю складанасці спалучэння нібыта зразумелых і ясных рэчаў. Лес даволі проста класіфікаваць, але тое, што ён жыве, — залежыць не ад гэтай тваёй здольнасці.
«Незразумелая новая планета»
Пачынаючы гаворку пра кнігу «Туўла» Юргіса Кунчынаса, якая пару тыдняў як выйшла ў перакладзе Сяргея Шупы ў выдавецтве «Vesna», не зусім зразумела, ад якой печкі танцаваць. Што шараговы беларус ведае пра Кунчынаса, трохі шырэй — пра літоўскую прозу 1990-х, шырэй — пра літоўскую прозу, літоўскую літаратуру ХХ стагоддзя, увогуле — літоўскую літаратуру? Калі пра польскія раманы Сянкевіча, Рэйманта, эсэі Мілаша і г.д. і etc. можна прачытаць шмат (і некаторыя нават узяць у бібліятэцы), то прозвішчы Валанчуса, Вайжгантаса, Жэмайтэ, Білюнаса, Пяледы, Венуоліса, Сруогі, Балтушыса, Апуціса, Шальцяніса, Гранаўскаса і Кунчынаса могуць быць наогул абсалютна пустым гукам. Калі б я пералічаў такія ж латышскія ці эстонскія ланцужкі імёнаў, баюся, што эфект быў бы не нашмат складанейшы. Пры гэтым я згадваю толькі аўтараў і аўтарак прозы.
То-бок, гаварыць даводзіцца досыць агульна, нібы разгадваючы загадку: вакол адны іксы і ігрэкі, якія мала каму знаёмыя. Суцэльная «nesuprasta nauja planeta», як спявае літоўскі гурт Garbanotas у песні «Цялеснае неба», аднак вышэйзгаданая «незразумелая новая планета» — цэлая літаратура, суседняя з беларускай, і тым не менш абсалютна няясная.
Бо маем мы з перакладзенай прозы жалю варты фрагмент — нядаўні «Віленскі покер» Гавяліса (пераклад Паўліны Вітушчанкі), зборнічак апавяданняў Шляпікаса (пераклад Сюзанны Паўкштэлы), зусім свежы «Белы саван» эмігранта Шкемы працы Сяргея Шупы і даўнішні раман Ёнаса Авіжуса ў перастварэнні Алеся Разанава. Сказаць, што гэта стварае карціну літоўскай прозы, даволі цяжка.
З гэтага не зразумець, як з сялянскай прозы ХІХ ст. аўтарства ксяндзоў-асветнікаў усё пераходзіць у нацыянальна-адраджэнцкую пачатку ХХ ст., потым у мадэрністычную прозу перыяду ковенскага рэнесансу, як і што адбываецца ў эміграцыі, як паўстае постваенная лагерная проза «Лесу багоў» Сруогі і сялянская, а-ля Чорны-Мележ, проза Балтушыса, калі ўзнікае ўнутраны маналог, які проста прасякае ўсю літоўскую прозу другой паловы ХХ стагоддзя, новыя гарадскія віленскія героі ў пастаянных «палётах у сне і наяве», фантасмагорыі і асацыятыўная метафарычнасць Шальцяніса і Апуціса, магічны рэалізм Юргі Іванаўскайтэ і Саўлюса Томаса Кондратаса, мадэрновыя джойсаўскія рэфлексіі Гавяліса і ўрэшце валацужныя героі Юргіса Кунчынаса, якіх водзіць з аднаго раёна Вільні ў іншы вецер пошукаў прыгодаў, той самы ўнутраны маналог, фантасмагорыі, магія месца, беспрытульнасць і надрыў, алкагольны ўгар і савецкі абсурдны антураж.
Хто такі Юргіс Кунчынас
Кунчынас, апрача ўсяго іншага, — паэт, аўтар шасці зборнічкаў і вялікага пасмяротнага тому вершаў, майстар навелы — выйшлі сем кніг апавяданняў, якія і дагэтуль цэняцца, пладавіты раманіст (восем кніг), эсэіст і калумніст найлепшых культурніцкіх выданняў.
Усё гэта выйшла ў дзевяностыя і на пачатку 2000-х. Пісаць ён пачаў з маладосці, але раскрыўся, толькі калі можна было гаварыць вольна. А ў савецкі час ён — перакладчык нямецкай прозы, у тым ліку дзвюх кніг Гюнтэра Граса, адной з улюбёных гераінь якога была Тула Пакрыфке, што дрэйфавала з рамана ў раман. Прыгадваецца, канечне, і легендарная выспа Туле/Тула, паўночная кропка свету ва ўяўленні старажытных грэкаў — апошняя мяжа, кропка прыцягнення, штосьці недасяжнае, далёкае, у той жа час — цэнтр, неспазнавальны і няясны.
Кропка незвароту
Гэтак і гераіня рамана Кунчынаса (націск у прозвішчы, калі што, на першы склад) — кропка незвароту, эпіцэнтр усяго жыцця, куды пастаянна імкнецца беспрытульны герой. Гэта і час, і месца, і чалавек — усё вельмі канкрэтна, вызначана, перакладчык нават парупіўся скласці мапу Вільні, дзе дакладна можна адсачыць шлях галоўнага героя, канкрэтныя дамы, дзе адбываецца дзеянне — і перш за ўсё гэта Зарэчча.
Тое самае, што цяпер сустракае надпісамі Užupio respublika і «Зарачанская рэспубліка» адразу на ўездзе на Зарачанскі мост. Адрэзаная ад старога цэнтру хуткаплыннай рэчкай, рэспубліка, якая сама па сабе — анклаў у горадзе (асабліва ў часы, калі адбываецца асноўнае дзеянне рамана, а гэта 1980-я — тэма падрабязна раскрываецца ў пасляслоўі да кнігі, эсэ «У працяг няскончанай размовы» Андраніка Антаняна), — у нейкім сэнсе таксама Тула, таксама гераіня, якую аўтар абагаўляе, песціць і лашчыць не менш за сваю каханую жанчыну з вуліцы Млыновай.
Распавядаючы пра аб’ект захаплення (і каханую, і Вільню), аўтар пастаянна «адыходзіць ад тэмы», адступае на нешта іншае, спахапляецца, вяртаецца, але толькі для таго, каб зноў грымнуцца ва ўспаміны, падзеі, дыялогі з выпадковымі сабутэльнікамі, дзіўныя сустрэчы, падарожжы (спойлер: у тым ліку і ў Беларусь), пастарункі, ЛТП, турмы і аўтаспын. Адысея сыходу ад кахання ператвараецца з гімну нашкталт Песні Песняў — у гісторыю распаду, дзе сабраць самога сябе не тое, што ў нешта цэльнае, а проста ў жывую істоту, становіцца ўсё больш і больш складана. Занадта шмат мёртвага звонку і многае змярцвела ўнутры.
Мост у невядомую Рэспубліку Літву
Раман Кунчынаса — гэта, магчыма, гісторыя няўдачы, жыццёвага бруду, беспрасветнасці застою і андропаўшчыны, гвалту, болевага шоку і анархіі, пастаяннай пакуты, над якімі ўсімі — чысціня кахання, святло віленскай готыкі і барока, празрыстасць і няспыннасць Вілейкі і Віліі, з якіх сям-там высоўваюцца трубаправоды часоў Жыгімонта. Безумоўна, гэта раман і пра самую Літву, якую аўтар яўна любіць і прагне ажывіць, хаця б ва ўспамінах і алкагольных відзежах новага Пігмаліёна. З другога боку, наўпрост гэта не сказана, але і «Уліс» Джойса наўпрост не гаворыць пра любоў да Ірландыі, аднак пасля прачытання падаецца, што ты ведаеш пра Ірландыю ўсё да самых дробных драбніцаў.
Я не ведаю, ці можна меркаваць пра літоўскую літаратуру паводле гэтай кнігі, ці можна ўрубіцца, чым жылі тут людзі трыццаць ці пяцьдзясят гадоў таму.
Але гэта дакладна адзін з мастоў у іншы свет, у невядомую рэспубліку, якою для беларусаў па-ранейшаму застаецца Літва. Хто хоча лепей яе зразумець — прачытае. А хто не хоча, то ў рэшце рэшт гэта як мінімум проста класная проза, перакладзеная адным з найлепшых беларускіх перакладчыкаў
Ціхан Чарнякевіч.