Пісьменнік, Кастусь Тарасаў напісаў гістарычную аповесць пра полацкую княгіню Рагнеду. Гэта не проста гістарычныя звесткі, а сапраўдны мастацкі твор.
Летапісцы палічылі неабходным зафіксаваць той факт, што Рагнеда вырашыла забіць свайго мужа, вялікага князя Кіеўскага Уладзіміра. А Кастусь Тарасаў гэты факт уплёў у поўную гісторыю жыцця княгіні. Няхай і большая частка з іх мастацкая дадумка.
Аповесць складаецца з трох частак, у кожнай апісаны пэўны перыяд жыцця княгіні. У першай частцы Рагнеда яшчэ дома у Полацку разам з бацькамі і братамі. Напэўна самы шчаслівы час для яе.
Адначасова да княгіні сватаюцца Ярополк і Уладзімір, унукі кіеўскай княгіні Вольгі. Замужаства па палітычных матывах. Бацька,Рагвалод, абірае для дачкі Яраполка.
“Не! – рэзка адказала Рагнеда. – Не хачу разуць рабыніча! Пайду за Яраполка”. Уладзімір за такую крыўду сабраў войска і рушыў на Полацк. Горад захапілі, Рагвалода разам з сынамі і жонкай забілі, а Рагнеду князь узяў сілай. Усё што ёй дазволілі, паплакаць над пахавальным вогнішчам.
У другой частцы ўжо няма полацкай княгіні Рагнеды, а ёсць жонка князя Кіеўскага Уладзіміра, Гарыслава. У летапісі зафіксавана, што князя яна хацела забіць ад рэўнасці, бо акрамя яе Уладзімір меў яшчэ 5 жонак. Дзякуючы аўтару мы можам зразумець, што матывы ў Рагнеды маглі быць іншымі, а не толькі рэўнасць. Уявіце, наколькі яна была рашучай жанчынай, адважылася на забойства, ведаючы, што за гэта ёй пагражае смерць.
Трэцяй частцы аўтар надаваў больш увагі, чым астальным.
Па афіцыйным звесткам таго часу вядома, што Рагнеда стала манашкай ад “печали” і усе 12 год няўстанна малілася, больш ніякіх згадак пра Анастассю(імя дадзенае пасля хрышчэння) няма. Пісьменнік вырашыў, што 12 год маленняў гэта не адказ для жанчыны, чый лёс так жахліва склаўся.
Пра што яна думала, чаго жадала. Як выжывала, калі ўсё адабралі: зямлю, уладу, дзяцей? Адказамі на гэтыя пытанні ён спрабуе апісаць астатняе жыццё Рагнеды ў ролі інакіні.