📗 У “Кніжным выраі” падрыхтавалі вясёлы прыгодніцкі комікс пра Трусіка і Ваўка: сумеснае падарожжа і сяброўства, якое нараджаецца паміж імі. Комікс мае глыбокі сэнс і закранае тэму анкалагічнага захворвання. Комікс арыентаваны на ўзрост 12+, але яго можна чытаць разам з дзецьмі і раней. Альбо — без дзяцей 😉
✨ Пераклад зрабіла Вольга Гронская, і для мяне гэта адразу сведчыць пра высокую якасць тэкста ❤️ Вольга, напрыклад, пераклала на беларускую кнігі Даніэля Кельмана “Тыль” і Герты Мюлер “Сёння я б не хацела з сабой сустракацца” (абедзве выходзілі ў выдавецтве”Янушкевіч” @januskevic.books)
📖 Пра што комікс?
Гэта займальная гісторыя пра нараджэнне сяброўства паміж Ваўком і палахлівым маленькім Трусікам. Лёс зводзіць іх разам і кідае ў падарожжа, поўнае прыгод і вясёлых кур’ёзных сітуацый. Але ёсць важны нюанс — Трусіку трэба прымаць лекі, бо ён хворы на анкалогію. Не пужайцеся, тэма хваробы ў коміксе раскрыта вельмі далікатна і з лёгкім гумарам, менавіта так, як гэта павінна быць у добрай тэрапеўтычнай казцы.
————————–
Чытачоў чакае больш за 180 старонак яскравых ілюстрацый, цікавых жартаў і нават кропелька філасофіі.
“Trip mit Tropf” (літаральна: Падарожжа з кропельніцай) мы абралі невыпадкова. Нажаль, тая хвароба, пра якую гаворка ў коміксе, вельмі добра знаёмая беларусам і беларускам. Жазэфіна Марк, аўтарка гэтай неверагоднай ілюстраванай гісторыі, на ўласным досведзе барацьбы з ракам стварыла сапраўды тэрапеўтычны твор, поўны гумару і той філасофіі жыцця, якая патрэбная, як паветра, і маленькім, і дарослым.