Тралейбус №29. Павал Касцюкевіч

Тралейбус №29. Павал Касцюкевіч

Мне падабаюцца маленькія кніжыцы, якія можна ў прамым сэнсе закінуць у кішэню і чытаць па дарозе дом-праца-дом… Звычайна гэта зборнікі паэзіі, але часам выдаюць падобным фарматам і кароткую прозу. Шкада, што працэс выдання зараз даволі замарочаны і дарагаваты, як для аўтара, так і для спажыўца на выхадзе. Пісьменнікі стараюцца прад’явіць адразу нешта грунтоўнае, а справа зацягваецца на гады, пакуль назбіраецца матэрыял, альбо сыдуцца адпаведныя зоркі. За такой расцягнутасцю бывае губляецца нерв і актуальнасць.

Калі б цяпер выходзіла нешта накшталт таннай бібліятэкі савецкага часопіса “Огонёк”, альбо часопіса “Маладосць” канца 80-х, пачатку 90-х, то я б на такую справу з радасцю падпісаўся. Бо напісанае лепш успрымаю менавіта ў выглядзе кніжак, а не паасобных допісаў у сацыяльных сетках ці часопісных публікацыях. Пасля таго, як тэксты крыху (не 10 гадоў) адстаяцца, адрэдагуюцца і сабяруцца ў адно месца аўтар успрымаецца больш цэльна. Але, падазраю, справа гэта гіблая, бо рэдка хто набывае ноўнэймаў, дый сталыя аўтары (як той жа  Касцюкевіч) друкуюць “бонсцікаў” (чуў такое пра “Паэтаў планеты”) асцярожнымі накладамі (300 экз.), а гэта, калі што, павышае сабекошт.

Чаму кішэнны “Тралейбус №29” не выходзіць тысячамі асобнікаў, хаця   патэнцыял для гэтага вельмі нават мае? Баюся – адказ не задаволіць нікога, хаця…

Што можа быць уежней за фрашкі?

Тэксты напісаны выдатнай беларускай мовай.

Аўтар лаўрэат прэміі Гедройца за кароткую прозу, т.б.  прызнаны яшчэ і экспертнай супольнасцю, якае пустое гыгыгы ніколі б не падтрымала.

Бяры з сабой у цягнік, аўтобус, альбо тралейбус замест дарожных сканвордаў ці “Азбуки” ў мяккай вокладцы і будзе табе незануднае чытанне з мясцовым каларытам. Пра нас, ад зямлі…

У гэтай краіне так холадна, што фразу “Не май месяц” чуваць нават у маі.

Але гэтага мала – яна працягвае гучаць у чэрвені, ліпені, жніўні.

*

Тыя, хто думае, што Брэстчына – гэта ўсяго толькі паўднёвая Гродзеншчына, глыбока памыляюцца.

Жанчына з вядром парэчак і томікам Джэймза Хэдлі Чэйза. Ды яна працягвае:

– Насамрэч, Брэстчына – гэта заходняя Гомельшчына.

*

Жанчына ў сярэднеазіяцкім халаціку і з томам “Махабхараты”. Ды яна працягвае:

– Цяпер во, вязу яму падарунак на Абразанне Гасподняе.

*

“Белфармацпрадукт” папярэджвае, што ў 2023 годзе ў прадпрыемства скончыліся імёны фараонаў 16-й дынастыі, такіх як Сінупрэт, Ібуфен, Ганатон і інш. З гэтай прычыны ў 2024 годзе ў вытворчы цыкл будуць уключаны фараоны 17-й дынастыі: Рахатэп, Сабекемсаф, Інётэф і Сенахцен-Ра”.

*

“У той год мы шмат займаліся сексам, бо чагосьці ў нас тады не было – ці то грошай, ці то працы. Успомніла, дзяцей! “Гутаркі і мемуары”

Памятаю, што малым, мяне займала пытанне… хто і як прыдумляў “анекдоты”.

Аказваецца, прыкладна так.

Шмат дзе смяяўся ў голас (чытаў у метро), нешта з фрашак не зайшло – бывае. Але агулам прачытаў з інтарэсам. Аўтар, як нямногія ў Беларусі, умее ў гумар.

З.Ы. Малюнкі Багдана Даўгялы падаліся занадта дэпрэсіўнымі і хваравітымі, асабліва на фоне жыццялюбнай прозы Касцюкевіча, але можа ў гэтым дысанансе нешта і ёсць. Мінск горад складаны і тое як яго бачыш залежыць ад абраных маршрутаў і ўласнай оптыкі.

Міхал Бараноўскі.


Калі ў далёкім ужо 2012 годзе сярод кніг-намінатаў першага сезону свежастворанай прэміі Гедройца з’явілася невялічкая кніжачка Павала Касцюкевіча «Зборная РБ па негалоўных відах спорту», мала хто успрымаў яе як сур’ёзнага канкурэнта. У спісе намінантаў былі вядомыя асобы: Бахарэвіч, Федарэнка, Лукашук, Марціновіч, Клінаў, Ахроменка… Але першае месца займае ці не самая маленькая кніжачка Павала Касцюкевіча. Журы патлумачыла свой выбар: арыгінальнасць і гумар. Менавіта гумар, не сатыра, не сарказм. Той, якога так даўно не гучала ў беларускай прозе.  Разам з арыгінальным стылем аўтара гэты гумар пераважыў “тоўстыя” кнігі.

Уменне выклікаць усмешку і пры гэтым сказаць аб даволі няпростых рэчах замацавалася за аўтарам.

“Павал Касцюкевіч гэтым разам вяртаецца да кароткай формы і апавядае “падслуханае” ў менскім тралейбусе, які курсуе па маршруце нумар 29. Гумар, абсурд і анекдатычнасць аздобленыя атмасфернымі ілюстрацыямі Багдана Даўгялы”, – так паведамляюць у сеціве сайты літаратурных навін. Каб не забыцца, адразу скажу пару слоў наконт малюнкаў Даўгялы. Вельмі незвычайныя. З мноствам дэталяў, над якімі “заліпаеш”. Настраёвыя і атмасферныя. Яны вельмі пасуюць тэкстам Павала Касцюкевіча прыхаванай у іх несур’ёзнасцю і адначасова – глыбінёй.

Але да тэксту. Дык вось, “Тралейбус №29” – свайго роду працяг той самай уганараванай прэміяй кнігі “Зборная Рб…”. Нават, здаецца, аднолькавы памер. Хіба гэтым разам асобныя допісы робяцца яшчэ больш карацейшымі. Быццам і насамрэч гэта – кавалкі падслуханых размоў. Але ж хто ведае, можа і падслуханых ды перапрацаваных? Не будзем гадаць…

Што цікава, кожная з думак ці група іх падаюцца як асобныя цытаты з вялікіх зборнікаў. Гэта  выклікае яшчэ адну ўсмешку з-за прыхаванага досціпу, але і прымушае трошкі задумацца:

Бог снег на Новы год даў, Бог яго і забраў.
«Тралейбус № 29. Дыялогі і адкрыцці»

У кожным разе недзе цвеліцца жаданне пабачыць гэтакі тоўсты том тым самых “Дыялогаў і адкрыццяў” ды пачытаць яго няспешна)

Такую кніжачку добра б пакінуць на рабочым стале, каб лёгка было дацягнуцца, раскрыць на выпадковай старонцы, прачытаць адзін-другі дыялог. Усміхнуцца. Задумацца. І працаваць далей. Ну, нешта кшталту глытку кавы. Яшчэ момант: густоўная мова не дае асобным “маналогам” пераўтварыцца ў анекдот, які два разы расказваць – маветон. Таму і перачытваць такія дылогі ці маналогі – прыемна.

— Вы ж ведаеце, што, калі ў кафетэрыі ў вас пытаюцца пра круасан: «Вам яго пагрэць?» — і сардабольна глядзяць у вочы, гэта на мінскай мове азначае, што ён пазаўчарашні?

Не сакрэт, што добраму майстру не складана сваім тэкстам выціснуць сентыментальную слязу, выклікаць трывогу, роспач ці нават нянавісць, трохі складаней – напужаць, прымусіць сціскацца ў жаху. А вось выклікаць усмешку – асобнае майстэрства. Колькі было мной перагледжана кніг апошніх гадоў выдання пад агульнай падназвай “гумарэскі”  (любяць такія выдаваць члены афіцыйнага саюза) – больш паспытаў прыкрасці і расчаравання…

Зараз літаратурны вектар, кажуць нам, павінен быць скіраваны альбо ў бок элітарнага пісьма, альбо ў суровую будзённасць. Маўляў, час дыктуе, чытач жадае. Што на гэта сказаць?

Мне дачка пакінула ў падарунак запальнічку, просценькую. Але яна вельмі значная для мяне. На ёй надпіс: “Don’t tell me what to do”. Добрыя словы: не кажы мне, што рабіць. То і не будзем указваць пісьменніку, пра што і як пісаць.  Лепш пачытаем, усміхнёмся, пасля перачытаем і падумаем:

А я яму і гавару:
«Чаму, калі кажуць, што ёсць дзве навіны, добрая і кепская, дык у гэтай пары кепская заўжды горшая за добрую, у сэнсе, кепскасць кепскай мацнейшая за добрасць добрай?»
Ён паглядзеў на мяне як на ідзьётку.

В. Г.

Пакінуць адказ