Таямніцы Высокага Двара. Ванда Марцінш душ Рэйш

Таямніцы Высокага Двара. Ванда Марцінш душ РэйшКніга “Таямніцы высокага двара” — двухмоўны зборнік вершаў пра гісторыю, прыроду, святы, паўсядзённае жыццё, людзей і духаў, а таксама пра творчасць.

(з анатацыі)


Спадарыня Vanda Martins завітала ў госці да сяброў літаратараў у Мінск не першы раз і, як заўсёды, не з пустымі рукамі…

Яе новая кніга ўражвае не толькі падборкай новых вершаў, яшчэ і эстэтычным афармленнем. Гэта сапраўдны альбом, прысвечаны тым мясцінам Літвы, якія прытулілі паэтку пасля доўгіх, далёкіх вандровак па свеце, дзе яна не марнавала часу, не раскідала, не растраціла… таго, чым сілкавала яе родная беларуская зямля (Пастаўшчына) з маленства і ў юнацтве.

Вывучала, шмат чытала, прыслухоўвалася, назапасіла ўберагі сусветнага моўнага скарбу,  – цяпер вяртае Беларусі праз сваю паэтычную душу.

Засмучае, у якіх умовах прабіваецца ў жыццё наша беларуская літаратура… Які спатрэбіўся альтруізм! Паэтка выдае кнігі за свае кошты, мусіла прадаць аўтамабіль… пакутуючы хваробай ног.

Вершы паэткі – захапленне жыццём ва ўсіх яго праявах, яе не перастае здзіўляць краса прыроды, спеў птушак, змены пор года, шапаценне лесу…на  самую звычайную, штодзённую  працу яна здольна глядзець праз паэтычную лінзу.

Нейкія вершы Ванды Марцінс падаюцца  жывапіснымі палотнамі мастака- акадэміста, які вымаляваў кожную дэталь, кожную рысачку, выразна, калярова – хоць памацай рукой.

Вершы аб прыродзе – менавіта тая паэзія, якою маглі б аздабляцца школьныя падручнікі. Там для кожнага класа знойдзецца верш. Яны чыстыя, простыя, шчырыя, прывабныя для дзяцей і ў той жа час, самабытныя.

Лес

Лес шуміць адразу за хатаю.
Стому стросшы з крыла па вясне,
Ладзяць хор дэбютанты крылатыя –
Пеюноў чутна нават у сне.

Тло ўлетку ў лесе рабое
Ад рубінавых пырскаў суніц,
Залатых пятакоў зверабою
І блакітных вачэй медуніц.

Каляровае ўвосені лісце,
Даўкі траваў няскошаных пах…
Дзіўным, з сотнямі рук арганістам,
Грае вецер на гонкіх ствалах.

Векавая сівая яліна
Снег страсае зімой з галавы,
Прыцярушаны белым асіны,
У срэбнай шэрані дуб-вартавы…

Ціхім шолахам, фарбамі, словамі,
У зялёным уборы ці без,
Паўзабытаю матчынай моваю
Калыханку нашэптвае лес.

Асобную каштоўнасць уяўляе мова – чытай і выпісвай у слоўнічак з кожнага верша  забытыя словы даўнай жывой гаворкі. Ужо не дзіўлюся, адкуль паэтка чэрпае столькі энергіі – МОВА сілкуе яе. Каб не стаць небыццём, мова выбірае сама чуйную душу і прарастае ў ёй і праз яе паўстае.

Людміла Андзілеўка.

Пакінуць адказ