Там, дзе нас няма. Макс Шчур

Не спрабуйце гэта паўтарыць

Замест эпіграфа: Выключна дзеля мясцовага прымянення, не характэрызуецца раздражняльнымі, абязбольвальнымі або антызапаленчымі эфектамі. Адзінай забаронай на прымяненне з’яўляецца персанальная гіперчуўсцвіцельнасць пацыента.

І гэта таксама:

“А чаго ж, чаго захацелась ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

– Людзьмі звацца”.

(Я.Купала)

“Піць я хачу! – Дык пі! Хто табе не дае?”

fgcgbhf(з вядомай показкі)

Адразу скажу, што самая лепшая рэца на раман «Там, дзе нас няма» Макса Шчура ўжо напісаная. Макс Шчур сціпла назваў яе «Дадатак» і змясціў на апошніх 15 старонках кнігі, за што яму мусяць быць вельмі ўдзячныя і звычайныя чытачы, і літаратуразнаўцы. Я б назвала гэты твор антыўтопіяй-гратэскам, што без сумневаў дзіўна, бо сама жыву ў падобнай рэальнасці.

Ён выключна для нас і мог з’явіцца толькі ў нас – і няважна, дзе тое «ў нас» знаходзіцца геаграфічна. Яго будзе цяжка перакладаць з беларускай (ды што там… перакладчык заб’ецца плакаць у куточак праз гульню словаў і сэнсаў), а яшчэ цяжэй зразумець небеларусу, прычым не толькі ўласна тэкст, але і навошта нам такое трэба, як той жа брыльянтавы зялёны. Толькі нам без яго ніяк. Ён – наш нязмыўны маркер, як і купалаўскі верш «А хто там ідзе?». І я іх не люблю. Абодва.

Не люблю за тое, што дагэтуль нясуць беларусы крыўду сваю і ніяк не данясуць, і больш за стагоддзе хочуць і хочуць «людзьмі звацца». Так і цягне сказаць, як той цмок з показкі: «Дык завіцеся! Хто не дае?!» Ці не стаміліся мы хацець і несці? Можа, даўно прыйшоў час асэнсаваць крыўды і рушыць далей, не хацець, а рабіць? Але ж не… Нясем крыўду, ператварыўшы верш ва ўласнае таўро, – і тым ганарымся.

«Там, дзе нас няма» якраз пра тых, «хто там ідзе». І не трэба казаць, што вы – не такія, бо вы там ёсць. Кніга – люстэрка, дзе кожны пабачыць спачатку іншых, парагоча, а потым пазнае і сябе, што праўда, наўрад ці ўпадабае свой адбітак. Не хвалюйцеся, вам будзе чым абгрунтаваць тое неўпадабанне: імёны, прозвішчы і назвы – шыкоўнае покрыва. Прыгожае, таемнае і вялікае, як той сцяг, пад якім можна з годнасцю несці сваю крыўду. На аўтара. За сябе і за Купалу, бо «святое ж!». Можна горда зрабіць круг, і другі, і трэці – і апынуцца праз сотню гадоў у тым жа пункце. Усё за той час зменіцца, апроч таго самага пункта і свядомасці тых, хто пад сцягам, і можна нават назваць гэта развіццём па спіралі. Можна, так, бо развіццё, яно ж ёсць. Навокал. Вось толькі ў нас – паспіралі і той жа «святы» пункт, і тая ж крыўда.

Забаўна: зараз была падумала, што я адна са сведкаў Імаверскай Кнігі, (пра) якую піша Макс Шчур, сяджу ў межах натаптанага кола з гордай назвай Інфляччына і назіраю заход на наступны круг.

Што змянілася ў нашых галовах з пачатку ХХ стагоддзя? А што за тыя (акруглю дзеля прыгажосці) дваццаць, як існуе раман?

Час на пераасэнсаванне скараціўся? Ну ўжо няблага.

У нас новы пункт адліку? А будзем вакол яго кругі наразаць ці ад яго паспрабуем-такі рушыць наперад? Упарта, як мы ўмеем, і хай нават павольна, але проста наперад, не на круг. І скарыстайцеся магчымасцю пазнаёміцца з Імаверскай Кнігай, пакуль на яе не пачалося актыўнае паляванне.

Лайфхак для чытача.

Хочаш, каб усё было зразумела адразу, не абмінай Прадмову, паглядзі Дадатак – і толькі потым звярніся да ўласна рамана.

Лайфхак для літаратуразнаўцы.

А вось табе, даражэнькі, на сподачку асноўныя тэндэнцыі сучбелліта за чвэрць стагоддзя: з гэтага рамана ўсё пачалося, і ён жа, спадзяюся, стане прыгожай і тлустай кропкай. Хто б мог падумаць, што пасля «апошняга рамана даінтэрнэтавай эпохі», які ўсё ж паспеў пажыць пэўны час у Сеціве, ухне такая хваля беларускіх антыўтопій, што можна захлынуцца. Чым не адметная рыса сучаснай беларускай літаратуры для параўнання з іншымі еўрапейскімі?..

І заўвага для літаратара.

Мода, як вядома, цыклічная, але вельмі хочацца, каб фраза: не выйшлі з памеру і даношваюць тое, што прыдбалі 20 гадоў таму, – не мела дачынення да літаратуры. Хай стары новы раман Макса Шчура будзе кропкай дзеля новага абзаца (чытай: чароўнага пендаля) у тваёй творчасці, а не дзеля тваіх танцаў вакол яе. Ну і рэцы на ўласныя кніжкі таксама пісаць не спрабуй – не варта (бо ўжо ж не першы).

ПыСы. Для тых, хто будзе пісаць рэцы: самае простае і, безумоўна, «прыгожае» – параўнаць з Х.Л.Борхесам і Дж.Свіфтам, але я ўжо гэта зрабіла яшчэ да таго, як нашрайбала водгук (і з Дж.Джойсам таксама параўнала – тут без шанцаў). Самы час пакінуць у мінулым танцы вечна другіх. Як наконт сучаснікаў, хаця б з павагі да сябе, беларусаў?

Ekaterina Borisenko

Пакінуць адказ