Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска. Алена Пятровіч

Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска. Алена Пятровіч “Сіні дом” — кніга прыватных успамінаў і адначасова — развітання з радзімай, але таксама гэта і даведнік па Віцебску, што грунтуецца на розных крыніцах — ад летапісаў да водгукаў у інтэрнэце. Хоць аўтарка яшчэ ў прадмове адзначае і некалькі разоў цягам далейшага тэксту акцэнтуе, што гэта “яе персанальная гісторыя”, “абсалютна суб’ектыўная гісторыя, што не прэтэндуе на ўніверсальную ісціну”, у творы чытачу прапануецца даволі паўнавартасны экскурс па Віцебску 90-х, яго галоўных славутасцях, адметнасцях гарадскога жыцця — з закідамі ў мінулае і ўяўную будучыню. Як прафесійная мовазнаўца, Алена разважае над усім вядомай баталіяй пра віцьбічоў-віцебчукоў-віцяблян, як чалавек, які цікавіцца гісторыяй і мастацтвам, звяртае ўвагу на мясцовыя помнікі, музеі і рэпертуар Коласаўскага тэатра, а як у недалёкім мінулым дзяўчына-падлетак — распавядае пра мясцовыя тусоўкі і канцэрты. Магчыма, часам у гэтым аповедзе вы адчуеце пэўную “віцебскую снобскасць” (раздзел “Славянскі базар”) — але беларускай літаратуры гэта не зашкодзіць, улічваючы, як шмат у ёй твораў ад імя гаротнага беларуса-селяніна.

Асабістаць гэтай кнігі ў спалучэнні са звесткамі з розных гуманітарных навук стварае цікавы мікс, у якім сплятаюцца акадэмічнасць, гумар, эмацыйнасць, паэзія і трапнасць назіраняў.

Як на мяне, галоўныя заслугі напісання і публікацыі “Сіняга дома” як мінімум тры.

Першая — у тым, што, гаворачы ад сябе, Алена насамрэч прамаўляе ад цэлага пакалення, пазбаўленага голасу. Пры гэтым яна свядома адмаўляецца ад выкшталцонай мастацкай мовы на карысць мовы мемаў і сацсетак, тым самым падкрэсліваючы сваю “народнасць” і імкненне да шчырай дыскусіі, у якой нараджаюцца жывыя думкі і выказваюцца неадцэнзураваныя меркаванні (тое, чаго так бракуе беларусам сёння).

Другая — кніга “Сіні дом” стварае вобраз Віцебска, альтэрнатыўны сённяшняму. Яна вяртае гэтаму “самаму рускаму гораду Беларусі” яго нацыянальнае аблічча. Магчыма, нехта палічыць асобныя месцы “Сіняга дома” надта празмерным ёрнічаннем з савецкага гераізму…

І трэцяя (у сучасным свеце гэта назавуць фемінісцкім пойнтам): кніга “Сіні дом” нарэшце прыносіць у беларускую літпрастору і легітымізуе той факт, што жанчына піша і выказваецца не толькі ў стылі “Да сябе пяшчотна”, але і пра палітыку, гісторыю, урбаністыку і наогул усё што заўгодна — у тым стылі, у якім ёй падабаецца — і гэта можа быць цікава і захапляльна. Памятаючы беларускую літаратуру з часоў “Прыгодаў Саламеі Пільштыновай” і “Мемуараў” Евы Фялінскай, я не магу прыгадаць ніводнай наратаркі, якая была б падобная да наратаркі “Сіняга дома” — і гэта як бы намякае, што ў наш час жанчыны-аўтаркі яшчэ не раз змогуць нас здзівіць.

Ад сябе я дадам, што мая гісторыя Віцебска — зусім іншая, нягледзячы на тое, што я пазнаю у тэксце ўсе лакацыі. Маім клубам была “Юла”, а не “Сава”, я бавіла час ў межах свайго раёна і цікавілася мала чым, што адбывалася за яго межамі, я чытала ў бібліятэках іншыя кніжкі і ніколі не ездзіла па маршруце 17-га аўтобуса. Але гэтая кніга дапамагла мне зірнуць на Віцебск па-новаму: усё раптам стала для мяне ў гэтым горадзе міфалагічным і рамантычным, усё рэабілітавалася і абаранілася ад абвінавачванняў у “прарасійскасці”, беднасці, змрочнасці і безвыходнасці гэтага месца. Я звярнула ўвагу на тыя мясціны, якія раней здаваліся проста нейтральнымі дэкарацыямі, дазналася, што, аказваецца, адзін з трох штыкоў хаваецца за іншы. Бо, нягледзячы на як быццам бязлітасны позірк аўтаркі, які імкнецца выкрыць у абліччы горада ўсякую фальш, яе мэтай з’яўляецца не зганьбіць Віцебск, а хутчэй, наадварот — страшна напісаць гэтае слова, але я напішу: увекавечыць.

Я мяркую, што гэтая кніга спадабаецца не ўсім. Я мяркую, што ў многіх могуць быць прэтэнзіі — і нават складана прадказаць, у якіх менавіта галінах. Аднак для мяне сам факт напісання і выдання гэтага твора пераважвае яго магчымыя мінусы ў прапорцыі прыкладна 100 да 0. Бо гэта вельмі смелы жанравы, стылявы і сэнсавы крок, які дае белліту зусім новую інтанацыю і новую гераіню. І галоўнае — гэта напраўду важны тэкст для пераасэнсавання сучаснымі беларусамі таго, хто яны такія і куды рухаюцца — хоць, здавалася б, гераіня ўсяго толькі распавядае пацешныя гісторыі з часоў школьнага навучання. Як той казаў, personal is political.

Марыя Лапо.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме