Сіндбад-мараход. (пераказ Алены Масла)

Сіндбад-мараход. (пераказ Алены Масла) Сіндбад – легендарны арабскі купец, мараплавец ды шукальнік прыгод на сваю галаву (і не толькі 😅). Яго вандроўкі, апісаныя яшчэ ў кнізе “Тысяча і адна ноч”, шматкроць пераказваліся і перакладаліся. Летась пабачыла свет і беларускамоўнае выданне: за расповед пра знакамітага марахода ўзялася Алена Масла.

⛵ Дзіцячая кніга – той выпадак, калі кожны дарослы можа з чыстым сумленнем пачынаць з малюнкаў 😀. Кніга падарункавая: вялікі фармат, матавая мелаваная папера, ілюстрацыя амаль на кожным развароце. Цікава, што пысы шматлікіх пачвараў (іх тут цэлы звярынец) нагадваюць цмокаў з кітайскай міфалогіі: ці то супадзенне, ці то адсылка да правобраза галоўнага героя. Кітаец па паходжанні, ён меў будысцкую мянушку Саньбаа, то-бок “Тры скарбы” або “Тры каштоўнасці”.

⛵ Сіндбад – крыху беларус, што адзначыла і Алена Масла (цытата на выяве). “Што ў мяне за лёс такі? Ад бяды ўбягу – у гора патраплю”, – кажа ён пра сябе. І праўда, сядзеў бы дома, каўтаў гарбатку з халвой ды лукумам, але ж не: цягне ў партовы горад Басру, адкуль і пачынаюцца прыгоды.

⛵ Схема падарожжаў досыць падобная: падчас вандроўкі з героем здараецца чарговая трасца, аднак праз шалёную ўдачу Сіндбад выжывае (чаго нельга сказаць пра астатніх 😅) і спрабуе неяк выблытацца з цяжкага становішча. У пэўным сэнсе аднатыпна, аднак гэта кампенсуецца разнастайнасцю казачных істот, з якімі даводзіцца змагацца.

⛵ Чым імпануе Сіндбад, дык гэта верай у лепшае: “Нельга ўпадаць у роспач і бяздзейнічаць – ратаванне можа стацца такім фантастычным, што і ў сне не ўбачыш!” Сам ён, праўда, не заўжды слухае сваю параду, аднак не здаецца і неяк ратуецца (часам даволі спрэчнымі спосабамі). Характэрна, што ў кожным падарожжы адважны мараход паспявае не толькі выжыць, але і істотна падзарабіць. Прыгоды прыгодамі, але фінансавыя клопаты ніхто не адмяняў 💰.

⛵ Гэта ўжо чацвёртая кніга з серыі “Казкі-прыгоды” выдавецтва @otkrytaya_kniga_izd, аднак першая – на роднай мове. Прыемна, што Сіндбад не толькі загаварыў па-беларуску, але і па сутнасці стаў нам крыху бліжэй: здаецца, у Алены Масла атрымалася знайсці патрэбныя словы, каб арабскі купец крыху пабеларусеў.

🏆 АДЗНАКА: 8 🌰 з 10.

homa_bellit

 

 

Пакінуць адказ