«Людзі на балоце» XXI стагоддзя ўжо не тыя… 😁
Шульга, Хома і Серы чымсьці нагадалі мне ўсім вядомую савецкую тройцу з гайдаеўскіх камедый — толькі ў беларускай інтэрпрэтацыі. Шчыра нарагаталася (месцамі было зусім нясмешна) і падумала, што фільм атрымаўся б цудоўны. Дарэчы, Купалаўцы ўжо паставілі спектакль паводле рамана Марціновіча. Але, калі шчыра, кніга мне больш прыйшлася да душы, бо не хапіла ў пастаноўцы месца для тых трапных апісанняў, філасофскіх разваг і рамантычных замалёвак апавядальніка. А менавіта яны і ствараюць тую асаблівую атмасферу, якая не адпускае.
Пацанчыкі вырашылі сарваць куш ва ўладаннях балотных багоў — у глыбіні Палесся. Спадзяваліся лёгка выкруціцца з бязвыхаднай сітуацыі, а трапілі ў самую сапраўдную багну, дзе кожны крок — як рулетка: не ведаеш, ці зацягне, ці выплюне.
Ды і наша жыццё, калі прыглядзецца, вельмі падобна да падманлівага балота: толькі здаецца, што стаіш на цвёрдым, як ўжо цягне назад. А фінал рамана — найлепшае ўвасабленне гэтай думкі.
У Марціновіча атрымалася сапраўдная салянка: крыху праўды жыцця, бандыцкай рамантыкі, містыкі, філасофіі, авантурызму, гумару — ну і, кахання (а як жа без яго). На смак — лёгка, прыемна, дах не зрывае, але «ўстаўляе» надоўга. Упэўнена, што кожны знойдзе нешта сваё.
Таксама прыемна бачыць, што сучасная беларуская літаратура мае такія жывыя, дзёрзкія, з налётам даўніны і метафізічнасці творы.
Акрамя ўсяго «Сфагнум» — гэта яшчэ і падарожжа па беларускім унутраным свеце — ад занядбаных вёсак да балот, што дыхаюць, пужаюць і паглынаюць. Балота тут — паўнавартасны персанаж. А Марціновіч так трапна перадаў настрой і рытм гэтага месца, што, чытаючы, пачынаеш адчуваць млявасць паветра, цяжар вачэй ад вільготнасці і тую ціхую трывогу перад невядомым — што там, за наступным кустом?..
P.S Падаецца, што ўжо чую аднекуль : “Ніхяра не зразумеў, але складна”…
– 😀😉
Раман Віктара Марціновіча цяжка жанрава акрэсліць. Назваць яго прыгодніцкім не выпадае. Тым больш не назавеш “Сфагнум” дэтэктывам, хоць раман і пачынаецца з забойства. Пры ўсёй дынамічнасці і закручанасці сюжэта, гэта ўсё ж кніга не пра прыгоды. І сацыяльна-бытавым твор не назавеш.
Штосьці падобнае ўжо было ў беларускай літаратуры. Я маю на ўвазе раман Уладзіслава Ахроменкі “Тэорыя змовы”, які пабачыў свет у 2011 годзе. Дарэчы “Сфагнум” Марціновіча стылістычна месцамі вельмі нагадвае “Тэорыю змовы” Ахроменкі. І нават не толькі стылістычна, але і нейкім духам, нейкай агульнай атмасферай – сацыяльнымі ракурсамі, успрыняццем і ацэнкаю сучаснай беларускай рэчаіснасці, сарказмам у адносінах да шараговых персанажаў.
Абодва гэтыя раманы маюць двайное дно. Першае, што зверху – гэта аповед пра вострасюжэтныя, часам смешныя, часам фантастычныя прыгоды героеў. Другое дно – гэта развагі героеў пра жыццё, іх ацэнка розных падзеяў у краіне і свеце, гіпербалізацыя сацыяльных праблемаў, якія існуюць у сучасным беларускім грамадстве, – каб паказаць іх у поўнай “прыгажосці і велічы”. Прынамсі, асобныя месцы рамана Марціновіча прымушаюць паразважаць пра мінулую вайну, або пра прыроду ўлады ў Беларусі, калі рэгіянальныя князькі падпарадкоўваюцца толькі іншым князькам, і толькі тым, што стаяць вышэй у дзяржаўнай вертыкалі. І ніякі суд, і ніякая міліцыя гэтай уладзе не ўказ.
Праўда, у сваім рамане Віктар Марціновіч часам зусім ужо адрываецца ад рэальнасці, і тады ў яго міліцыя можа наладзіць маскі-шоў у раённай газеце. А гэтага ў Беларусі проста не можа быць у прынцыпе, бо раёнка з’яўляецца структурнай адзінкай мясцовай улады і ніхто яе без дазволу райвыканкама пальцам не кране.
Са станоўчага адзначым, што кніга чытаецца лёгка і з энтузіязмам, бо сюжэт захапляе, а гумар, з якім апавядаецца гісторыя, надае чытанню пачуццё прыемнага баўлення часу.
Сам аўтар у адным з інтэрв’ю патлумачыў пра што яго кніга: «…гэты раман не варта ўспрымаць як тэкст „пра вёску“, пра „гопнікаў“ ці “пра прыроду“. У беларускім кантэксце «балота» і балота — розныя рэчы. Гэта кніга пра беларускі абсурд. Пра беларускую варажбу. Пра шуканне скарбаў там, дзе іх няма. Гэта казка з дрэннымі героямі і спрэчным канцом.»