Гэты тэкст – кавер-версія рамана “Сфагнум” Віктара Марціновіча. Зрэшты, я б сказаў, што адразу двух раманаў – яшчэ трэба дадаць і “Мову”. Сустракаем: “Сфагнумы” Андрэя Дудко. З улікам адзначанай мной “Мовы”, льга было б даць назву кшталту “Мова сфагнумаў”))
Далёка не часта я чытаю і ўсміхаюся, а тут жонка заўважыла, што куру на балконе і вусны расцягнутыя ва ўсмешцы. Сапраўды, усміхаўся, згадваючы што-нішто з прачытанага. Падзялюся з вамі колькімі бліскучымі – не пабаюся так сказаць – пярлінкамі з гэтага кавера:
==Хата вызірала з былля, як конская костка з памыйкі.
==гадоў у семдзесят яны проста перасталі старэць і толькі раздавалася ўшыркі, абрастаючы гадавымі колцамі.
==А што калі ў газеце пра «Дудку» не напісалі, бо месца не хапіла? — пацікавіліся Багдановіч. — Газета вунь якая маленькая.
==Яны скончылі ўніверсітэт у Мінску, чыталі Бурдзьё, Фуко і Бадрыяр, плакалі над інтымным ліставаннем Ханна Арэнт і збіраліся з’ехаць адсюль адразу, як скончыцца размеркаванне.
==Трэба шукаць літаратуру. Мы малымі былі ў музеі, бачылі скарбы. Сустракаюцца не толькі манеты, але і старыя кнігі. Бібліі, летапісы. Тут літаратуры у зямлі ведаеце, колькі?
==Ад аўтастанцыі ў Будзе застаўся толькі пакрыўлены слуп — а калісьці іх было чатыры, і яны трымалі шыферны дах.
Ну і далей можна цытаваць доўга, там такія хвацкія абзацы сустракаюцца – перачытваеш)
Па шчырасці, баяўся, што першапачатковы запал аўтара сыдзе недзе да сярэдзіны, пасля будзе сумна і нецікава. Памыліўся: Андрэй Дудко паказаў выключную працаздольнасць, утрымаўшы зададзены рытм і стыль да апошняга радка.
Канешне, ацаніць кавер цяжка без ведання арыгіналу. У літаратуры гэта як постмадэрнізм. Нейкім чынам і “Сфагнумы” – постмадэрнізм. Чытанне яго прынясе асаблівае задавальненне тым, хто знаёмы са “Сфангнумам” і “Мовай” Віктара Марціновіча, але, папярэджваю, не фанатам згаданага аўтара. Зрэшты, кавер “Сфагнумы” – рэч, дазволю сабе такі каламбур, дастаткова самадастатковая, каб быць прачытанай як самастойны твор.
Вельмі класнае, цікавае і вясёлае чытво. Іранічнае і сатырычнае. Хвацка зробленае, па-майстэрску.
Прызнаюся, за творчасцю Андрэя Дудко сачу даўно. Ну як сачу: з’яўляецца магчымасць пачытаць нешта новае – чытаю. Мне падабаецца малады і шчыра запал, іронія, вынаходлівасць і свой асабісты стыль гэтага творцы. Было, я са шкадаваннем адзначыў: каб жа быў твор на беларускай мове. То я пра аповесць Дудко, дзе ён піша пра двух псіхічнахворых. Насамрэч, аповесць мяне вельмі кранула. Але, такі пакуль лёс беларускіх аўтараў, хто піша на рускай мове: іх творы будуць губляцца ў тым вале рускамоўнага чытва, якім запоўненыя кнігарні, сайты і бібліятэкі, як адзінокія чоўны ў акіяне. І яны застаюцца пакуль без асаблівай увагі беларускай пісьменніцкай суполкі, бо, будзем шчырымі, тут пытанне ідзе аб элементарным выжыванні беларускамоўнай літаратуры. Зірніце хоць на лонг-ліст Гедройца – і не трэба больш слоў. Прабачце мне мой пафас, доўг беларускага літаратара сёння – пісаць на роднай мове.
Таму мяне шчыра ўзрадавала з’яўленне вось гэтых “Сфагнумаў”. Бо Андрэй Дудко мае высокі патэнцыял, здольнасці да пісьма, і, у чым я зараз пераканаўся – беларуская мова яму ніколечкі не чужая.
Буду чакаць новых твораў. Упэўнены, яны будуць. Няважна якога жанру. Галоўнае каб – цікавыя. А спадзеў на гэта ёсць.
(вокладка неіснуючай пакуль на паперы кнігі прыдумана аўтарам водгука)