Спачатку была цемра. Барыс Пятровіч

Спачатку была цемра. Барыс ПятровічМаё знаёмства з Барысам Пятровічам пачалося з ягонай кнігі “Сон між пачвар”. Яна дагэтуль у маёй невялікай бібліятэцы, і нядаўна, ладкуючы паліцу, я колькі хвілін патрымаў яе ў руках – досыць пацёртую. Бо чытаў яе не адзін раз. Бо кніга здзіўляла столькі разоў, колькі я адкрываў яе. Бо гэта была надта адрознае ад таго, што я чытаў на той час.

З беларускай літаратуры для мяне зусім мала тых твораў, якія б я перачытваў. Выключэннем застаецца Брыль – іншы раз пацягнешся па нейкі том са збору, адкрыеш на выпадковай старонцы, чытаеш. Перачытваў “Дзікае паляванне” Караткевіча, трэцім разам ужо з алоўкам, вывучаючы, шукаючы адказы на свае пытанні.

І вось перачытваю не ўсю цалкам, бо помніцца ж сюжэт, але хочацца зноў нырнуць ў чорна-белую глыбокую і трывожную плынь тэксту. Трымаю на стале кнігу “Спачатку была цемра”.

Не адпускае кніга.

Не адпускае тэкст, беручы цябе ў палон першымі сказамі, зацягваючы ў вір экзістэнцыялізму. Вір мяккі, бездакорны, амаль нябачны і нячутны, ды магутны і бязлітасны. І тут нельга не пагадзіцца з Ірынай Шаўляковай, якая адзначыла:

Барыс Пятровіч мае выключнае стылістычнае чуццё, адметнасць якога ўкаранёная ў здольнасці абіраць адзіна магчымыя словы для аднаўлення ў вобразе прынцыпова значных з’яваў… Талент стыліста шчасліва лучыцца з майстэрствам сюжэтабудавання: Барыс Пятровіч здольны вылушчыць ядро арыгінальнай ідэі з фабулы, здавалася б, ужо даўно і безнадзейна змучанай мастакоўскімі эксплуататарскімі захадамі.

Ужо калі прыведзена адна ацэнка, прывяду яшчэ. Вось так выказвалася пра творчасць Пятровіча пісьменніца Людміла Рублеўская:

Адметная рыса творчасці Барыса Пятровіча — сінтэз набыткаў сусветнай культуры і аўтахтоннай, аўтэнтычнай беларушчыны… Барысу Пятровічу ўдаецца спалучаць неспалучальнае — традыцыйную „вясковую“ прозу і інтэлектуальную, пошукавую плынь.

Ну і вельмі дарэчы тут будзе дадаць яшчэ і словы маладзейшага калегі, Віктара Марціновіча:

“Спачатку была цемра” пісалася 16 гадоў. І тут — адно з прыкметных адрозненняў пісьменніцкай генерацыі, якую прадстаўляе спадар Барыс, ад той, да якой належу я. Сёння так удумліва і пільна больш не пішуць. Сёння, калі сюжэт не кладзецца на паперу за тры-пяць гадоў, ад яго адмаўляюцца назаўсёды. Караткевічаў руплівы выраз «трэба церабіць сваю сцежку» не прыдатны для твораў маладых беларускіх празаікаў, раман якіх выспявае хутчэй, чым раней друкаваўся падрыхтаваны рукапіс. І гэта не дрэнна, гэта проста іншая хуткасць, якая адразу бачная па тэксце. У Пятровіча ён завершаны і дашліфаваны, змешчаны за крыштальнай вітрынай вечнасці.

І вось тут міжволі задумаешся: а як так атрымалася, што аўтар, творчасць якога так высока ацэньваюць літаратурныя крытыкі і ягоныя ж калегі, застаецца нібыта ў ценю? Барыс Пятровіч не атрымаў, па сутнасці, ніводнай літаратурнай ўзнагароды найноўшага часу. Хіба што прэмію ад “Маладосці” за кнігу “Ловы” – больш за 30 гадоў таму. Ну, яшчэ Алесь Аркуш у 2008 годзе вырашыў уручыць свайго “Глінянага Велеса” Пятровічу за кнігу “Жыць не страшна”.

Кніга “Спачатку была цемра” прайшла амаль незаўважанай. Нашы медыя, вольныя на той час абіраць усякі аб’ект для крытыкі ці ўхвалення, не асабліва зацікавіліся творам. Цэнтрамі прыцягнення медыйнай увагі былі іншыя. Зрэшты, так застаецца пасёння.

Чаму так? Кніга пасля свайго выдання не змагла удзельнічаць у прэміі Гедройца, бо Барыс Пятровіч быў запрошаны ў журы. Такім чынам, кніга адразу апынулася па-за фокусам грамадскай цікавасці. Ну а пасля… Пасля мы кажам толькі пра новае.

Для мяне зразумелым ёсць адно: Барыс Пятровіч гідзіцца як адкрытай, так і закуліснай валтузні за месца ў першых шэрагах вядомасці. Той, хто ведае добра Пятровіча, пагодзіцца. Сціплы творца, які дапамог дзясяткам і сотням. Не бяруся казаць, што ёсць галоўным у жыцці для яго, але дакладна, не медныя трубы.

Пра сваю кнігу Барыс Пятровіч выказаўся максімальна сціпла:

Для мяне галоўнае: думкі, адчуванні, лёс чалавека, які раптам вынырвае з цемры невядомасці ў гэты свет, не памятаючы сябе, свайго мінулага, нават імя. Гэта цяжка — нарадзіцца ў дваццаць восем гадоў і наноў вучыцца хадзіць, гаварыць. Быць у поўнай адзіноце. Без мінулага і будучыні. А ўсё астатняе — суполкі, мітынгі, незалежнасць, першыя выбары прэзідэнта, пераслед КДБ, голад і бруд, страх і гвалт у доме-інтэрнаце — гэта проста тло, на якім адбываюцца найвялікшыя падзеі ў простым чалавечым жыцці, у жыцці самотнага, адзінокага, забытага ўсімі чалавека.

“Спачатку была цемра” – гэта кніга адно пра вяртанне чалавека да сябе, так зазначае сам аўтар. Не станем спрачацца з ім. Але ва ўсякім разе, пісьменнік заўсёды піша больш, чым хацеў бы напісаць. Ды яшчэ і чытач: як хоча, так і чытае. І таму ў таленавіта напісанай кнізе заўсёды больш за тое, што хацеў бы сказаць аўтар.

Не ведаю, ці кансультаваўся ў каго з медыкаў Пятровіч пра вяртанне свядомасці і памяці да чалавека, ці гутарыў сам з некім, хто перажыў падобнае, але выпісаны гэты “працэс” вельмі і вельмі праўдзіва (так і хочацца сказаць – прафесійна), цікава і непрадказальна. Захоплівае, адно слова. Адначасова разам з “фізікай” працэсу вяртання памяці ідзе пошук героя самога сябе. І тут напал куды вышэйшы: герою (і нам) важна не толькі зразумець: хто ён і кім быў, а якім ён быў? То бок, не проста вярнуць да сябе памяць, але вярнуцца самому да сябе ж. І нават больш: перажыўшы нанова сваё жыццё, знайсці ў ім новае месца, наноў асэнсаванае.

Чалавек нараджаецца наноў – і нараджаецца ў поўнай самоце, якая тут узведзена ў абсалют. І адбываецца нечаканае: самота, якая вядома нам як пачуццё хваравітае, дэпрэсіўнае, пераўтвараецца ў стваральнае. Герой не проста нараджае сябе, абрастаючы бы костка мясам успамінамі (і сваім сапраўдным жыццём), але дазваляе, скажам так, нарастаць сваёй матэрыяльнай частцы мінулага праз яго асэнсаванне. І менавіта яго самота не дазваляе яму прымаць успаміны “як ёсць”, але вымушае самастойна працаваць над успамінамі, прапускаць іх праз асаблівы ацэначны фільтр, адсякаць нязначнае, шукаць сапраўдныя крыніцы падзей і учынкаў як самога сябе, так і акаляючых у мінулым людзей.

З аднаго боку, мы ўсведамляем рызыку значнай ступені суб’ектыўнасці, але з другога – герой максімальна пазбаўлены навязвання яму іншых меркаванняў.

Герой Барыса Пятровіча – не сферычны конь у вакууме, прабачце за такое. Ён можа адбыцца толькі на тле тых самых падзей, абставін і часу, у якіх знаходзіўся і знаходзіцца цяпер. Аўтар наўмысна прыніжае той самы фон (прынамсі, у сваім расповядзе пра кнігу), ды ён урэшце праступае асобнымі слаямі рэалій. Кнігу можна пабачыць, як чорна-белыя малюнкі, часам паўпразрыстыя, на празрыстай аснове, накладзеныя адзін на другі.  Верхні малюнак – наш герой, пад ім – гісторыя “Тутэйшых”, яшчэ ніжэй – грамадскае жыццё таго часу, а ў самым нізе, амаль схаванае пад лініямі зверху – гісторыя здрады. Што б ні сказаў Пятровіч пра нязначнасць гэтых трохі ніжніх слаёў, яны надзвычай важныя. Таму што сапраўднае мастацтва не можа хлусіць. Аўтар, маючы сілу Богам дадзенага таленту,  не зможа умяшацца ў свой асабісты творчы працэс – і ён напіша тое, што павінен напісаць: праўду. Мастацкую праўду на фоне праўды жыццёвай, у якой ісціны заўсёды больш, чым у любой іншай праўдзе: гістарычнай ці дакументальнай.

Перачытаў пра чорна-белы малюнак і задумаўся раптам: а чаму я так напісаў? І здзівіўся, згадваючы: а я ж чытаючы, не бачыў перад сабой колераў. Чорнае і белае, цемра і святло. Ну і адценні, вядома. Шэрыя. А больш колераў не ўяўлялася, пра што б ні згадваў герой, ці куды б ні трапляў.

Дзіўнае адчуванне.

І яшчэ пра адно. Пра экстрасенсорыку і прарокаў. Напачатку мне падалося дзіўным: навошта Барыс Пятровіч узнагароджвае свайго героя гэтымі здольнасцямі? Адказаў можа быць некалькі (колькі і чытачоў, мабыць), для мяне ён такі: каб паказаць, што рэвалюцыі – марныя.

Можна валодаць звышздольнасцямі і вылечыць тысячы і сотні тысяч, але ўсіх – не атрымаецца, і, галоўнае, хвароба не будзе пераможана.

Можна прадказаць падзеі, але ці ёсць сэнс у прадказаннях: збудзецца, дык навошта тады было, а як падрыхтавацца да яго ды перайначыць, дык атрымаецца недакладнае прароцтва…

Можна чалавека вырваць з ягонага асяродка, уратаваць, перайначыць – але ён мусіць вярнуцца ў сваё ранейшае жыццё. І стане ранейшым.

Мне прачыталася, сваімі прадказаннямі пра будучыню Барыс Пятровіч асцярожна даводзіць адно: толькі эвалюцыйны шлях грамадства можа прывесці яго да святла. Толькі агульнае развіццё. Толькі доўгі і пакутлівы шлях з высілкамі ўсіх і кожнага мае сэнс.

Фінал кнігі аўтар пакінуў адкрытым. Выпадкова? Мяркую, ніяк не. Нешта Пятровіч прадбачыў. Як па мне, дык добры фінал, які пакідае шмат месца для роздуму. Хоць незадаволеных такім фіналам, зразумела, будзе:

Бессэнсоўна далей пераказваць сюжэт, але твор заканчваецца не так, як бы мне хацелася. Мы сочым за развіццём героя, у творы шмат яго разважанняў аб жыцці, аб сваім лёсе, аб прызначэнні. Ён хоча зразумець, чаму менавіта яму дадзены другі шанец, шанец вырвацца з цемры, магчымасць пачаць усё спачатку. І мне зусім не даспадобы той шлях, які ён у выніку абірае, хоць твор, як па мне, не мае нейкага канкрэтнага завяршэння.

Аўтар шмат дынамікі ўставіў у фінал, які раптоўна абрываецца, пакідаючы чытачу магчымасць самому думаць, што чакае ўсіх герояў далей. xbohx 

Не магу згадзіцца. Барыс Пятровіч спыніўся роўна на тым месцы, з якога пачынаецца ўжо зусім іншая гісторыя. Ці магла пачацца.

В. Г.

У кожнага з нас спачатку была цемра, і кожнага з нас потым чакае цемра. Але ў асобных людзей ёсць шанец, трапіўшы ў “нішто” вярнуцца адтуль, трапіўшы ў цемру, вынырнуць з яе.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме