Трошкі прыкрасці, кроплі раздражнення, ёсць колькі радасці і задавальнення.
Атрымаўся такі букет пасля прачытання кнігі “Соня, стой”.
Адразу скажу пра тое, што “сэрца не прыняло”. Да чытання – псеўданім аўтара. Тут чыста чалавечае. Уладзімір Гук – афганец з Івацэвіцкага раёна, загінуў у баі. Колькі разоў бачыўся з ягонай маці, Аляксандрай… Канешне, гэта мой унутраны бзык, якія мае права адно на унутранае жыццё, ды кажу як ёсць. Да таго ж, прозвішча Гук – пашыранае. А вось што зноў – Саша, то тут ціха скавычу. Мала нам аднаго Сашы? Чаму нават пры выбары псеўданіма так учэпіста, бы галоднае немаўля за пустую матчыну цыцку, трымаемся за расейскую мову?
Другое не зайшло пасля прачытання – назва твора. Ведаю, як цяжка бывае назваць напісанае. Але ў дадзеным выпадку назва ніяк не адлюстроўвае сутнасці твору, характару гераіні (якую не спыняюць, але з норкі выцягваюць), дый саміх падзей. Успрыняў назву як спробу эпатажу і разлік на розгалас. Сама па сабе яна досыць прыцягальная, страляе…
Па шчырасці, калі невядомую кнігу невядомага (тут – цалкам засакрэчанага) аўтара выхвальваюць, як, да прыкладу, ашаламляльную, мяне гэта насцярожвае. Ашаламіць – гэта нешта такое трэба выдумаць, так напісаць…
Не, мяне не ашаламіла. Калі недзе бухалі дробнымі петардамі эмоцыі, дык праз іншае. Найболей – праз бачную неабавязковасць аўтара, перакладчыка і рэдактара.
Маё адчуванне: кнігу паспяшылі выдаць, тэксту не далі адляжацца. Не ведаю прафесійных якасцей рэдактара, але, адчуваецца, ён баяўся прыстаць да аўтара з пытаннямі, а прыставаць трэба б было. Як прыклад:
Тата штодня ўводзіў мне ў вушы, што жыць з сабакам жудасна цяжка, і нават аднойчы балюча прыціснуў мяне да сцяны. Калі сіняк прайшоў, я пастаралася забыць пра гэты выпадак, але не атрымалася. Затое цудоўна атрымлівалася паўтараць татавы штукі: вінаваціць адных, ціснуць на іншых.
Недагаворанасць у тэксце, зрэшты, амаль заўсёды вітаецца, тым больш у такой кнізе, як гэта, якая пабудавана на ўспамінах і рэфлексіі. Але тут маем увогуле вельмі няўцямнае. І многа. Чаму прыціскаў? Дзе атрымаўся сіняк? І што гэта за такія “штукі”: вінаваціць адных, ціснуць на іншых? Як гэта звязана з гераіняй? Дарэчы, такія “штукі” так добра разумее 12-гадовы падлетак?
Далей кароткі дыялог выклікае больш пытанняў, чым сказаў у ім.
— Ты баішся яго? — спытала мама, калі я сказала ёй пра сіняк.
— Не яго. Я баюся за сябе. Сябе, калі стану такой, як ён, мяў, — адказала я і засмяялася. — Ён у маіх кантактах „Даставака“, разумееш? — Я хацела насмяшыць маму, якая таксама была адказная.
Мама ўсё зразумела.
— Запароль тэлефон, — параіла яна і сапраўды засмяялася следам. — А Міла будзе абараняць цябе ад даставакаў.
Пяты клас, 12 год няма дзяўчынцы. А яна баіцца стаць такой, як ён… Паверым?
А да чаго “мяў”?
Уразіла рэакцыі маці – яна адно раіць запароліць тэлефон. Што, сінякоў тады не будзе? І далей недарэчны жарт пра сабаку, які будзе бараніць ад “даставакаў”. І смех.
Карацей, пра бацьку тут можна думаць, наколькі фантазіі хопіць. Як яны жывуць разам – не зразумець. Таму літаральна сюрпрыз – гераіня з маці вяртаюцца ў горад, дзе іх у кватэры чакае прыгатаваная бацькам курыца з грэчкай. Вось і думай.
Спыніўся на гэтым месцы яшчэ і па той прычыне, што тут чую не голас падлетка, але дарослай жанчыны, якая ўспамінае сябе. Ён, голас, і далей чуваць шмат дзе, многія апісанні свайго стану як фізічнага, так і псіхалагічнага зроблены постфактум, чалавекам з вопытам, у тым ліку – з вопытам мастацкага пісьма. (І па гэтай прычыне, па шчырасці, вагаўся: напраўду адносіць гэту кнігу ў раздзел для падлеткаў?)
Таму і кажу, што рэдактару льга б было быць больш патрабавальнай да тэксту і аўтара. І да сябе ў тым ліку.
Канешне, ніхто не забараняе ужыць невядомае слоўнікам слова “плітануць” (“юркнуть”, збегчы), можна і “месячніцу” выцягнуць з небыцця, але варта тады заставацца паслядоўным. Хай будуць такія словы, і хай іх будзе больш. Ды хіба ў такім разе можна “пераадзявацца” ажно тры разы? Я не супраць “надзець”, пярсцёнак на палец мне жонка менавіта надзела, і абутак надзяваюць. Але гераіне можна б было хоць раз і пераапрануцца.
Што будзем рабіць з “дзяцінай чысцінёй”? Гэта так пераклалі “девственную чістоту”?
Не ўразіла пажаданне перад экзаменамі:
— Каб цябе цяміла!
Як і адказ:
— На сухі лес!
Першае я ніяк не зразумеў, бо цяміць – хіба можа быць безасабовым дзеясловам? Кшталту, мне (ці мяне) сёння цяміла. А адказ – гэта, як кажуць, звычайны беларускі адклён, дарэчы, вельмі глыбокі ў сваім сэнсе і да жартоўнага кароткага дыялогу перад экзаменамі ніякіх адносін мець не павінен. Студэнцкае рускамоўнае “Ні пуху, ні пер’я! – К чорту” вырашылі перастварыць. Атрымалася, імхо, не вельмі.
Вось таму і раздражненне. Крыўдна, па праўдзе. Бо падобныя недарэчнасці (іначай не скажу), як пырскі бруднай вады на прасціне “дзяцінай чысціні”.
Пра прыкрасць. Тэкст ад пачатку быў напісаны на рускай мове. А тэкст, на мой погляд, выдатны.
Вось, цяпер ужо пра сам тэкст.
Так, я насамрэч адчуваў вопытны голас аўтара як стваральніка тэкстаў. Цалкам – гэта калі яшчэ не зусім высокапрафесійная работа, то таленавітая ў кожным разе. І паўсюль схаваць сваю прафесійнасць у апісанні сябе дзіцяці і падлетка аўтар не змагла, таму ў нейкіх момантах дзяўчынка выглядае занадта разумнай, занадта дарослай. Глядзіце вышэй прыклад “Я баюся стаць, такім як ён”.
Напісаны тэкст незвычайна. І, прызнаюся, нічога падобнага ў беларускай сучаснай літаратуры для падлеткаў я не сустракаў (з “дарослага” – згадаўся Ілля Сін і ягонае “Libido”, нешта агульнае ёсць). Тут напісана больш менавіта не што, не пра што, а ЯК – пра неабходнасць такіх тэкстаў не раз і не два пісалі нашы крытыкі ды літаратуразнаўцы.
Аўтар адчапляецца ад якара стандарту і стварае на першы погляд тэкст няўцямны, ірваны на кавалкі, не “сінхранізаваны”. Тут шмат недагаворанасці, намёкаў і паўтонаў. Свет гераіні паказваецца толькі праз яе эмоцыі і перажыванні, таму свет увогуле існуе адно там, дзе сустракаецца боль – фізічны ці душэўны. Школа – нулявое па значнасці месца, яна з’яўляецца тады, калі боль не дае сядзець на ўроках. Не чытаў раней пра такія адносіны вучаніцы і калектыву, успрымання дзяўчынкай акаляючай прасторы. Тут ні кроплі падлеткавай рэўнасці ці зайздрасці, процістаўлення сябе і іншых і болю ад гэтага процістаўлення. Мы не сустракаем у тэксце перадгісторый, калі і здараюцца рэтраспектывы, то яны адзінкавыя, кароткія і тычацца унутранага свету гераіні і канкрэтнай падзеі ці факту. І не столькі для тлумачэння, колькі для стварэння пэўнага фону, адцення.
Вось сяброўка. Проста яна ёсць. Вось яна такая. Вось такія нашы адносіны.
І вось Паша. Раптам, быццам зніадкуль. Вельмі незвычайна паказаныя стасункі. І так атрымалася, што гэты Паша з’яўляецца тады, калі толькі і мог з’явіцца. Калі б пра гэта сяброўства пачалося раней – не атрымалася б шчырасці і праўдзівасці. А вось калі мы дастаткова добра пазнаёміліся з гераіняй і яе ўсімі “пункцікамі”, адносіны з Пашай выглядаюць цалкам натуральнымі і зразумелымі. Дарэчы, Паша атрымаўся вельмі сімпатычным, крышку загадкавым. Жывым.
Гераіню ніяк нельга назваць “звычайным падлеткам”. Сусвет насамрэч для яе – погляд з нары трусіка. Яна не ўспрымае вонкавасць, не жадае яе асэнсоўваць, яе сусвет бы ў шкарлупіне створаных ёй самой рэфлексій. Знешні свет дасягае яе хіба цераз дыялогі з сяброўкай, цераз удзел у нейкім там праекце. І цераз Пашу. Так, хлопец, старэйшы за яе, пакрысе выцягвае гераіню з яе норкі.
Добра, што ў гэтым тэксце не адбылася чароўная метамарфоза і хворая дзяўчынка не пераўтварылася ў Эмілію Плятэр ці Жанну д’Арк.
Не скажу, каб мяне ашаламіла гісторыя. Як такой, гісторыі, па сутнасці, і няма – ёсць кароткі прамежак часу першага сур’ёзнага асэнсоўвання сябе праз боль, але на гэты раз – праз чужы боль. Нарадждэнне эмпатыі. Не ашаламіла яшчэ і таму, што за гады журналісцкай практыкі давялося бачыць шмат рознага, звязанага з чалавечай немаччу ў маладым узросце.
Уразіла прыемна іншае – менавіта выкананне тэмы, тое, як напісана. Бо гэта насамрэч нова, нечакана, глыбока і на тонкай мяжы інтымнага даверу.
Гэта вельмі цешыць – сустракаць вось такі тэкст.
І толькі недзе далёка ў сярэдзіне квеліцца небяспека быць падманутым. На ўзроўні падсвядомасці віецца думка: а калі гэта – містыфікацыя? Калі ўсё стваралася прафесійным майстрам слова, каб здзівіць ды пасля трошкі пацешыць сваё эга? Можа, якраз не ад адсутнасці вопыту пэўныя месцы патрабуюць больш увагі стваральніка, а менавіта знарочыстая нядбайнасць таму прычынай?
Але будзем верыць у лепшае) Хай аўтар застаецца маладым і таленавітым. Каму пісаць і расці.
В. Г.