У абдымках сонм-травы
Развагі над зборнікам Андрэя Бурсава
Выдавецтва “Скарына Прэс” працягвае выпрабоўваць чытацкую аўдыторыю на талерантнасць да паэтычнага эксперыменту, гэтым разам — выдаўшы зборнік Андрэя Бурсава “Сонм-трава”. Гэты аўтар эксперыментуе даўно, і не толькі ў слове: ён вядомы таксама як мастак і фатограф, некалькі ягоных персанальных выстаў праходзілі ў Менску напрыканцы 2010-х гадоў. Вядома таксама, што на сваім творчым шляху Андрэй Бурсаў зведаў даволі небанальныя перашкоды: у чэрвені 2015 года яму адмовілі ў прыёме ў “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, нягледзячы на два друкаваныя зборнікі і тры рэкамендацыі сяброў па паэтычным цэху. Гэтую падзею своечасова пракаментаваў акаўнт творчага руху “Бум-Бам-Літ” у сацыяльнай сетцы VK:
“Учора адбылося пасяджэньне Прыёмнай камісіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, дзе, сярод іншых, разглядалася і кандыдатура цікавага і арыгінальнага паэта і перакладчыка (а таксама дадамо: мастака і фатографа) Андрэя Бурсава. Нягледзячы на наяўнасьць у камісіі бумбамлітаўскай фракцыі ў асобах Сержа Мінскевіча і Віктара Жыбуля, зацьвердзіць А. Бурсава на прыём не атрымалася: тайнае галасаваньне скончылася вынікам 4 — за і 7 — супраць. Што сьведчыць пра непапраўны кансэрватызм і пэўную эстэтычную абмежаванасьць большасьці сяброў Прыёмнай камісіі. Імі, напрыклад, былі нэгатыўна ацэненыя экспэрымэнты А. Бурсава з правапісам, а таксама вобразы кшталту “ВЕЦЕР ПЯШЧОТНА ІРВЕ ЯЗЫКОМ”, якія палічылі за безгустоўныя“.
Цяпер цяжка сказаць, так ці не так была аргументаваная пазіцыя “Саюза” і ці сапраўды толькі няшчасны языкаты вецер стаўся прычынай адмовы, але сама па сабе сітуацыя ніяк не змянілася: хто б ні сутыкаўся з “граняслоўямі” (так аўтар называе свае вершы) Бурсава, абавязкова мусіць вырашыць хаця б для самога сабе, ці паэт гэты аўтар, ці не і ці не хварэе дадзены канкрэтны чытач на “эстэтычную абмежаванасць” і “непапраўны кансерватызм”.
Паколькі апошняе, чаго б я хацела, — гэта займець парачку дыягназаў ад “Бум-Бам-Літа”, дык паспрабую ўсё ж разгледзець прапанаваны выдавецтвам зборнік як мастацкі факт і разабрацца ў сутнасці таго эксперымента, за які так горача ўступаюцца адны і галасуюць “супраць” іншыя, тым больш што ў “Сонм-траву” ўвайшлі ці не ўсе тэксты, напісаныя аўтарам за сваё творчае жыццё.
Спачатку пра тыя адметнасці тэкстаў Бурсава, якія традыцыйна падаюцца як эксперымент: аўтарская арфаграфія і складаны вакабуляр (такі выраз датычна гэтых вершаў ужыў Арнольд МакМілін, верны брытанскі рыцар беларускай літаратуры).
Што тычыцца арафаграфіі, то аўтарскія прымхі клапатліва пазначаныя выдавецтвам на самым пачатку:
З захаваньнем аўтарскага правапісу:
̧e = э [ e ];
ïo, ö, ьо, ё = ё [ jo ] ці/i [ io ]; ỉ = йі [ ji ];
ĭ = й [ j ];
̧o = [ о ] не пад націскам;
ф = [ хв ].
Шкада, што да гэтай таблічкі не дададзена хоць нейкага маніфесту альбо хаця б аўтарскага тлумачэння: навошта патрэбна змяняць традыцыйны алфавіт і чаму пад удар трапілі менавіта гэтыя літары. Помніцца, апошні змагар з беларускай кірыліцай, Уладзімір Дубоўка, прысвяціў ажно некалькі артыкулаў сваім прапановам датычна беларускіх дыфтонгаў ДЖ і ДЗ і, перш чым стаў друкаваць свае тэксты з новымі, прыдуманымі ім самім літарамі, — надзвычай падрабязна і канцэптуальна свой эксперымент абгрунтаваў. Скажу шчыра, я прасядзела над таблічкай пэўны час, імкнучыся самастойна выбудаваць схаваную ад мяне канцэпцыю, і магу пагадзіцца хіба з літарай /,о/,якая пазначае О не пад націскам — сапраўды, іншым разам яна б паэтам і не зашкодзіла. Астатнія замены засталіся для мяне таямніцай. Што ж тычыцца замены Ф на ХВ — тут я адчула павевы таго самага “непапраўнага кансерватызму”, з якім змагаюцца авангардысты ўсіх часоў. Што можа быць больш традыцыйным, чым замена Ф на ХВ? Хіба што ўвогуле спроба перакроіць алфавіт: як бачым, гэтай традыцыі, запачаткаванай Дубоўкам, хутка споўніцца 100 гадоў.
Аднак мушу заўважыць, што аўтарская арфаграфія сапраўды мае некаторы сэнс. Возьмем, да прыкладу, такое чатырохрадкоўе:
я разьліў сьмятану бо ж я рукажӫп
мяне ніхто ня любіць нават сам пан Бог
а мо’ öн і кахае толькі я тупȩ ĭ
ды не заўважаю яго сівых вачȩ ĭ
А цяпер перапішам яго звычайнымі кірылічнымі літарамі без эксперыментаў:
Я разьліў смятану бо ж я рукажоп
Мяне ніхто не любіць нават сам пан Бог
А мо ён і кахае толькі я тупэй
Ды не заўважаю яго сівых вачэй.
Як бачым, сапраўды: выкананае ў традыцыйнай арфаграфіі, гэтае “граняслоўе” імгненна згубіла своеасаблівы флёр і з эксперыментальнага тэксту ператварылася фактычна ў нішто. Можаце паспрабаваць самі: перапісаныя звычайнымі літарамі, вершы імгненна губляюць не толькі свой выгляд, але часцяком і хаця б які змест. Фокус!
Цяпер — да складанага вакабуляра. Месцамі ён сапраўды складаны, а месцамі — нават дасціпны.
сȩ рцы камяньоў ня сьпяць
і блукаюць у міжмор’ỉ
мёртвых думак цішыня
кіпцюрамі рве паўскроні
восьні кнíжаць над узнорам
бы пялёсткі наўспамінаў
понускам шугáе пломя
я асклéў бяз даĭ прычынаў
цíжма сьнéжаных пачуцьцяў
роскваль хвíлія і склюды
нéзір крочу тȩ ĭ сьцягою
моĭ шпацыр ідзе ў нікуды
Папраўдзе сказаць, тут я таксама не бачу асаблівай эксперыментальнасці ці авангарду, бо легендарнае “варкалось, хливкие шорьки пырялись по наве и хрюкотали зелюки как мюмзики в маве” мы ўсе ведаем з дзяцінства. Магчыма, паважаны Арнольд МакМілін і мог прыняць гэткія слоўцы за “рэгіяналізмы” і “састарэлую лексіку”, але мы, эстэтычна абмежаваныя носьбіты мовы, аніякіх “узнораў” і “понускаў” ад сваіх бабуль не чулі. Таму я перакваліфікавала б словазлучэнне “складаны вакабуляр” у “фанетычнае хуліганства”, і вось тут мне і стала б цікава, хаця і не надта эксперыментальна, бо Льюіс Кэрал і ягоныя перакладчыкі гуляліся ў такія гульні яшчэ ў пазамінулым стагоддзі.
Гэтае фанетычнае хуліганства некалькі разоў прынесла мне сапраўдную асалоду там, дзе аўтару відавочна бракавала якой-небудзь прымальнай рыфмы і ён проста ляпаў нешта дзеля сугучча:
магчыма я табе прысьніўся
а можа ты прымроỉў сам
цягнік што цягне ноч дадому
аплáўны дождж і скрыгат пам
Гэты цудоўны “скрыгат пам” настолькі натхніў мяне, што я не ўтрымаюся, каб не прывесці колькі радкоў, у якіх іншыя паэты відавочна пакутавалі на пошук рыфмы, а маглі б скарыстацца метадам Бурсава:
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць эгегей
Альбо:
Нешта спявае пяшчотнае бор
Трым тарадым тарадым тарабдор
(І папрашу не папракаць мяне эстэтычнай абмежаванасцю.)
Між тым, у некаторых вершах паэзія ўсё-ткі перамагае эксперымент. Прадзіраючыся праз аўтарскую арфаграфію і складаны вакабуляр, прызвычаіўшыся на сто пяцідзясятай старонцы да спецыфічнага аўтарскага лірызму, я напаткала і такія, прыкладам, радкі: “твой смех як лыжка з мельхіёра”, “іней біў дрэвы пад дых”, “сэлфі старэюць хутчэй за людзей” — сапраўды, з гэтага магло б нешта выйсці, і нават у традыцыйнай арфаграфіі. Але не лёс.
І ўсё ж — пагаджуся з думкай “Бум-Бам-Літа”: тэксты мусяць быць рознымі, і чым большая разнастайнасць у агульным корпусе беларускіх тэкстаў, тым, напэўна, цікавей.
Прынамсі, весялей.
Вера Бейка для анлайн-часопіса “TAUBIN”