Гэта кніга таксама быццам і не ўваходзіць у вызначаны мной перыяд, але ж – маем перавыданне, і не проста перавыданне, а літаральна новая праца ў сэнсе самой кнігі. Ды і сама па сабе “Сарматыя” – твор незвычайны ў многіх сэнсах.
В.Г.
Чырвань у цемры. Чаму так пячэ «Сарматыя» Марыі Мартысевіч
Літаратарка Марыя Мартысевіч прыклала неверагодныя намаганні, каб самастойна выдаць сваю паэму «Сарматыя». Паэма не толькі знайшла фінансаванне і чытача, але і атрымала сёлета прэмію імя Наталлі Арсенневай і тытул «Кнігі году». Павел Абрамовіч уважліва пагатраў старонкі лепшай сёлетняй беларускай пэатычнай кнігі.
Кліча яго кніга, цягне кніга з дому…
У наш час беларускаму літаратару недастаткова прыдумаць, напісаць і надрукаваць кнігу. О, не! Пасля выдання з кнігай трэба быць неадлучна як з немаўлём ці з каханым чалавекам у шчаслівую, мядовую, пару.
Пасля таго, як кніга з’явіцца ў продажы, неабходна з шалёнай жарсцю гучна паведамляць аб ёй на кожнай вуліцы. Нібыта той хлопчык у бацькоўскай кепцы са стосам свежых, яшчэ воглых, ранішніх газетаў у руках, які скача на рагу вышэй за мячык і крычыць пранізліва нешта неверагоднае, дзікае пра «Тытанік».
Чытача у Беларусі цяпер трэба расшукваць днём з агнём найперш самому пісьменніку, а потым сваім гучным аўтарскім басам узмацняць голас уласнай кнігі, надаваць яму моцы. Таксама пасля выдання твора беларускаму аўтару давядзецца яшчэ і пісаць больш, чым у часе працы над кнігай.
Рыхтуйцеся — тыя, хто пакуль яшчэ проста адчуваюць натхненне і «пісьменніцкі» сверб у пальцах!
Можа, у якой Амэрыцы, ва ўласным доме ў гарадку Бангор, штат Мэн, Стывен Кінг і сядзіць за вялізным дубовым сталом, закінуўшы на яго ногі па тамтэйшай звычцы, і слухае спакойна, схілішы голаў, як літаратурны агент і прадстаўнік крутога нью-йоркскага выдавецтва па чарзе выкладаюць яму дэталі рэкламнай кампаніі ягонай новай кнігі. А ў нашай старонцы пісьменнік — малады і стары, вядомы і невядомы — мусіць пераважна сам «прасоўваць» ўласную кнігу.
Тытанічныя індывідуальныя высілкі, прыкладзеныя Марыяй яшчэ да выдання яе новай кнігі — паэмы «Сарматыя», далі плён. Яе персанальнаму вопыту ў сферы краўдфантынга можа наагул пазайздросціць буйная кансалтынгавая фірма.
Мартысевіч сапраўды здолела разварушыць «Вулей»: 155 спонсараў энэргічна прагаласавалі грашыма за новую кнігу аўтаркі, у выніку чаго яна перавыканала план, сабраўшы на выданне амаль дзве тысячы рублёў.
Вось такія, бабка, цяпер у нас працадні!
Не дзіва, што сам халодны і маўклівы Космас Беларускіх Пісьменнікаў заўважыў іскры, якія ажно сыпаліся з вачэй Марыі, схіліўся да яе паважна і працягнуў прэстыжную прэмію «Кніга года». А следам і Беларускі ПЭН адзначыў зборнік прэміяй Наталлі Арсенневай.
Паэма Марыі ўяўляе сабой нізку лістоў жанчыны Алаізы да сваёй сястры — 30 досыць невялікіх вершаваных паведамленняў, праз якія прадзімае час, ідзе сюжэт, цячэ гісторыя. Алаіза апынулася ў далёкай старане, і насамрэч немагчыма дазнацца, дзе месца гэтай краіны ў свеце. Можна толькі паспрабаваць назваць яе — і так пазначыць, хоць «рэчы тут маюць больш за адзін назоў».
Спявай мне песні пра каханне
Дык што забылася Алаіза тут, у Сарматыі, чаго ёй трэба? Яе прывяла сюды «срамата аднаго сармата». Яна кахае мясцовага мужчыну і гатова падзяліць з ім «пекла, зямлю і рай».
Стасункі між жанчынай і мужчынай — унутранае ядро «Сарматыі», якое ляжыць глыбока пад карой і мантыяй гэтай кнігі. Тут 5.400 градусаў па Цэльсію, а можа нават болей. Вельмі гарачая і рытмічная кніга, з выразным эратычным стрыжнем.
Калі б толькі так было, то было б нецікава. Каб чытач варушыўся трохі розумам і душою, а не проста млеў разам з героямі ў чаканні фінальнай сцэны, Мартысевіч раз-пораз кідае ў яго вострыя нажы, на якіх значыцца Femina. Гэта слова, уплеценае ў чорную эмаль гравіроўкі яе паэтычных строфаў, добра бачнае здалёк — асабліва, калі ў вас дальназоркасць, асабліва калі вы — мужчына. Ухіляйцеся, сарматы ці кім вы сябе тут уявілі!
Але гераіня паэмы, якая ўжо прадчувае, што расплата яе не праміне, — была і застаецца да апошняй старонкі Жанчынай. Той самай, з вокладкі. Яна гарыць, бо ў кахання чырвоны колер, бо каханне пячэ і паліць, аднак не ператварае паэму ў памфлет:
Мне самой карцела,
я сама вінаватая,
што гняздую на гэтым балоце.
«Хай чытачы рассудзяць, хто тут падсудны», — кажа напрыканцы Алаіза. Гэтыя словы таксама пякуць.
Сапраўдная, упэўненая ў сабе жанчына здольна запомніцца жыхарам нават такога гіблага месца, як Сарматыя. Яе прыродная прыгажосць і раскабаленасць (нягледзячы на чорныя кайданкі чужых рук) выклікаюць захапленне. І пакуль гэта пачуццё чырвонай гарачкай разліваецца ў душы, прысак трапляе ў ваду Сарматыі і ўплывае на яе смак і хімічны склад.
Выхад эпісталярнай паэмы “Сарматыя” чакала з нецярпеннем, бо была заінтрыгаваная тымі ўрыўкамі з кнігі, якія чытала на старонцы Марыі ў фэйсбуку.
Мабыць, не трэба доўга тлумачыць, якую вялікую міфалагічную ролю адыгрывае для беларуса паняцце “сарматызм”. ЦІ то праўда, ці то міф, але ж шляхта ВКЛ сапраўды лічыла сябе нашчадкамі сарматаў. І ў кнізе Марыя ўдала абыгрывае гэта паняцце. Яе гераіня, Алаіза, піша 30 вершаваных лістоў, у якіх, не выбіраючы выразаў, апісвае сармацкія звычаі і прызнаецца ў каханні да аднаго сармата.
Мне спадабаўся хуліганскі стыль Марыі, дзе яна рыфмуе беларускія і ангельскія словы і ўдала працуе з гукапісам. І нават нецэнзурныя выразы, якія сустракаюцца ў некаторых вершах, гучаць тут абсалютна натуральна, дадаючы вершам жывасць і сапраўднасць.
Нешта там у агні, у дрыгве,
нешта ня тое з совамі, армагедон і пох.й —
якая розьніца, якімі словамі
апісваць канец эпохі?
Ну і як не адзначыць неверагоднае афармленне. Кніга аздобленая ілюстрацыямі Юліі Рудзіцкай, і гэта сапраўды вельмі стылёва. Да таго ж у пачатку і канцы кнігі дададзеныя паштоўкі, якія можна акуратна па перфарацыі адарваць і выкарыстаць па прамым прызначэнні.
Чытала раней урыўкі, то ведала, што мне спадабаецца. Набыла папяровую кнігу. Не шкадую, хоць тыя “рэкламныя” строфы былі найбольш яркімі.
Як уласціва сучаснай паэзіі, тутака няма лінейнага сюжэту, пераважае доўгі радок, надзіва ёсць рыфма, часам выкшталцоная, даволі іроніі, гульні словаў, яркіх вобразаў, троху эротыкі ды правакацыі.
Нейкая пані-спадарычня піша сястры (сяброўцы) лісты з далёкага краю, спрабуючы яго патлумачыць – міфічную Сарматыю, дзе можна паразумецца з тутэйшымі, калі троху балакаеш на лаціне. Інтэрпрэтацый, як мае быць у сучаснай літаратуры, безліч. Калі я прымружваю вочы “рамантычна”, то бачу ў апавядальніцы згубленую ў часе падарожніцу, сучасную жанчыну ў вялікакняскім кантэксце. Калі я ўглядаюся “рэалістычна”, заўважаю гараджанку на мужавай вясковай радзіме.
У апісанне Сарматыі і сарматаў – аскепкі пераасэнсаваных і асучасненых традыцыйных вобразаў, нібыта знаёмых, але ператканых на новых цішотках “квяцістым пэрсыдзкім пасам”.
Мора сармата – гэта пара партоў,
у якія яго не пускаюць без пашпартоў,
і калі яго выпускаюць з цёмнай каморы,
ён, як абвараны, бегае ад мора да мора.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Мора сармата разліваецца ў яго ў галаве.
Паэма прысвечаная мужчыну (“ты пытаесься, што мяне сюды прывяло. Калі праўду, то – срамата аднаго сармата”), мае намёк на рэальнае здарэнне ў біяграфіі аўтаркі (“сьпярша разьбяруся з адной сукай”), троху адсылак на іншыя тэксты (куды без іх), утрымлівае прыкрыты далонькай кропкі мат (“Ну, а так я, лічы, свая тут. Каб мела чым, давялося б ісьці і прылюдна я*аць кабылу”).
Разумею катастрофу жанравай умоўнасці ў нашы постпостмадэрновыя дні, але ж як на мяне, старую зануду, гэта не паэма, а цыкл вершаў. Паэма вымагае большага аб’ёму, больш складанага сюжэту, большай колькасці персанажаў і іх дачыненняў. Хочацца больш гульні, яркасці, сраматы сармата. Усяго больш)
Асобныя частачкі – проста цуд.
Нават сынагогі тут — абарончага тыпу,
мне неяк страшна падумаць пра іх мячэты.
Вось, калі сьцісла, motto майго бэд трыпу:
хочаш быць зь іх мужчынам — бяры мачэтэ.
Час нерухомее ў жылах ад маразоў —
месяц бяз сну і пяць стагодзьдзяў бязь візы.
Рэчы тут маюць больш за адзін назоў.
Я буду трымаць цябе ў курсе.
Твая Алаіза.