Аўтар кнігі, гісторык Алесь Белы, нарадзіўся ў Мінску, мае габрэйскія і славянскія карані. Гісторыю кухні Літвы і Беларусі ён даследуе паслядоўна і апантана: збірае нават драбнюткія згадкі і правярае арыгінальныя рэцэпты на практыцы. Шмат гадоў ён кансультаваў рэстаран нацыянальнай кухні ў Мінску, а таксама кіраваў аграсядзібай пад Івенцам.
На свеце напісана і выдадзена процьма кніг пра габрэйскую кухню. Самых розных – сур’ёзных, вясёлых, лёгкіх, грунтоўных, мудрагелістых, трагічных… А пра гісторыю кухні беларускай кніг зусім няшмат. І вось новая кніга, незвычайная. Пра габрэйскую і беларускую кухню адначасова. І нават болей: пра кухню трох гістарычных персанажаў, што да пары жылі на адной зямлі:
селяніна,
пана,
местачковага рамесніка і гандляра.
Як такое магчыма?
А бо і пан, і жыд, і мужык – маючы розную свядомасць і розныя традыцыі – елі той самы крупнік. Або бабку. Або кішку. Хоць і гатавалі іх крыху па-рознаму, і елі пад розныя нагоды. Гэтая кніга – пра знакавыя супольныя стравы трох культур.
Пра самы цымус.
Кніга ўтрымлівае 15 нарысаў і некалькі дзясяткаў арыгінальных рэцэптаў ад знаўцы гістарычнай кухні Алеся Белага. Выданне праілюстравана аўтарскімі ілюстрацыямі Юрыя Таўбкіна.
У кнізе «Самы цымус. Смакі і водары беларуска-габрэйскай кухні», якая выйшла ў выдевецтве Gutenberg Publisher, Алесь Белы расказвае пра стравы, што аб’ядноўваюць два народы і падае шматлікія рэцэпты, з любоўю праілюстраваныя Юрыем Таўбкіным. Тут і крупнік, і фаршмак, і гефілтэ фіш, і бабка, і дранікі-латкес. Гэта кніга — чарговы доказ таго, што паэзія і кулінарыя непарыўна звязаныя, бо гаворка тут ідзе не толькі і не столькі пра ежу, колькі пра гістарычныя і сямейныя анекдоты, байкі, вершы, песні і ўсё тое, што яднае людзей і разам з кухняй складае нашу культуру.
(З анатацыі і сеціва)
Цікавая кніга, цікавая ідэя, вельмі спадабаліся ілюстрацыі! Трошку не хапіла мастацкай прыгажосці тэксту, калі можна так сказаць. Быццам яна не шліфованая. Напрыклад, мука то грэцкая, то грачаная, увесь час маю ўвагу скрадвала. Але ж сапраўды складана напісаць кніжку, у якой ужываецца столькі моў адначасова!