Гадоў з 20 таму я называў творы Глобуса аўтапартрэтнай прозай: як бы і не мемуары, як бы і не дзённік, а так, успаміны, абразкі, думкі. Менавіта такім аўтапартрэтам ёсць “Самаізаляцыя”. Такія сабе думкі-развагі-успаміны. Мы, канешне, прывыклі чытаць “аўтапартрэты” масцітых літаратараў, а гэта як бы дэбют.
Але з іншага боку літаратура, як і любая іншая творчасць, – магчымасць паказаць свету, што ты файны чувак. Нехта стварае для гэтага цэлыя лабірынты, а нехта публікуе такія шчырыя нататкі. Чаму ж не.
Герой “Самаізаляцыя” – такі сабе самотнік, інтэлектуал, закаханы ў літаратуру, беларускі патрыёт. У той жа час гэта не субтыльны задрот, а зухаваты пацан з раёну, які “страляць і біцца добра ўмее, гарэлку п’е і не п’янее”, на спорце, з цыгарэткай і півам, апрануты ў нешта мілітарнае. Нармальны такі герой сярод бясконцай беларускай віктымнасці і нягегласці. Ці можа ў гэтым і была задача: паказаць, што беларускі інтэлектуал не раўно лузер? Карацей, раю. Чытайце, падтрымлівайце будучыню белліту. Твор у адкрытым доступе, як што.
P.S. Дарэчы мне было заўсёды цікава ці ўсё напісанае ў такіх аўтапартрэтах было на самой справе, і наогул як адбываецца стварэнне такіх твораў: якія нататкі трапляюць у твор, як выбіраецца іх паслядоўнасць …
Не ведаю, ці стане гэта кніга пераможцай у конкурсе “Дэбют”, але хварэць за Кастуся буду.
Даволі рэдкае супадзенне сутнасці назвы і сутнасці тэксту. Ёсць першае супадзенне – прамое і яўнае, ёсць супадзенне другое, прыхаванае, няяўнае, але куды больш глыбокае…
Самая дурная, самая прыкрая і самая непатрэбная для літаратуры і літаратараў звычка ў беларускай літаратуры: тут хто ні піша пра новы твор аўтара (новага аўтара тым больш), абавязкова уключаюць функцыю “параўнаць”. Хацеў абысціся без яе, але ж, далібог, уключа нехта іншы, нікуды не падзецца. Таму – параўнанне. Нешта падобнае мы ўжо мелі, прычым – аглушальна паспяховае – Андруся Горвата і ягонае “Радзіва…”.
Зацемкі. Адлюстраванне вонкавага сусвету ў сабе. Але не бывае двух аднолькавых чалавек, тым больш – адлюстраванняў. Калі замалёўкі Горвата льга назваць эмацыйнымі водгукамі на дзеі і падзеі, прапушчаныя яшчэ праз фільтр “іронія+самаіронія”, то ў Кастуся Касяка ягоныя зацемкі – рэфлексіі на тэмы і з’явы. Што цікава, ужо як майстар, які адбыўся, Касяк прыкмячае тую тэму ці з’яву па знешне малапрыкметнай дэталі, пасля – разгортвае пераканаўча, рэфлексуе.
Гэта не позірк вопытнага і сталага чалавека, які пазнаў жыццё ды вучыць чытача бачыць і чуць. Гэта самотны шлях па жыцці маладога яшчэ чалавека з адкрытай душой. Што мне асабліва імпануе, дык адсутнасць у пазіцыі аўтара спробы некага ці нешта абвінаваціць. Ён сузірае свет і спрабуе зразумець ягоны ўнутраны “дзвіж”, тыя законы, якія дробяць агульную масу людзей на класы, кластэры, групы і г.д.
І гэта не проста цікава ці пазнавальна. Перад намі паступова разгортваецца як фізічнае становішча, так і духоўны стан творчага маладога пакалення. Пакалення часоў пандэміі і пасля яе. Каранавірус і ўсё астатняе.
І самота становіцца галоўным героем кнігі. Самота пранізвае горад і душы. Самота нават сярод людзей. Самота, абумоўленая не медычнымі патрабаваннямі, а розніцай душ і памкненняў.
Вельмі шчыры, нават датклівы тэкст (аж да інтымных месцаў, хоць і не пра сэкс). Мяккая інтанацыя, адсутнасць катэгарычнасці нават у сваіх сцвярджэннях, бо словы успрымаюцца як доверлівая гутарка за сталом, дзе пануе самотны роздум, а ты сам – тут, але нябачны. Ёсць толькі аўтар, з якім так хочацца падтрымаць гутарку… Вось пра “Юлю” вельмі хацелася б пагаварыць, бо тут мне аўтара надта шкада. І зусім не таму, што сэксу не атрымалася ў героя з дзяўчынай з-за зацяжак на італьянскіх панчохах…
Тры фразы ад Кастуся Касяка, якія драпанулі адчувальна.
“У адрозненне ад іншых народаў – беларусамі не нараджаюцца, імі робяцца. Таму і беларушчына для многіх – гэта такая прыкольная цацка, з якой добра пагуляцца, пакуль не надакучыць.”
“Думаць пра нішто – цяпер раскоша, не кожны можа дазволіць яе сабе. Бо ўсё нашае жыццё – гэта аб усім і ні пра што.”
“…кожны з нас будзе гарэць у сваім пекле асобна.”