Пачну з камінг-аўта: першую кнігу Дамінікі Словік па-беларуску – “Зімоўку” – я не змагла дачытаць. Можа, час быў не той, а можа проста кніга не мая. Таму перасцярогі адносна “Самасеек” у мяне былі. Але – мне спадабалася 🙂
📗 Магчыма, таму што гэта апавяданні. Бо я люблю зборнікі апавяданняў. А можа, і аўтарка тут іншая. Гэтая кніга кранальная, пяшчотная, але і вусцішная адначасова. Калі каротка – яна пра нас і прыродны свет вакол нас.
🌍 Пра тое, што чалавек робіць (ці ўжо зрабіў) з прыродай і што можа зрабіць прырода з намі. Тут ёсць фантастычныя і дэтэктыўныя элементы, крыху магічнага рэалізму і дзе-нідзе нават трылерныя ноткі.
✨ Сюжэты вельмі розныя, але кніга робіць уражанне чагосьці вельмі цэласнага. Нічога з яе не выпадае, нічога не падаецца другасным ці іншародным. Мне спадабалася, як пераканаўча Словік гучыць і ў апавяданні пра жанчыну, якая на час снежнай зімы ўпадае штогод у спячку, і пра тое, як у савецкім касмічным караблі завялася загадкавая цвіль, з якой не могуць даць рады найлепшыя адмыслоўцы.
🌱 У апавяданнях шмат раслінаў, вельмі розных. Гэта і хатнія расліны, якім гераіня спачатку супраціўляецца, а пасля ператварае свой дом у батанічны сад. Гэта і іншапланетныя расліны-самасейкі, якія з’явіліся ля адной з польскіх вёсак і паступова мяняюць не толькі раслінны свет, але і ўздзейнічаюць на людзей. Ёсць фасоля, якая расце проста з носу гераіні. Тое апавяданне увогуле камічнае: на гадаванне фасолі дзяўчына бярэ крэдыт, а пасля вымушана ратавацца ад супрацоўнікаў банка і паліцыі. Ёсць загадкавае бруднае мора і нягеглы курортны раман ля яго. Ёсць апантаная здаровым харчаваннем выхавацелька дзіцячага садка, якая накорміць малых алеандрам. Пішу, і здзіўляюся, як яно ўсё змясцілася ў адной кніжцы.
👌🏼 Калі цікавіцеся сучаснай прозай ці польскай прозай – магу рэкамендаваць. Што спадабаецца – не гарантую, але тое, што запомніцца, то дакладна.