САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ пад рэдакцыяй Міхася Чарота. Ганна Севярынец

САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ пад рэдакцыяй Міхася Чарота. Ганна СевярынецЗ усіх кніг апошніх гадоў гэта кніга стала для мяне самай балючай. Выключнай па канцэнтрацыі расчараванняў, бездапаможнасці асобнага чалавека і чалавечых калектываў. Найбольш значнай з пункту гледжання паглыблення ў гісторыю краіны і пошуках сапраўдных каранёў падзей, традыцый і трагедый.

…Вось ты такі жывеш, знаходзіш сабе справу, каб заняць галаву, нарошчваеш пакрысе сваю таўстаскурасць. А тут раскрываюцца старонкі, там зарослая тванню сажалка гісторыі. Гартаеш тыя старонкі, а твань рассоўваецца, ужо і не сажалка, а возера, і ветрык уздымае хвалькі, а пасля ўжо і вятрыска, і не хвалькі, а сапраўдныя хвалі пырскаюць у твар. І ўжо не возера, а мора,  і цябе пачынае накрываць і ўрэшце накрывае – той хваляй, у якой захлынаешся, і пачынае балець у грудзях, і крыкнуў бы, крыкнуў, ды няма ў каго і няма куды. Ратуе кававарка, балкон, цыгарэта і закусанае ў вуснах “Бля…”.

Безумоўна, маё эмацыйнае ўспрыманне  гэтай кнігі абумоўлена трыма прычынамі, якія існуюць асобна ад тэксту. Па-першае, я сам газетчык, чвэрць веку адбыў у рэдакцыі. Па-другое, мне блізкая тэма паэтаў і пісьменнікаў. Ну і трэцяе, скажам без лішняга апломбу, мяне хвалюе лёс беларускай мовы і беларускай жа літаратуры.

Калі некаму некалі спатрэбіцца перапісаць цалкам гісторыю краіны, яму давядзецца альбо знішчыць архівы ўсіх газет, альбо закрыць да іх доступ. Бо ў газетных радках, якой бы колькасцю праўладнай ідэалогіі яны ні былі разбаўлены, заўсёды будуць крупы сапраўднага, рэальнага стану рэчаў. Сам у гэтым пераканаўся, калі аднойчы да нейкага юбілею сваёй раёнкі цягам колькіх дзён сядзеў у архіве і рабіў выпіскі з газеты – і там было не толькі пра сацыялістычнае будаўніцтва і перавыкананне планаў здачы хлеба і бульбы дзяржаве, але і пра адсутнасць мыла і венікаў у крамах, пра вошы ў школьнікаў, самадурства мясцовых начальнікаў і яшчэ сотні “дробязяў”, з якіх складвалася мазаіка будзённай рэчаіснасці.

Не буду кранацца ў сваім водгуку уступнага артыкула Ганны Севярынец. Заўважу хіба, што яго можна б было ставіць асобным параграфам у падручнік гісторыі – настолькі ён глыбокі і ўсёахопны.

Самае балючае Ганна Севярынец паставіла наперадзе. Кніга па структуры падзелена на колькі раздзелаў: эканоміка канешне ж, культура, вёска і Менск… І вось пытанне нацыянальнае ідзе ў самым пачатку. І гэта была тая хваля, якая накрыла і ўжо далей не адпускала ніяк.

Усім сённяшнім удзельнікам дыскусій аб сённяшнім стане беларускай мовы я б не проста  раіў, але настойліва раіў прачытаць гэтую частку кнігі (калі раней не зазіралі ў нацыянальнае будаўніцтва тых гадоў). І пасля б, далібог, калі б быў мадэратарам сустрэч па тэме лёсу нашай мовы, ладзіў бы экзамен па прачытаным. Калі ж не чытаў, калі не ведаеш, калі не зазіраў у тыя гады і не бачыў – то йдзі ў сраку са сваім меркаваннем.

Не, я не залішне суровы. Вось урывак з артыкула ў “Савецкай Беларусі” за 1926 год. Звярніце ўвагу на дату: гэтым словам амаль 100 гадоў. Век, стагоддзе, тры пакаленні!

Язык белорусский стал злобой дня в Белоруссии. Казалось бы, что раз вводится в крае язык белорусский, то населению остается только радоваться — «благодарить и кланяться». А тут как раз наоборот: население 75–80% выражает свой громкий протест против своего языка: чтобы не вводить в жизнь, в учреждения, в школы, чтобы его изъять из употребления.

Нигде вы не услышите среди простого населения тот язык, который якобы «воспроизводится» правящими сферами, который они стараются сделать языком всех белоруссов, т. е. язык, который создается в Минске по особой терминологии.

В самом деле, что может дать белорусский язык в школах и учреждениях. Куда деваться тому, кто окончил белорусскую школу, изучил большинство предметов (географию, арифметику, природоведение, историю) на белорусском языке. Ведь язык белорусский, не имеющий литературы (ибо нельзя же в самом деле считать большими литераторами таких «письменников», как Янка Купала и Якуб Колас, которых местные шовинисты ставят наряду с Пушкиным, Шекспиром) в сущности говоря, служат лишь для того, чтобы портить, извращать фонетику, стиль, грамматику чисто русского языка.

Ну як вам? Як мне – не магу сказаць. У лёгкім шоку, кажучы сучасным слэнгам. Як такое магло здарыцца, каб 100 гадоў таму назад напісаныя словы гучалі, быццам сустрэтыя дзе ў сённяшнім Тык-Току ці іншай трасцы?

Канешне ж, газета мусіла друкаваць пэўныя матэрыялы, бо была газетай дзяржаўнай. І гэты артыкул быў надрукаваны. Ды звярніце ўвагу далей: з якой смеласцю, якім гонарам адказвалі на гэтую бздуру на старонках газеты яе работнікі: Вольны, Дудар…

Мы ня будзем спрачацца па сутнасьці. Беларускае мовы няма для тых, хто яе ня чуе. А ня чуе яе той, у каго вушы заткнуты вялікадзяржаўнаю ватаю.

Дзеля чаго мы надрукавалі гэты дакумант, кожны радок якога прасякнут «истинно русским духом» тупога бюракрата царскіх часоў? А таму, што аўтар яго меў брыдкую адвагу сказаць тое, пра што думаюць шмат іншых. І дзеля гэтага таксама не будзе лішнім яшчэ раз паглядзець, якім іржавым спосабам з сярэднявяковых падвалаў карыстаюцца паны вялікадзяржаўныя шавіністы, якія прабуюць сарваць нацыянальную палітыку пралетарскае дзяржавы.

Ну а гэты радок немагчыма не прывесці асобнай цытатай:

Шмат яшчэ вакол нас гэтых «белоруссов через ять».

“Савецкая Беларусь” стала першай цалкам беларускамоўнай газетай. І яе журналісты ад пачатку не проста сачылі за тым, як ідзе беларусізацыя іншых мясцовых газет, а лічылі гэту задачу ці не сваёй асабістай. Мноства артыкулаў і кароткіх допісаў прысвечана было гэтай тэме. Вострых, саркастычных, выкрывальніцкіх. Калі указвалі на тое, як іншыя газеты сталі беларускімі толькі сваёй шапкай (ну, хіба не цяперашняя сітуацыя?), высмейвалі непісьменнасць:

Аршанскім таварышам мы парадзім больш «прыслухавацца» да беларускай мовы, ці запытацца ў сваіх дзяцей, якія вучацца ў першых групах сямёхгодак. Тыя жыва ацэняць вартасьць такога, напрыклад, загалоўку: «Аб лясох сялянам». Гэты загаловак можна было б яшчэ напісаць: «Аб сялянах лясом». Ад такой перастаноўкі загаловак набыў бы больш глыбокі сэнс і сваім вострым канцом павярнуўся б у кірунку яго аўтара (лес, як вядома, з дрэваў складаецца).

Аднаму навуковаму прадстаўніку аднэй навуковай установы трэба было заказаць ключ. Беларускую мову ён толькі пачаў вывучаць. Нічога ня зробіш — трэба. Бо што такое беларусізацыя? Маланка. На яе прыемна глядзець, пакуль яна не ўдарыць (N.B! – В.Г.) Пералістаўшы некалькі старонак слоўніка, навуковы працаўнік піша службовую пісульку загадчыку гаспадаркі: прашу заказаць крыніцу для дзьвярэй маёй лабараторыі».

Мушу прызнацца: не надта ўважаю мастацкія кнігі гістарычнай тэматыкі. Бо якой бы фактурай ні валодаў аўтар, не веру, што ён зможа дакладна раскрыць асобу героя. У кожным выпадку, той жа Дудар будзе адзін у Севярынец і зусім іншы ў другога аўтара. Бо пісьменнік не можа пазбавіцца асабістага ў сваім тэксце. І нават дакументальныя кнігі не маюць для мяне абсалютнай пераканаўчасці, бо ж сама падача матэрыялаў, наданне акцэнтаў будзе розніцца. Адзінае праўдзівае для мяне – сама асоба, яе словы і дзеі. Вось чаму “Савецкая Беларусь” мае для мяне адну асаблівую каштоўнасць: я бачу людзей. Бачу Дудара, Вольнага, Гартнага і іншых – у іх допісах.

Яшчэ ў пачатку маёй журналісцкай дзейнасці нябожчык-рэдактар папярэджваў мяне: “Публіцыстыка – гэта рызыкоўна. Глядзі, будзе сяброў, будзе павага, але будзе і ворагаў, будзе крытыканства, будуць кепікі. Публіцыстыка – распрананне перад усімі. Гатовы?”

Менавіта ў публіцыстыцы цалкам раскрываецца журналіст. Канешне, не адным допісам. Не адразу. Але хоцькі-няхоцькі ён цягам сваёй практычнай дзейнасці выварочвае на старонках сваю душу. Усе свае сімпатыі і перакананні, жаданні і надзеі. І сёння ўражваешся да ашалеласці некаторымі крытычнымі допісамі тых часоў беларускай газеты:

Хто з вас ня ведае, з якімі цяжкасьцямі даецца чалавеку ідэолёгія? Праклятае слова! Колькі сотняў і тысяч людзей зламалі сабе шыю на ідэолёгіі. А цяпер усё будзе рашацца проста. Ідэолёгію вашым дзецям будуць укараняць педагогі з Наркамасьветы. Ня верыце? Вось доказы. Дзьве анкеты пад моцнай назвай «Ідэолёгія сучаснага школьніка» надрукаваны на самай зразумелай для педагогаў расейскай мове, размножаны на рататары і ў сотнях экзэмпляраў рассылаюцца з канцылярыі Наркамасьветы.

Далей ідзе вельмі ж крытычны агляд тых самых пытанняў, крытыка цалкам слушная, часам – з’едлівая:

калі вы, таварышы, піанэры, займаецеся савецкім будаўніцтвам, то будзеце самастойнымі будаўнікамі: ні растлумачаньняў, ні падказаў. Будаўнікі пачынаюць даваць адказы.
«Усе народы, якія насяляюць СССР, карыстаюцца аднолькавымі правамі ці не? Чаму?»
«Як, па-твойму, павінны жыць між сабой СССР і буржуазныя краіны?»
…Юныя будаўнікі і дыплёматы! Вас не замучылі пытаньні? Вы не абліваецеся потам? Яшчэ некалькі пытаньняў асабовага характару:
Пытаньне 13: «Хлопчык ты ці дзяўчынка? Чам…»
І толькі адно маленькае запытаньне вялікім вынаходцам навукі анкетазнаўства. Шаноўныя прыяцелі, мальчики вы или девочки?!

Гэтыя маладыя хлопцы з першай беларускай газеты былі не толькі смелымі. Яны былі разумнымі і таленавітымі, яны ўмелі жартаваць і разумелі жарты. Асобны раздзел кнігі – фельетоны, дзе, па шчырасці, месца для адхлання душы, дзе ўсміхнешся, а каб разам чытаць, дык і пасмяешся. Тут столькі досціпу, што хочацца цытаваць кавалкамі ці не з кожнага фельетону:

У Белдзяржкіно думалі…
Беларускі народ — ён народ-меланхолік.
І сказала Белдзяржкіно беларускаму народу: першай тваёй нацыянальнай фільмай будзе «Прастытутка».
— Хай жыве першая «прастытутка» Белдзяржкіно, — адказаў беларускі народ.
Нумар прайшоў.
У Белдзяржкіно думалі.
І сказалі меланхоліку зноў:
— Другой тваёй нацыянальнай фільмай будзе «Масква кабацкая!»
— Кругом шашнаццаць! — адказаў меланхолік, — «не лаптем щи хлебаем», даёш, брацешкі, Маскву кабацкую!
У Белдзяржкіно думалі…

Хоць тэмы, канешне, уздымаліся ў тых фельетонах зусім не смешныя. Наадварот, балючыя:

Паважаны прафесар на выпуску мэдфака Беларускага Дзяржаўнага Універсітэту казаў: «Мы, врачи старых русских выпусков, гордились своим званием. Мы надеемся, что и новый выпуск русских врачей будет соответствовать своему званию».

Але я, ў адзнаку ад французскіх вучоных, прафэсара не абвінавачваю. Ён, гэты добры прафэсар, цяжкая ахвяра ўласнай навуковасьці. І каб паважаны прафэсар пажадаў прачытаць ну хаця бы кнігу «Беларусь» (на русском языке) Ігнатоўскага, ён бы з гэтай кнігі даведаўся, куды закінуў лёс паважанага прафэсара. А пакуль што ў самым абмежаваным сэнсе вашыя словы,паважаны прафэсар, заслугоўваюць зьдзіўленьня пры кожных абставінах. А пакуль што я, як беларус, заяўляю, што я ёсьць, быў і буду, аб чым і падпісываюся.

(заўважу ў дужках наконт слоў “быў, ёсць, буду”. Ну так, дзеля фонавай думкі аб першакрыніцах.)

Прабачце за маю любоў тут да цытавання, але ж проста хочацца падзяліцца з вамі гэтымі пярлінкамі:

Хаця і лічаць, што голад ёсьць адным са стымулаў найбольшага разьвіцьця энергіі (такім спосабам разьвівалі, напрыклад, у вучняў старой школы жаданьне вучыцца, пакідаючы іх «без абеду»), але не было яшчэ такога выпадку ў гісторыі чалавецтва, каб чалавек, якога прамарылі голадам у працягу, скажам, месяца, зрабіўся ад гэтага пісьменьнікам.

гэтай

Я ні супроць маладых гэніяў, я нават разумею, што ўсе гэніі крыху хворыя людзі, але гэта саўсім не падстава ўсім хворым людзям лічыць сябе гэніямі.

і гэтай

З расійцаў Пушкін, думаў малады Алесь, вырас у найвялікшага паэта, Гогаль у найвялікшага празаіка, Бялінскі ў найвялікшага крытыка, а яны да гэтага яшчэ і беларусамі не былі.

і вось гэтай

Але тут жа ва мне паўстае другі голас, які кажа:
— Алёша, — кажа, — ша! Чаму, — кажа, — другія могуць маўчаць, а ты пратэстуеш?

Ёсць яшчэ раздзел у кнізе, які чытаеш з асаблівым, нават скажу так, замілаваннем. Гэта – літаратурныя партрэты сяброў рэдакцыі, створаныя іх жа сябрамі, як яны самі назвалі – “Літаратурныя сілуэты”. Колькі ў іх цеплыні, павагі, непасрэднай шчырасці, сяброўскага пад’юджвання. А разам – дадатковыя штрыхі да асобы:

Беларусізаваўся Міхась Зарэцкі непасрэдна ў пялёнках, беларусізаваўся стала і канчаткова, бо гаворыць увесь час беларускай моваю, зусім не падазраючы, што гэта ён гаворыць на паднарэчыі вялікага расейскага нарэчыя, як гэта сьцьвярджаюць некаторыя дацэнты.

Звярніце ўвагу: і тут знайшлося месца для акрэслівання стану беларускай мовы і нацыянальнага пытання.

Яны ці не ўсе там, хто пісаў у газету, былі таленавітымі літаратарамі. І канешне, стан беларускай літаратуры, беларускага пісьменніка іх хваляваў не менш за іншае. Вось са скрухай канстатуе Алесь Дудар у 1927 годзе:

Пісьменьнікі, працуючы ня дзень і ня два на літаратурнай ніве, часьцяком прымушаны здавальняцца стаўкаю ў 10–20 капеек за радок вершу і 40–50 рублёў за аркуш прозы). Для  параўнаньня, скажам, што маскоўскія і ленінградзкія выданьні аплачываюць вершы ў сярэднім 1 рубель за радок, прозу — 120 рублёў за аркуш…

У нас няма катэгорыі пісьменьнікаў, якія жывуць выключна на свае літаратурныя заработкі. Бадай што ўсе вымушаны займаць службовыя пасады, адбіраючы хлеб у тых, хто ня можа заняцца літаратурнай работай і абмяжоўваючы час сваёй творчай работы (вярнуўшыся з установы, не адразу сядзеш пісаць). Мы дазволім сабе прывесьці некаторыя лічбы з жыцьця маскоўскіх пісьменьнікаў. У Маскве налічваецца 2069 чалавек, якія жывуць выключна літаратурнаю працаю. З іх зарабляюць у сярэднім у месяц ад 1500 да 2000 рублёў — 3 чалавекі, ад 1250 да 1500 — 5 чалавек, ад 1000 да 1250 — 7 чалавек, ад 800 да 1000 — 11 чалавек, ад 600 да 800 — 17 чалавек, ад 500 да 600 — 23 чалавекі, ад 400 да 500 — 41 чалавек, ад 300 да 400 — 71 чалавек… Пісьменьнікі ня маюць прытулку, ня маюць дзе сабрацца, абмяняцца думкамі, вопытам працы, нарэшце, цікавым жартам. Адсюль групаваньні з багемным ухілам, адсюль недагаворанасьць паміж самімі пісьменьнікамі і паміж пісьменьнікамі і чытачамі.

Не буду кранацца ў сваім водгуку іншых раздзелаў кнігі, дзе сабраныя артыкулы газеты аб культуры – а там надзвычай цікава, там і пра тэатр, і пра кіно, і пра цырк. Асобны момант – раздзел судовых спраў, што як люстэрка таго часу. А яшчэ раздзел загадаў… Перакананы адно ў тым, што для гісторыкаў і даследчыкаў такая кніга – амаль што падарунак. Калі не ўсё па тэме, дык сама тэма будзе акрэслена нейкім асобным артыкулам з “Савецкай Беларусі”. Канешне, працаваць з архівам газет трэба ўмець, чытаць між радкамі і па за імі. Але не мне вучыць) Дадам яшчэ, што ў змешчаных артыкулах шмат болю. Вельмі шмат. Той жа “ліст трох” і допісы ў газету пасля яго. Паказанні па справах. Ці вось паведамленне аб сходзе і рашэнне ягонае:

…выключыць А. Дудара з арганізацыі «Полымя».
Прэзыдыум «Полымя»: старшыня Ц. Гартны, члены Якуб Колас, М. Чарот, Сакратар — В. Сташэўскі.

Кропку хочацца паставіць на не такім сумным. Ага, вось: быў сведкам – не раз і не два ўзнімаліся сярод літаратараў і навукоўцаў спрэчкі: чаму яўрэй, а не жыд? Пракавечнае ж беларускае слова… Дык вось цікавае. Пытанне: «Чаму ў Савецкай Беларусі замест „жыды“ уведзена — яўрэі?», задавалася яшчэ Цішку Гартнаму ў 1927 у Празе…

В. Г.

 

 

Пакінуць адказ