Як бы хто ні адносіўся да аўтара і ягоных кніг, нам ужо не аспрэчыць таго, што Віктар Марціновіч і ягоныя творы сталі неад’емнай часткай сучаснага беларускага літпрацэсу. Адно выклікае шкадаванне: доўгі час аўтар маўчыць і не радуе сваіх прыхільнікаў творчасці (а іх у яго досыць багата) новымі творамі.
Пра Віктара Марціновіча напісана нямала, ягоныя кнігі адразу трапляюць у поле зроку аглядальнікаў і аматараў пісаць водгукі. І водгукі тыя бываць дыяметральна процілеглыя. Але адно гэты факт – розгалас ад новых кніг Марціновіча – кажа пра тое, што Віктар – аўтар, які мае сваю кропку ўздзеяння на сучасны белліт.
Да вайшай увагі – колькі водгукаў на апошнюю кнгігу Віктара Марціновіча.
В. Г.
Увесь час чытання “Рэвалюцыі “ Віктара Марціновіча мяне не пакідала адчуванне, што я чытаю пераклад на беларускую мову якога-небудзь старога з 90-х ці 00-х твора Пелевіна альбо Сарокіна.
Малазнаёмая беларускаму чытачу маскоўская тапаніміка, бандыцкія рэаліі, таемныя арганізацыі, герой, які праходзіць шлях ад умоўна “офіснага планктона” да вяршыцеля лёсаў. “Рэвалюцыя”, бадай што, самы пазбаўлены аўтарскай індывідуальнасці раман Марціновіча, з тых, што я чытаў.
У аўтара і раней было шмат запазычванняў, але яны заўжды даволі ўдала разбаўляліся мясцовымі беларускімі рэаліямі – моцным уплывам беларускай глыбінкі, як у “Сфагнуме”, ці спецыфічнымі выявамі Мінска недалёкай будучыні, як у “Мове”. У “Рэвалюцыі” ж з беларускага кантэксту ёсць толькі герой-беларус – карэнны масквіч у першым пакаленні – дый яго беларускасць узгадваецца літаральна ў 2-3 абзацах за ўвесь тэкст.
Але невыразнасць аўтарскага стылю не адзіная бяда “Рэвалюцыі”. У апісаны Марціновічам сусвет не вельмі верыцца, усё што адбываецца з героем, успрымаецца з большага як пелевінская псіхадэліка, а не нешта, што магло быць на самой справе (хаця, можа так і трэба). Сюжэт, як гаварыцца, “немнога прадказальны” і пра фінальны твіст можна здагадацца задоўга да сярэдзіны кнігі.
Героі, за малым выключэннем (Чупрыга), вымаляваны ненатуральна і павярхоўна, асабліва гэта датычыцца жаночых персанажаў. Аб’ект кахання галоўнага героя Воля, няхай і часта з’яўляецца на старонках рамана, але апісваецца з большага, як лялька, з якой можна толькі пераплятаць ногі ў “вітую пару” ці ўзгадваць пах яе скуры за кубачкам кавы, асобы за такім апісаннем не бачна.
Але ёсць адзін момант у кнізе, які мяне вельмі уразіў – гэта 9-я глава пад назвай “У якой я страляю чалавеку ў голаву”. Гэтая глава бачыцца мне цалкам самастойным творам, псіхадэлічным апавяданнем з закручаным сюжэтам, якое можна чытаць у адрыве ад асноўнага тэксту рамана.
Можна нават не чытаць “Рэвалюцыю”, пакінуць толькі гэтую 9-ю главу – бо яна, як яскравая перліна ў сярэдзіне груваздкай і бруднай ракавіны, якую хочацца хутчэй адкінуць.
Не ведаю, чаму раман называецца “Рэвалюцыя”, бо насамрэч ніякай рэвалюцыі ў рамане не адбываецца. Хутчэй транзіт улады.
У рамане дыназаўр савецкай улады, былы чалец палітбюро надалей трымае ўладу на постсавецкай прасторы, стварыўшы адмысловую ці то мафію, ці то нейкую таемную арганізацыю (на ўзор кдб, або штазі), у якой кожны, самы нечаканы і небяспечны, загад мусіць дакладна і беспрамаруджвання выконвацца. Былы чалец палітбюро дажывае апошнія дні і думае пра спадкаемца. Выбар выпаў на шараговага выкладчыка ўніверсітэта, прычым гуманітарыя.
Усялякімі інтрыгамі, падставамі і хітрыкамі яго заманьваюць у арганізацыю і робяць яму розныя выпрабаванні. І напрыканцы ствараюць такія ўмовы, каб выратаваць сябе, ён мусіць пачаць змагацца за ўладу ў гэтай мафіі.
Выкладчык перамагае (бо для перамогі ўсё было зроблена) і становіцца на чале арганізацыі, адмовіўшыся ад ранейшых сваіх перакананняў, агульначалавечых маральных прынцыпаў і нават ад каханай жанчыны.
У прынцыпе, гэта ілюстрацыя змены ўлады ў посттаталітарных краінах, калі ўлада, пры любых афіцыйных раскладах, усё раўно застаецца ў ранейшых элітаў. Або яны на прамую прыходзяць да ўлады пры новым дзяржаўным укладзе (маючы кантроль у сілавых структурах), або кантралююць важныя дзяржаўныя сегменты – пераважна эканамічныя.
Вось такая атрымалася рэвалюцыя. Рэвалюцыя перадусім мусіць адбыцца ў галовах. Пра гэта Марціновіч можа напісаць новую кнігу.
Torvald5
Што не так з гераінямі Віктара Марціновіча? Гэтае пытанне я задаю сабе даволі даўно, але толькі на зусім ужо кепска напісанай «Рэвалюцыі» я нарэшце зламалася і выказваю яго ўслых.
Ну, не ўслых, на белым экране з дапамогай чорных літар, але вы мяне разумееце. Дык вось, што не так?
Чаму ў мастацкім свеце пісьменніка комплекс мадонны і распусніцы буяе яскравым цветам?
«Мова»: прадажная Ірка і богабойная Элаіза.
«Ноч»: ідэалізаваная дзяўчына за мяжой і нахабная Касандра.
«Рэвалюцыя»: дарагая прасталытка Ганна і пяшчотная дурнічка Воля.
Дзве старэнькія кардонныя маскі кожны раз выцягваюцца з куфра і прымяраюцца на чарговыя жаночыя імёны, фігуры ці твары. Альбо кісейная паненка, альбо пажадлівы дэман. Разнастайнасць такая, што ажно моташна. Больш за тое, у любой з гэтых кніг аголенае цела жанчыны выкарыстоўваецца толькі па тое, каб галоўны герой мог высакародна адмовіцца ад яго ці, нааадворат, пагадзіцца на полавы акт — і такім чынам выпрабаваць свой (цікавы і глыбокі? не, але гэта асобная тэма) характар. Ананімная дзяўчына з раскіданай па ёйных грудзях ежай з «Мовы», Касандра з «Ночы», Ганна з «Рэвалюцыі»…
Кожная з іх выступае ў якасці знакамітага сабачкі, якога персанаж павінен збіць альбо пакарміць, каб мы, чытачы, адразу ж зразумелі, любіць нам яго ці ненавідзець. Вось толькі жанчыны ўсё ж не сабачкі, нават не коткі, а цэлая палова чалавецтва. Калі пісьменнік не можа прыдумаць для іх больш за два вельмі ўмоўныя характары і іншае прызначэнне, чым натхненне і спакуса свайго альтэр-эга, то гэта сведчыць пра яго трагічную творчую недаспеласць. Ці надыдзе той светлы час, калі штосьці тут пачырванее, нальецца сокам і ўпадзе з галіны? Бо пакуль што мне як чытачцы прапануюць суцэльную кісляціну і зеляніну. Колер вокладкі нібыта дае намёк.
Коратка пра іншыя мінусы: сюжэт варты таннага трылера, які ў ЗША знялі бы ў васьмідзесятыя, а на постсавецкай прасторы — недзе на пачатку двухтысячных. Лірычныя адступленні ў тэксце стамляюць. Рэкламная кампанія непрыемна ўражвае пэўнай няшчырасцю. Лёгка прадаць кнігу пад назвай «Рэвалюцыя» на фоне цяперашніх падзей у Беларусі, праўда ж? Вось толькі распавядае яна зусім не пра тое, што баліць цяпер людзям, а пра Маскву і, скажам так, расійскіх рэптылоідаў. Таму — пакінь спадзевы, кожны, хто яе купляе.
Коратка пра некаторыя плюсы: пятая, сёмая і дзявятая главы, дзе гаворка ідзе пра рэальны этычны выбар, а не пра галізну, напісаныя сапраўды моцна. Пераклад Віталя Рыжкова чытаецца з задавальненнем. Што яшчэ… Шматпакутнаму сучбелліту насамрэч вельмі патрэбныя танныя трылеры? Бо людзі нарэшце пачнуць іх чытаць? Добра, няхай.
Урачыста абяцаю сабе не быць упартай зласлівіцай і аднойчы ўзяць у рукі марціновічаўскае «Возера радасці». Раптам у гэтай кнізе галоўная гераіня будзе апісаная праўдападобна, рознабакова ці, прынамсі, з нейкай павагай да яе? У выбітнай караткаметражнай экранізацыі Аляксея Палуяна усё было менавіта так. Не расчаруй, першакрыніца.