Рымская дарога. Зьміцер Крэс

Рымская дарога. Зьміцер КрэсСветлае здзіўленне. Бадай, гэта пачуццё прэваліруе пасля знаёмства з кнігай. Здзіўленне ад мовы – складвалася такое ўражанне, што мне падсунулі тэкст аднекуль з сутарэнняў музея, я чытаю старонкі, напісаныя незвычайнай, “старой” мовай (якая быццам бы існавала), словы з якой часам невядомыя мне, а вядомыя гучаць недзе нязвычна. Разам чытанне пераўтвараецца ў інтэлектуальную гульню, у якой мне прапануецца адзначаць, адкрываць, разумець.

Здзіўленне ад таго, што такі тэкст з’явіўся ў нас вось тут і цяпер. Незвычайна глыбокі, ён скіраваны на даследаванне самога сябе, душы чалавека, ён без прэтэнзій на скандальную вядомасць, ён ціхі, як плынь паўнаводнай ракі.

Здзіўленне ад таго, наколькі сам тэкст адпавядае нашым думкам у сэнсе іх звязнасці – гэта ж мы запісваем свае разважанні кароткімі сказамі, каб быць пачутымі і зразумелымі,  а паспрабуйце прааналізаваць, паглядзіце збоку на свае думкі – яны ж без кропак, яны звязаныя і бясконцыя, яны імчаць ва ўсе бакі ад згаданага аб’екта: мы думаем пра дом, а ў галаве дзверы і аканіцы, мокрая і светлая пашараваная падлога, покуць з абразамі, выцвілая цырата на стале, вялікі самаробны слон, печ злева і трэшчынка па тынкоўцы, якая мроілася вам лініяй берага Афрыкі…

Давайце я вам прывяду кавалачак тэксту:

Яна глядзіць на мяне — і я па шчырасьці не разумею, што гэта за існасьць сузірае мяне яе вачмі. Палахлівая, як сонечны блік, няўлоўная, як раніца, неспасьцігальная, як перашэпт водаў у стаўку. Ціхія, рахманыя, глыбокія, мудрыя — дзьве яркія сьцежкі ў неабмежаваны іншасьвет, дзе “я” губляецца ў “мы”, а “мы” ўсё ніяк не сальецца ў “яны”, як бы шчыльна яно — “яны” — не падступалася. У іх гатоўнасьць бегчы й ратаваць сябе да апошняга ўздыху сумяшчаецца з прыняцьцем скрайняй ахвярнасьці, целаспаленьня. Вышэйшы ад нашага лад, недасяжны ані сэрцу, ані розуму; еднасьць супрацьлегласьцяў, у якой пазасталая ад іх сярэдзіна — тхлань вечнасьці, што бесьперапынна родзіць і сьцінае гэтакіх істот: пустых, безабаронных, хуткацечных і шчасных у сваім скорым сыходзе. Сапраўды шчасных, бо як іхны заўсёдны страх тоесны існаваньню, гэтак і канец яго, хай сабе гвалтоўны, поўны пакуты й цярпеньняў, ёсьць насамрэч вызваленьнем.

Адзіная прыкрасць падчас гэтага чытання: як ніякі іншы, але гэты тэкст мне б хацелася чытаць з папяровай кнігі. Каб быў поўны тактыльны кантакт, каб чуць перагортванне старонак, адчуваць пах паперы. Аўтар паведамляе, што кніга павінна выйсці на паперы. Далібог, набуду ў бібліятэку.

Проза ад паэтаў – не рэдкасць у нашай літаратуры. Бадай што адзінкі паэтаў пакуль застаюцца без празаічнага вопыту. І па шчырасці, нешта незвычайнае я чакаў ад Зміцера Крэса – бо ранейшае знаёмства похапкам з ягонай творчасцю абнадзейвала. Чакаў той самай паэзіі ў тэкстах, якая, да прыкладу, так мякка гучыць у Някляева ў ягоным “Аўтамаце з газіроўкай…”. Мае спадзяванні апраўдаліся напоўніцу.

Пра што кніга? Два апавяданні. Памерам з дзве аповесці.

Гэта экзістэнцыялізм чысцейшай вады, без аніякіх прымесяў  палітычных і адценняў пачуццёвасці. Сама назва першага апавядання – “Замак” – і ягоны пачатак мімаволі варушаць памяць у бок кафкіянскага Замку. І ёсць, ёсць сугучнасць. Яна – у глыбіні капання. Але Зміцера Крэса не займае тое, што мы завём абсурднасцю, сюррэалізмам. Ён даследуе самога сябе, сябе ў прасторы, вывучае прастору.

Шкада, што ні разу не літаратуразнавец – гэты тэкст просіцца быць прэпарыраваным адмыслоўцам.

…Пільнае вока ўбачыць тут канфлікт як рухавік, чытач, які прагне скандальных прызнанняў ды пікантных падрабязнасцей, палічыць кнігу сумнай. Для таго, хто разумее мову і любіць яе – тэкст стане прахалодным цяньком пад велічнай ліпай на лавачцы недзе ля роднай хаты.

Вязь тэксту густая, яна зацягвае, лёгка змушае цябе да поўнага адхілення ад вонкавай прасторы – ты хочаш зразумець, ты адкрываеш свет героя, зазіраеш у ягоную душу. Пры ўсім, зазначу яшчэ, што ў апавяданнях ёсць таямніца – і яна прыцягвае не менш за повязь тэксту. А вось разгадка ці дасца некаму сама – тое невядома.  Адно скажу, што, напрыклад, фінал першага апавядання прымушае шукаць інтэрпрэтацыю, што само па сабе – цудоўна, бо колькі чытачоў – столькі інтэрпрэтацый.

Не хочацца гучных слоў, але ж скажу, што гэта кніга – з’ява. І вельмі ўсцешаны, што яна ў нас цяпер ёсць.

P.S. Варта дадаць яшчэ два словы. Пісаць у такім стылі, вытрымаць яго бездакорным ва ўсім тэксце – велізарная праца, згадзіцеся. Зрэшты, і пра другое трэба сказаць, згадваючы сённяшнюю сітуацыю з кнігавыданнем:  прафесійная, адказная работа рэдактара і карэктара.

В.Г.

 

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *