Раман Скірмунт (1868–1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю. Аляксандр Смалянчук

Раман Скірмунт (1868–1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю. Аляксандр СмалянчукЗАБОЙСТВА Ў ПАРЭЧЧЫ

Менавіта з забойства героя пачынае кнігу “Раман Скірмунт (1868–1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю” (2025) Ales Smalianchuk. Унікальны факт у беларускай гістарыяграфіі: даследаванне напоўнена жывой мовай сведкаў. Спалучэнне падыходаў класічнага даследавання і вуснай гісторыі надаюць тэксту такі аб’ём і глыбіню, што толькі гэтага дастаткова, каб вылучыць кнігу сярод іншых.

На мой погляд, пра кнігу мала пісалі (1-е выданне 2018). Праўда, на такі важкі тэкст цяжка рэагаваць. Лёгка апісаць рэчку каля дома. А міравы акіян не спрабавалі? Нават калі проста пералічыць узнятыя тэмы, выходзіш за любы фармат. Расказаць коратка  – місія невыканальная. Я паспрабую.

Чаму гэты “жыццяпіс” нам усім неабходны:

ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ жыцця шляхты Беларуска-Літоўскага краю ў другой палове XIX – пачатку ХХ ст.: маёнткі, адукацыя, свядомасць, творчасць, узаемаадносіны ў сям’і, з суседзямі, сялянамі… Для паўнаты карціны глядзіце “Спадарыні з Муру” (сп у 1-м каментары).

ЭКАНАМІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ: сельская гаспадарка, прамысловыя прадпрыемствы, гандаль, эканамічныя зносіны. Хто чуў, што прыбытак з дзесяціны мог складаць 400 (!) рублёў? Мы багатыя, трэба толькі ведаць, Што сеяць.

ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ: Па шырыні і сістэмнасці разгледжаных пытанняў у найбольш важны для нашага нацыянальнага будаўніцтва перыяд гэта MUST HAVE для палітыкаў, аналітыкаў, удзельнікаў адукацыйных ініцыятыў…

Нават калі вашыя інтарэсы не выходзяць за межы гісторыі роднай вёсачкі – вам сюды. Лес і блакітнае неба аўтар намаляваў, вам засталося толькі сваю пралесачку ўпісаць.

БІЯГРАФІЯ. Я чалавек шчаслівы. Сярод та-а-кіх герояў жыву. На любым фоне постаць Скірмунта свеціць, як зорка.

У кнізе паслядоўна раскрыты этапы яго дзейнасці. Што ясна? Раман Скірмунт павінен быць паўсюль. У падручніках. Працах па гісторыі эканомікі і паліталогіі; турыстычных маршрутах, фільмах, п’есах. Неабходны конкурс для моладзі нешта накшталт “Скірмунт у маім жыцці”. З добрым прызам. Як толькі мой прыбытак будзе складаць 400 рублёў з дзесяціны, я сама яго арганізую. Можа, хтосьці зробіць гэта раней?

ФІЛАСОФСКАЕ. Аўтар зрабіў ход канём: пачаў з канца, са смерці. І прымусіў да апошняй старонкі думаць над пытаннем: чаму грамадзянін Краю, не толькі энергічны, смелы, але і неверагодна добры чалавек, які многім дапамог асабіста, загінуў ад кулі сваіх? Што ён зрабіў не так? Можна адказаць: такі быў страшны час… Я знайшла іншы адказ. Ён неабходны кожнаму ў цёмныя часы. Чытайце. Думайце. Шукайце.

Svetlana Lougovtsova.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме