Рай даўно перанаселены. Алена Брава

Рай даўно перанаселены. Алена БраваСямейная сага правінцыйнага беларускага гораду савецкіх часоў. Я такое назірала блізка ў сваёй Курасоўшчыне (ускраек Менску). Скалечаныя лёсы савецкіх жанчын і іх дзяцей, выгадаваных без любові, у рэжыме выжывання… Пагалоўны алкагалізм што рэплікуе сам сабе і яшчэ больш скалечаных нешчаслівых дзяцей.

Калі чытала – у галаве як мантра «Дзякуй, што гэта не маё жыццё!», а потым моцна-моцна абняла мужа…

Таму ў добрым настроі не раю чытаць… У наш час, добры настрой – гэта рэсурс.

Што ж мне спадабалася?

Вытанчаны стыль аўтаркі, лёгкі але не просты, iнтэлігентны. За стылем бачыш разумную меланхалічную жанчыну, з якой напэўна вельмі цікава было б пагаварыць.

І думкі-разважання, якія выклікае кніга.

Вось я думала, што зараз лунае – нашае пакаленне мусіць пераадолець гэты праклён «нелюбові». Па-першае, за кошт большай даступнасці псіхалагічных ведаў і псіхалагічнай дапамогі.

Тут я хачу нагадаць, што калі хтосьці з вашых бацькоў быў алкаголік / наркаман ці неяк па іншаму залежны чалавек… 100% вам патрэбна дапамога! Каб спыніць ланцужок разбуральных паводзін, асабліва ў бок сваіх дзяцей.. Ёсць групы ананімныя і бясплатныя «ВДА – взрослые дети алкоголиков». Яны ёсць амаль у кожнай краіне і яны сапраўды дапамагаюць.

Па-другое, мне падаецца, што зараз крыху больш спрыяльны час для жанчын. Больш магчымасцяў атрымаць кантроль над сваім жыццём, у першую чаргу эканамічны.

Па-трэцяе, калі я нарадзіла, я зразумела, як дрэнна прыстасаваны для маці гэты наш «капіталістычны мужчынскі» мір. Ну і трэба спрабаваць гэта змяняць патроху. Таму добра каб больш маці, больш жанчын падтрымлівалі адна адную і займалі высокія пасады. Каб мы маглі не ператварацца ў мужчын, а зрабіць увесь сусвет больш добрым і поўным любові. І ў гэты бок зараз нават ідзе грамадская думка (напрыклад пачала чытаць кнігу «The power code: more joy, less ego» – здаецца менавіта пра гэта).

Але дабрыня павінна быць не ад слабасці, не з таго што няма іншага выйсця… (як у гераіні кнігі). Бяспечная, з пункту гледжання сацыяльнага ўхвалення, пазіцыя – быць за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага. Зараз як раз актуальна.

Але, калі зло прыйшло ў твой дом… Лепш мець моц абараніцца.

Будзьма моцнымі, сёстры.

zorka_adara.

Пакінуць адказ