Прынцэса-нявеста. Уільям Голдман (Наста  Бакшанская)

Прынцэса-нявеста. Уільям Голдман (Наста  Бакшанская)Маё імя – Ініга Мантойя

Напэўна, нічога бы не здарылася, калі б я не прыдбаў кнігу жывога айчыннага класіка-пастмадэрніста. І калі б не пазяхнуў. І калі б не шпурнуў ёю, агульна раздражнёны, у котку з падманнай мянушкаю «Санні», бо насамрэч гэтая паскудная кіпцюрастая пачвара – інкарнацыя Тэрмінатара. І не выцягнуў бы са стоса тое, што па чарзе прыпадала на травень.

Але здарылася, і выцягнуў.

І спачатку таксама ледзь не пазяхнуў. Але «ледзь», у рэшце рэшт, не лічыцца.

Бо, уявіце сабе, хаця я праглядаў і ўсё каралеўскае войска, і Буча Кэсідзі з Сандансам Кідам, і спадабляў, нешта я не дабраўся ані да «Прынцэсы-нявесты», ані да яе бацькі, аскараноснага Уільяма Голдмана. І не чытаў, і нават не паклапаціўся запомніць. Здараецца так. Культурнае дылетанцтва, памножанае на прафесійную пыху.

А вось пасярод зімы і пасярод кавярні мне ўпаў у рукі нечаканы падарунак. Невялічкі, мяккі, з бездапаможным малюнкам на вокладцы – і са скарбам пад ёю. Бо мне насамрэч пашанцавала ўпершыню прачытаць Голдмана менавіта ў беларускім перакладзе, да таго ж у перакладзе Насты Бакшанскай.

Голдман – злы чараўнік. Віртуозны і бязлітасны. І ўсёмагутны. Бо хто яшчэ здолее накідаць у купу штампы, баналы і трывіялы, ды герояў выключна з кардону, дадаць цынізму, абадсоткаваць жаночую прыгажосць і раскласці ўсё навакольнае па ранжыру. Напляваць на гісторыю, геаграфію, сумяшчальнасць у часе і прасторы, заціснуць дзеянне літаральна ў тузін пакояў (хай са скалой, мурам і морам), прапускаць усё, што надакучыла апісваць – і пры тым зрабіць моцную, жывую і шчыльную тканіну аповеду. І ў тым аповедзе ледзь не кожны радок можна цягнуць на цытаты. І адразу бачыш, за што далі аж два сцэнарных «Оскара».

Кніжка хапае не знянацку, не як снежны пясок у Вогненных тапінах. На пачатку пасміхаешся з небаракі-аўтара, у якога сямейны разлад і жонка-навуковец, тады з кардоннай нібы-сярэднявечнай вёскі з кардоннай прыгажуняй, тады з няўклюднага кахання, тады проста таму, што захапіўся.

Я крыху тормаз. Таму бумкнула мяне толькі на старонцы 195, пра якую я распавядаць не буду, каб не псаваць будучым чытачам. Але ж бумкнула, бы кулаком па пысе. Бо злы чараўнік Голдман адкрыў фортку, каб самы нягеглы чытач, нарэшце, уцяміў відавочнае. Кемлівыя скемілі ўжо на сямідзясятай.

А далей панеслася.

Ну, паклаўшы руку на сэрца, прызнаюся: не ўсё ў тэксце цудоўна і беззаганна. Так, бо гэта ж звышчалавечая праца, адпаведна перакласці кніжку, якая ўся з таго, што англасаксы завуць «one-liner». Ёсць і пара месцаў, за якія спадарыню Насту трэба хвастаць селядцом – напрыклад, за біблейскіх навукоўцаў «караля Джэймса».

А яшчэ мне аніхто не адказаў па е-мэйлу peraleska@

Але гэта ў агульным маштабе – дробязныя дробязі. Не істотныя.

Бо маё імя – Ініга Мантойя. Ты забіў майго бацьку. Рыхтуйся да смерці.

Зміцер Магілёўцаў.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме