Прыгоды Пінокіа. Карла Калодзі (Наталля Рунге)

Прыгоды Пінокіа. Карла Калодзі (Наталля Рунге)Што можна расказаць пра “Прыгоды Пінокіа” у 2026-м годзе? ☺️ Што гэта класічны і шмат у чым ужо даволі дзіўны тэкст. Калі чытаць яго з сучаснай оптыкай, то ўзнікае багата пытанняў – і адносна падыходаў да выхавання, і да гвалту (нават з боку станоўчых герояў), і да пэўных сюжэтных паваротаў.

✨ Але часам хочацца чагосьці вельмі класічнага. Альбо чагосьці, што чыталі мы самі ў дзяцінстве. А ёсць сярод нас і тыя, для каго чытанне правераных, класічных тэкстаў ёсць абавязковай часткай выхавання ☺️ На такія выпадкі маем новы пераклад і новае выданне “Прыгодаў Пінокіа” ад выдавецтва @otkrytaya_kniga_izd. Нагадаю, што ў 2019-м годзе кніга ўжо выходзіла ў беларускім перакладзе Яўгена Салейчука ў выдавецтве “Галіяфы”. Але знайсці яе цяпер, мяркую, складана.

📘 У гэтым выданні і новы пераклад, які зрабіла Наталля Рунге, і новыя ілюстрацыі ад Святланы Чакуравай. Гэта кніга фармату А4 з вялікай колькасцю ілюстрацый, на форзацах – лабірынт і гульня. Добры падарункавы варыянт для аматараў класікі 🤗

👧🏻 Дарэчы, класічнага Пінокіа ў дзяцінстве мне не чыталі, толькі Бураціна. Упершыню я прачытала тэкст Калодзі па-беларуску сыну, калі таму было 4,5 гады. Чытала і, калі шчыра, моцна здзіўлялася. Сын таксама. У яго было шмат пытанняў пра тое, чаму ў гісторыі столькі лупцавання і пакутаў, чаму столькі несправядлівасці, хлусні і здзекаў. Тады я скарыстала гэтыя пытанні, каб пагаварыць, як змянілася жыццё, грамадствы, нормы і законы за апошнія паўтары стагоддзі. Што ж, праз 6 гадоў я ўжо не так пэўная ў прагрэсе чалавецтва… Але гэта асобная тэма.

🩶 Гэтым разам я перачытала кнігу сама. І думала пра тое, што яе па-ранейшаму можа выкарыстоўваць як дапаможнік у вывучэнні маральных норм, норм паводзінаў і чалавечнасці агулам. У кожнай дзікаватай (з сучаснай званіцы) сітуацыі можна задаваць пытанне: а што тут не так? Што б зрабіў ты?..

kniznyja_razmovy.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме