Можна сказаць, што кнігі Сяргея Ваганава — па-свойму асаблівы выдавецка-літаратурны цуд. Аўтару сёння 80 гадоў. Ён надумаўся выдаваць кнігі ва ўзросце, у якім большасць іншых аўтараў даўно пра такое забылася…
Дык вось чаму я смерці не страшуся —
Бо паміраў ў жыцці ужо не раз.
У радасці, ў бядзе альбо у скрусе
У небыццё я адыходзіў праз
Пахаванні думак, спраў і мараў.
Гэта радкі з верша «Ў сне», які адкрывае кнігу «Праз межы часу». Прыгожыя і глыбокія радкі, якія не толькі тлумачаць стаўленне аўтара да біялагічнай смерці (ён яе не баіцца, бо ўжо «напрактыкаваўся» ў шэрагу іншых сваіх «смерцяў»), але і падкрэсліваюць небанальную жыццёвую ісціну — «адыход у небыццё» асабістых думак, спраў і мараў гэта не заўсёды суцэльная бяда, але часам і радасць. Пахаванне сваіх дзіцячых і юнацкіх ілюзій — ці ж ня ўмова sine qua non набыцця жыццёвай спеласьці і мудрасці?
«Праз межы часу» — гэта «гібрыднае» выданне: зборнік уключае вершы на беларускай і расейскай мовах (цыклы «Нарачанскі сшытак», «Быць альбо не быць, «Вершаванкі», «ХХ век: семейный альбом», «Стихо-сложения»), празаічныя мініяцюры (цыкл «Шматкроп’і») і тры цыклы публіцыстычных па сутнасці нарысаў і эсэ. Усё гэта і абрысоўвае тыя часавыя межы, якія аўтару і журналісту з сям’і патомных журналістаў давялося адольваць і пакідаць за сабою — калі ў журбе, а калі ў радасці.
Віктар Казько, амаль аднагодак Сяргея Ваганава, напісаў пра сябра ва ўводным слове да кнігі «Праз межы часу»:
Ён пачаў публічную літаратурна-мастацкую творчасць, асабліва ў паэзіі і эсэістыцы, а другой палове жыцця. Позна? Але што лічыць нашым беларускім рана ці позна? Калі танчаць уваччу літаркі, калі рэжацца словам горла, калі іскра божая не падманная, як ні адбівайся, рана ці позна, ты прыгавораны ўсё ж здацца. Здацца таму, што ў табе і над табой. На маю думку, мы ўвогуле запознена былыя людзі з непраходнай жарсцю няздзейсьненай творчасці, з нашай адвечнай беларускай бядой — дзьвюхмоўем, так званым білінгвізмам, з нашым сумам страчанай матчынай мовы.
Усё, безумоўна, так. Калі ўжо здарылася бяда, якую называем «білінгвізмам», і пазбыцца яе ніяк немагчыма, то трэба скарыстаць яе так, каб яна магла прынесці нам хоць кароткатрывалую радасць з набытага, а не толькі зацяжны сум ад страчанага. Інакш кажучы, беларусу лепш час ад часу напісаць нешта вартае па-расейску, чым увесь час маўчаць па-беларуску.
Ян М.
Недзе на самым пачатку маёй працы мне даводзілі, што публіцыстыка – абавязковая пазіцыя журналіста. Па вялікім рахунку – прапаганда сваіх ідэй і думак. Іх абгрунтаванне. Тады як нарыс – гэты погляд збоку. І часам вельмі бесстаронні.
Менавіта так атрымліваецца ў Сяргея Ваганава. Ягоныя нарысы ў кнізе – гэта канцэнтрацыя інфармацыі, рэакцыя людзей на падзеі і тую інфармацыю. А сваіх ацэнак аўтар ставіць не імкнецца. Суха амаль. І супраць ашчаднасці пачуццяў аўтара – хвалі пачуцці ягоных герояў. Усіх усякіх – добрых, нядобрых, зычлівых, хцівых…
І ствараецца карцінка. Не пабаюся штампа – зрэз грамадства ў часе. Ці то гэта канфлікт, ды нават проста хуліганскі ўдар ветэрана ў чарзе па рыбу, ці забойства бабулі ўнукам, ці…
Сяргей Ваганаў разумее усю важнасць абставінаў і акаляючага асяродку нейкай дзеі, таму надае быццам дробязям саму пільную ўвагу. І тады за кожным сказам-штрыхом праступае жывая карціна нейкага года, месяца, дня.
Дзённікі розных часоў, уся дакументалістыка, якую мы, з лёгкасцю адмаўляючыся ад свайго, пачалі называць нон-фікшн, заўсёды мела і будзе мець надзвычай высокую цану ў грамадстве. Канешне тая, якая пішацца не для таго, каб дагадзіць нейкай прапагандысцкай ідэі. А таму, што пра тое нельга маўчаць. Ні тады было нельга, ні цяпер. Таму што гэта было праўдай і праўдай застаецца.
Мне асабіста вельмі блізкія старонкі кнігі Сяргея Ваганава – як-ніяк, і я некалі працаваў у рэдакцыі газеты. І ведаю, як глыбока можна занурыцца ў быццам бы звычайную падзею недзе ў вёсцы, як уздымаючы адзін пласт, бачыш другі і трэці, як разрастаецца ўшыркі, бы хвалі ад кінутага каменя, разбягаюцца прычыны і падставы… Жыццё, як яно ёсць. У якім “без прычыны і скула на срацы не ўскочыць”. А за гэтай скулай – мы сапраўдныя, нашы адчайныя спробы выжыць, “каб усё, як у людзей было”, і тады крывадушша – усяго бяскрыўдная хітрасць, а ісці па галовах – разумны і практычны шлях…
Часам баліць, часам сумна. Часам крыўдна.
Але чамусьці верыцца. У лепшае. Нейкі няўлоўны праменьчык надзеі слізгае ў сказах пісьменніка-публіцыста-паэта.
В. Г.