Памятаю, як з 3-гадовым Захарам у музеі Prado мы шукалі карціны з дзецьмі, коньмі і сабакамі 🐶 Так і паглядзелі Веласкеса і Гою 😎
📔 Гэтая кніга – адзін са спосабаў пагаварыць з дзецьмі пра мастацтва. Віталія Глаз спачатку прапануе чытачу казку-гісторыю і некалькі карцін, потым – некалькі адкрытых пытанняў. Напрыканцы ідзе біяграфічная даведка і партрэт мастака/мастачкі.
🌾 Важна тое, што ўсе творцы – нашы, на беларускіх землях народжаныя-ўзгадаваныя. Раздзелаў у кнізе 8, кожны прысвечаны адной асобе. Мне былі вядомыя 4 імёны, то бок палова. Праўда, я не вялікая знаўца мастацтва, таму, магчыма, ваш вынік будзе лепшым 😉
💛Што мне спадабалася? Я сапраўды даведалася пра новых для сябе мастакоў. Натхнілася і адчула радасць і гонар за сваё і сваіх. Некаторыя казкі – напраўду кранальныя. Напрыклад, гісторыя пра сясцёр Вясну, Восень, Зіму і Лета. Элемент інтэрактыўнасці – пытанні да чытача – таксама спадабаўся. Я звычайна і сама добра фармулюю пытанні дзецям на падмурку кнігі, але не ўсе такія. Таму цікавыя пытанні ад аўтаркі – прыемны бонус.
🎨 Чаго не хапіла? Мне было мала карцін. Хацелася, каб было паменей старонак і цэлых разваротаў выключна з тэкстам. На кнізе стаіць пазнака 6+, то я ўпэўненая, што такім чытачам таксама хацелася б паболей візуалу 🙂
👩🏼 Мне не хапіла жанчын! Толькі адна гісторыя прысвечана Алене Кіш.
🖨️ Не хапіла якасці друку і колераў (і вокладкі, і старонак, і рэпрадукцый). І калі карціны Станіслава Жукоўскага, ягоны шматаблічны снег, усё адно выглядаюць эфектна, то вясне і восені Бялыніцкага-Бірулі дакладна б не зашкодзіла паболей якасці.
🧶 Некаторыя казкі-гісторыі падаліся зацягнутымі. Напрыклад, пра буслоў і мастака Казіміра Альхімовіча. Тэкст – найдаўжэйшы з васьмі, а карціна ўсяго адна. Месцамі аповеду не хапала дынамічнасці, інтанацыя падавалася занадта лірычнай.
👤 Кнігу раю і дарослым, і дзецям, асабліва тым, хто любіць маляваць і цікавіцца мастацтвам. Бывае, дзеці ведаюць замежных творцаў, а сваіх – не, і падаецца, што ў нас нічога няма і не было. Было – і якое! Таму дзякуй аўтарцы за такую ідэю і рэалізацыю!
