Цікавасць да гэтай кнігі апраўданая. Па-першае, аўтар яе — дастаткова вядомая ў Беларусі. Па-другое, гэта не частае выданне кніжкі-перакрута: з аднаго боку адна гісторыя, з другога – другая. І трэцяе, то ці не пршая спроба ў дзіцячай літаратуры напісаць жахлівік. Ці жахік, як будзе правільна, можна паспрачацца, але апошняе слова застаецца за аўтарам, бо гэта яе дзіця.
Пачатак абодвух расповедаў аднолькавы — дзяўчынкі робяць сэлфі, а хлопчыкі з іх пакепліваюць, нагадваючы, што, маўляў, у тэлефона ніякай памяці не хопіць. Далей іх «сцежкі» разыходзяцца: хлопчыкі апынаюцца замкнёнымі ў гаражы, а дзяўчынкі разам з трохгадовай малечай — у далёкім пакоі хаты гаспадыні, якая, паводле іх домыслаў, насамрэч не звычайная жанчына, а чорная вядзьмарка, і задумала звесці са свету, атруціць школьніц! І гэта — толькі завязка. Пасля пачынае адбывацца нешта містычнае, незразумелае і непрадказальнае: тут табе і прывіды, і цмокі, і певень, які выседжвае яйка, і нібыта прыхадзень з космасу, і вялізны павук, што да пары да часу хаваецца за шафай… Падзеі нагнятаюцца, дзеці спрабуюць не паддацца страху, які, быццам нешта гіпнатычнае, паралізуе волю і здольнасць мысліць і аналізаваць: кожная спроба лагічна патлумачыць здарэнні заканчваецца чарговым выхадам на «сцэну» прадстаўнікоў «палтэргейсту» і перакананне ў прысутнасці касмічна-тагасветнага складніка толькі паглыбляецца…
Адметнасцю гісторый з’яўляецца поўная адсутнасць канфліктаў, але ж яны і неабавязковыя для твораў падобнага жанру (нагадваем: пад вокладкамі пазначана «жахліўчык», то-бок, хорар для маленькіх). Хіба можа ў найлепшых узорах класікі жанру героі, акрамя таго, што шукаюць выйсце з заваленых падзямелляў, замкнёных лабірынтаў ці дрымучых лясоў, мімаходзь яшчэ і вырашаюць маральна-этычныя пытанні, перавыхоўваюцца, выратоўваюць свет ці хаця б адно аднаго.
Зрэшты, ненапружлівае лёгкае чытанне кніжкі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой прызначана наўпрост для прыемнага баўлення часу пасля нялёгкіх тыдняў засваення школьных прадметаў. Але і з яе вынікае ўрок, карысны для жыцця: не варта пужацца таго, што на першы позірк падаецца незразумелым. Насамрэч страхі нашы ажыўляем мы самі.