Побач. Наста Кудасава

Кніга «Побач» — ілюстраваны збор вершаў. Ілюстрацыі Святланы Дземідовіч.

Некалькі дзён ужо думаю, як напісаць пра гэтую кнігу. Спрабую. Але яна на шмат галоў вышэй усяго таго, што ў мяне атрымліваецца напісаць.

📌 …ты пашый мне кашулю крылатую

з веры кропнай,

спагады мятнай

і пусці мяне ў рай абяздолены –

рай дзяцей, сабак і анёлаў.

 

✨ Гэта не проста паэтычны зборнік, гэта зборнік-альбом, са старонак якога на цябе ліецца прыгажосць і візуальная, і тэкставая. Балючая прыгажосць, кранальная, пяшчотная. Візуальныя вобразы Святланы Дземідовіч дакладна схопліваюць і перадаюць настрой паэзіі Насты Кудасавай.

🌿 Паэзія Насты – гэта россып прыродных вобразаў. Гэта дрэвы і ягады, гэта лес і дождж, гэта птушкі і рыбы, ільвы ды зайцы… І самотная чалавечая душа пасярод усяго гэтага.

📌 хто ў табе піша, самотная, хто ў табе піша?

гэта радкамі ў палях разбягаюцца мышы…

гэта на снезе бязлітасным лапамі зайца

вечная кніга вядзецца абзац за абзацам.

 

Наста Кудасава – гэта рыфмы. Прыгожыя, цікавыя, нечаканыя.

📌 вымарай мора, прашу, і прыйдзі марошкай,

дай заімшэць, дай аддацца зялёнай імшы!

што я магу – валацуга, дзіця, скамарошка?..

🎧 Пачаўшы чытаць зборнік, я амаль адразу пабачыла новы выпуск падкаста “Адкуль бяруцца кнігі” – з Настай. І паслухала на адным дыханні. Наста там лёгкая, вясёлая, са шпаркай, бадзёрай гаворкай. Зборнік нібыта зусім іншы, але яны з падкастам нейкім дзіўным чынам дапоўнілі адзін аднаго. Загучалі поліфанічна.

✉️ І на завяршэнне скажу, што знайшла ў зборніку некалькі вершаў, якія пісала людзям за краты, перапісваючы іх з фэйсбуку аўтаркі. Балюча.

kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ