Люблю я, калі ў беларускай літаратурнай прасторы з’яўляецца кніга, якая выклікае столькі дыскусій і спараджае мноства супрацьлеглых водгукаў. Людзі дзеляцца на два тыпы: першыя ад кнігі ў захапленні, другія шчыра не разумеюць, што тыя першыя ў кнізе знайшлі. Я схіляюся да першых, але добра разумею і другіх.
Адзін з галоўных герояў твора — агент беларускага КДБ капітан Павел Капейкін, які накіроўваецца ў Варшаву ў пошуках таямнічага паэта Цімура Хоміча. Цімур у гэтым творы грае ролю своеасаблівага “макгафіна”: усе яго хочуць знайсці, на гэтым пабудаваная фабула твора, але ж сутнасць пошукаў усё ж вялікага значэння не мае. Важны шлях, а не канцавы прыпынак (цягнік далей не ідзе, калі ласка, пакіньце вагон).
У Варшаве Капейкін трапляе ў беларускую культурную тусоўку, якая павінна навесці яго на шлях Хоміча, і тут пачынаецца карнавал асобаў, знаёмых абазнанаму ў сучбелліце чытачу. Сяргей Календа, Віталь Рыжкоў, Марыя Пушкіна, Андрусь Горват, Кірыл Стаселька… Гэтыя і многія іншыя літаратары, перакладчыкі, рэжысёры становяцца героямі кнігі. Менавіта такі аўтарскі прыём і адштурхнуў многіх чытачоў. Маўляў, я гэтых людзей не ведаю, як і навошта мне пра іх чытаць. Але хачу ўсіх супакоіць, што вам і не абавязкова іх ведаць, бо ў творы ад гэтых герояў збольшага толькі імёны.
Вядома ж, вам будзе цікавей, напрыклад, ад гэтага ўрыўка, калі вы ведаеце, хто такі Кірыл Стаселька. Тут абыгрываецца гісторыя, калі па промакодзе “Marginalis” (назва кнігі Стаселькі) можна было атрымаць бясплатную піцу пры заказе ў піцэрыі Папа Джонс:
Гэта надта цікавы персанаж, пачнём з таго, што ён першы дамовіўся з румачнай на Партызанскім, каб пры пакупцы трох беляшоў і бутэлькі гарэлкі дарылі ягоную кнігу прозы «Маргіналы», то-бок гэта было траплянне ў мэтавую аўдыторыю, нібы ў Домрачавай на алімпійскіх гульнях — дробным калібрам, але з запасным набоем. Што праўда, ад працоўнага не дачакаешся чытацкага водгуку на фэйсбуку, то вы пра акцыю не даведаліся, а ў нас увесь Трактарны гудзеў, як трансфарматарная будка ў навальніцу.
Але мяркую, што людзі зусім без беларускага літаратурнага бэкграўнду за гэтую кнігу наўрад ці возьмуцца. Таму збольшага імёны для вас мусяць быць з разраду “недзе чуў”.
Людзі ў цэлым для кнігі вельмі важныя. Нават больш важныя, чым пошукі Цімура ці іншыя падзеі, што адбываюцца на працягу кнігі. За ўсёй гэтай сатырычнасцю і гумарыстычнасцю кнігі хаваецца своеасаблівае даследаванне беларускай ідэнтычнасці. Таму месцам дзеяння абраная Варшава — папулярнае месца для эміграцыі беларусаў.
Сустракала прэтэнзію, што гумар у кнізе Адамовіча на ўзроўні Камедзі Клаб. Падобныя перадачы не гляджу, але кніга выклікала ў мяне шчыры смех. Ад маленькіх усхіхікванняў ад асобных цытат да сапраўднага рогату ад цэлых фрагментаў тэксту. Пакіну вам у канцы колькі прыкладаў для разагрэву.
Заканчваецца твор пазнакай “Канец першай кнігі”, і сам Адамовіч у інтэрв’ю “Еўрарадыё” адзначыў, што першая кніга была добрай, пра людзей, якіх ён любіць. А вось другая будзе супрацьлеглай. Буду вельмі чакаць. Бо для мяне гэтая кніга адназначна трапляе ў топ года.
Часам банан гэта проста банан
Зноў на небасхіле сучбелліту ўзышла новая кніга калі не году, то дзесяцігоддзя і імя ёй “Песня пра Цімура”. І зноў ад пафаснасці і прыдыхання некаторых рэцэнзій на гэты твор у мяне пачынае зводзіць сківіцы і вочы закатваюцца ў гару: чарговы шэдэўр, а калі ўжо што-небудзь нармальнае пачытаць можна будзе!
На шчасце ў Адамовіча атрымаўся тэкст трохі больш чытэльны, чым у сёлетняга фіналіста Гедройця. З першых радкоў манера аўтара ламаць чацьвёртую сцяну і звяртацца да чытача наўпрост нібы да сабутыльніка ў кафэ “Белачка” бярэ за жабры і не адпускае роўна да таго моманту пакуль Адамовіч раптам не абрывае гэтыя постмадэрныя гульні ў дыялог і не вяртаецца да звыклага апавядальнага стылю (час ад часу ён такі ўзгадвае, што не ўсё яшчэ сказаў чытачу-сабутыльніку, але такога напора як ў першай траціне кнігі больш не будзе).
Няроўнасць, як на мой погляд, і ёсць асноўная хіба кнігі. “Песня” выглядае як лапікавая коўдра сшытая з абрэзкаў тэкстаў рознага характару і вартасці. Гуллівыя перамігванні з чытачом змяняе вязкая як кісель плыня свядомасці, за якой ідзе бадзёры пераказ на новы лад старажытнага эпасу, які абрываецца дзёрзкім анекдотам з жыцця беларускай літаратурнай багемы. Прызнаюся, гэтымі анекдотамі мяне кніга і прывабіла першапачаткова: адзін крытык выклаў нізку гэтых анекдотаў у сябе ў фэйсбуку і пасля такога не купіць “Песню” было цяжка. Якое ж было маё расчараванне, калі пасля прачытання “Паэмы” я зразумеў, што Карпека (не буду юліць, гэта быў ён) выклаў лепшае, што было ў кнізе з гумару і больша там нічога раўназначнага няма (ну не лічыць жа гумарам апісанне бойкі паэта і кухаркі за “Казачны замак”).
Але што ёсць ў “Паэме” апроч аўтарскага гумару (я неяк паспяшаўся ў каментах назваць яго стэндапам, але цяпер бачу, што такое параўнанне не зусім правільнае)?
Па сутнасці мы маем літаратурны капуснік, бэкграўнд герояў каторага вядомы будзе далёка ня ўсім чытачам (а ці патрэбны ён, той бэкграўнд?), перамешаны з рэфлексіямі аўтара на надзённыя і вечныя тэмы на фоне каторых раскручываецца эпас паэта Цімура Хоміча.
Гульні сучаснай беларускай інтэлектуальнай прозы з старажытнымі сюжэтамі, будзь тое жыціе святой ці шумерскі эпас, гэта ўхвальна, асабліва калі даведваешся пра гэтыя гульні з рэцэнзій абазнаных крытыкаў, але чым яны канцэптульна адрозніваюцца ад гульняў з сюжэтамі маскульту, за каторыя тыя ж крытыкі ругаюць іншых аўтараў?
Таксама я ня бачу ў тэксце нейкага патаемнага глыбокага сэнсу, за які кнігу ўвазносяць на алімп белліту. Але вельмі добра ўяўляю, як гэты глыбокі сэнс можна пабачыць і для гэтага ня трэба пашыраць свядомасць тымі сродкамі, якімі гэта робяць персанажы кнігі: дастаткова ўявіць на месцы галоўнага героя – аўтара, а на месцы агромністага баявога зубрападобнага робата – смерць, і, вуаля, перад вамі глыбокая прытча пра непазбежнасць смерці, яе прадчуванне і безвыніковыя спробы ўцячы ад наканаванага. Да такім жа спосабам можна знайсці глыбокі сэнс і ў спісе інгрэдыентаў на пачаку пяльменяў!
Увогуле, калі я чую словы “аўтар насамрэч хацеў сказаць, але чытачы-ідыёты з нізкім інтэлектуальным узроўнем за хіханькамі-хаханькамі не пабачылі галоўнага!” мая рука цягнецца да пісталету. Можа гэта не чытачы не бачаць глыбіні, а крытык забыў затачыць брытву Акама? Бо часам банан гэта проста банан.
yozas_gubka.